Нядаўна адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій агучыла, што менш чым за паўгода ў ПВТ прыйшлі больш за 100 новых рэзідэнтаў. Такі рост звязваюць у першую чаргу з Дэкрэтам № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. А як гэты дэкрэт паўплываў на кадравую палітыку ІТ-кампаній? Ці можна казаць пра павелічэнне (змяненне) попыту на тых ці іншых спецыялістаў? Якія ІТ-спецыяльнасці будуць найбольш запатрабаваны ў найбліжэйшыя гады? Пра гэта нам расказала намеснік дырэктара Адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Наталля ЦЭЛАГУЗ.
— Безумоўна, дзякуючы дэкрэту, колькасць рэзідэнтаў ПВТ павялічылася і будзе павялічвацца. Зняцце абмежавання па дадатковых відах дзейнасці, зняцце забароны на манетызацыю, дазвол на новыя віды дзейнасці (зялёнае святло найперш прадуктовым ІТ-кампаніям) — усё гэта садзейнічала актыўнаму ўступленню ў парк усё новых і новых кампаній.
Пра моцную змену структуры попыту пакуль рана гаварыць (дэкрэту толькі 2,5 месяца), але павелічэнне попыту і яго змяненне, безумоўна, будзе — гэта справа часу.
Па прагнозах, сярэдні працэнт уцягнутых у ІТ-індустрыю ў 2035 годзе складзе каля 20% насельніцтва Зямлі. У Беларусі да гэтага года ўцягнутасць можа скласці да 55% працоўнага насельніцтва — такія лічбы, напрыклад, часта прыводзіць дырэктар BelHard Ігар Мамоненка.
— Адукацыйны цэнтр ПВТ адчуў на сабе дзеянне Дэкрэта № 8? Ці можна казаць пра павелічэнне попыту на ІТ-курсы? Ці ёсць змены ў структуры падрыхтоўкі кадраў?
— З пачатку года колькасць слухачоў нашых курсаў значна павялічылася. Мы не можам сцвярджаць, што гэта толькі дзякуючы дэкрэту. Але, вядома, ажыятаж, які з’явіўся вакол дакумента яшчэ восенню, адбіўся на наборах і павелічэнні попыту. Што да структуры падрыхтоўкі, то мы пастаянна працуем над праграмамі і ўносім змяненні, адсочваем патрэбы індустрыі і трэнды, запускаем новыя адукацыйныя прадукты. За апошні год мы запусцілі курс па актуальных PHP-фрэймворках, па распрацоўцы гульняў на C++, адаптуем праграму па мабільнай распрацоўцы пад Android — будзем уводзіць у курс тэмы па новай мове Kotlin, якая набірае папулярнасць, плануем хутка адкрыць курс па Data Science і інш.
— Хто вашы асноўныя слухачы — студэнты, людзі наогул без базавай адукацыі (з іншых галін), прафесіяналы, якія вывучаюць асобныя курсы? Ці ёсць сярод вашых слухачоў настаўнікі?
— Студэнтаў сярод нашых слухачоў няшмат (прыкладна 9%). Пераважна гэта спецыялісты розных прафесій, у тым ліку з тэхнічным бэкграўндам, якія жадаюць змяніць сферу дзейнасці. І частка нашых слухачоў (каля 11%) ужо занята ў ІТ. Асноўны ўзрост — 25—34 гады. Настаўнікі таксама прыходзяць да нас на курсы. Варта адзначыць, што гэта дысцыплінаваныя, адказныя і матываваныя слухачы. Не ўсе з іх даходзяць да канца, але сярод тых, хто паспяхова скончыў навучанне, ёсць некалькі гісторый поспеху.
— Узрост мае значэнне? Праўда, што ІТ — справа маладых?
— Так, на шчасце ці на жаль, але ўзрост у беларускай ІТ-сферы мае значэнне. Гэта вельмі маладая індустрыя — сярэдні ўзрост 27—28 гадоў. Апытанне рэзідэнтаў ПВТ у мінулым годзе паказала, што каля 70% ІТ-кампаній не гатовы разглядаць junior-спецыялістаў, старэйшых за 32 гады. Да нас прыходзяць людзі розных узростаў, але слухачам 35+ мы гаворым, што ўваход у ІТ будзе для іх відавочна больш складаным.
— Што з працаўладкаваннем? Ці шмат вашых выпускнікоў ідуць працаваць у кампаніі — рэзідэнты ПВТ?
— За 2017 год 462 нашых слухачы працаўладкаваны — і не толькі ў ПВТ, але і ў іншыя ІТ-кампаніі краіны, а таксама ІТ-падраздзяленні буйных гульцоў рэальнага сектара. Многа гэта ці мала? Штогод мы закрываем прыкладна 10% патрэбы рэзідэнтаў ПВТ у кадрах. Для параўнання: тэхнічныя ўніверсітэты ў мінулым годзе працаўладкавалі ў ІТ-кампаніі 1800 выпускнікоў. Мы ганарымся такой статыстыкай.
— Ваш адукацыйны цэнтр уваходзіць у структуру Парка высокіх тэхналогій і, натуральна, знаёмы з усімі трэндамі. Скажыце, якія прафесіі ў сферы ІТ, ці так: якія ІТ-кампетэнцыі будуць найбольш запатрабаваны ў найбліжэйшыя гады?
— Прагнозы — справа няўдзячная, асабліва ў ІТ-сферы, дзе ўсё імкліва мяняецца, па экспаненце. Прадказаць, якія ІТ-прафесіі будуць самымі запатрабаванымі праз некалькі гадоў, немагчыма. Так, ёсць пэўныя тэхналагічныя трэнды (гэта нават ужо не трэнды, а данасць) — усё, што звязана з AI (штучны інтэлект): машыннае навучанне, камп’ютарны зрок і г.д.; data science і ўсё, што звязана з вялікімі данымі; NLP — нейралінгвістычнае праграмаванне і інш. Гэтыя сферы — крос-дысцыплінарныя, таму лагічна выказаць здагадку, што з іх з’явяцца новыя прафесіі, дзе будуць запатрабаваны моцныя кампетэнцыі ў прыродазнаўчых навуках (матэматыка, фізіка і г.д.), computer science, інжынерыі і г.д. Але большасць будучых ІТ-прафесій зараз яшчэ не існуе — пра іх мы даведаемся гадоў праз 5–10. Што тычыцца кампетэнцый, то, акрамя hard skills, зараз важныя таксама soft skills. Ужо недастаткова ўмець пісаць зразумелы і чысты код. Уменне працаваць у камандзе, хутка вучыцца, выбіраць інструменты пад задачу, камунікатыўныя навыкі — усе гэтыя і іншыя гнуткія навыкі будуць неабходны для шматлікіх ІТ-спецыяльнасцей.
— Ваш прагноз для цяперашніх выпускнікоў школы: як часта і як шмат ім давядзецца давучвацца і перавучвацца на працягу жыцця, каб быць паспяховымі?
— Калі вы ўвайшлі ў ІТ ці плануеце пачаць кар’еру ў гэтай сферы, то трэба памятаць: вучыцца цяпер вы будзеце заўсёды. Ніводная сістэма адукацыі не здольна паспець за хуткасцю тэхналогій. Таму самаразвіццё і пастаяннае саманавучанне будуць вашымі сталымі спадарожнікамі. Поспех будзе на баку T-shaped people — спецыялістаў з глыбокай спецыялізацыяй у канкрэтным дамене і шырынёй ведаў у крос-функцыянальных галінах, ды і ў цэлым з вялікім кругаглядам.
Галіна СІДАРОВІЧ.