Пра дзівосны свет харэаграфii расказала кіраўнік узорнага ансамбля танца «Беларусачка» Ірына Багдановіч

- 12:04АРТ-квартал, Новости

Мастацтва танца — не толькі прыгажосць рухаў і дасканаласць ліній, але і свая філасофія. Аб дзівосным свеце харэаграфii карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала кіраўнік узорнага ансамбля танца “Беларусачка” Ірына Іванаўна Багдановіч.

Сёлета яе “Беларусачцы”, якая дзейнічае пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей i моладзi “Светач” Мінска, споўнілася 35 гадоў, а Ірыне Іванаўне было прысвоена званне “Выдатнік адукацыі”. Гэта “мама” некалькіх соцень маленькіх артыстаў, якiя танцуюць і выкладаюць у многіх краінах свету.

— Я вялікую ўвагу ўдзяляю таму, каб дзеці звязалі жыццё з танцам, вельмі люб­лю харэаграфію і, колькі хопіць сіл, столькі буду служыць гэтаму мастацтву, — рас­казвае Iрына Iванаўна. — Cама я скончыла вучылішча мастацтваў, а пасля — універсітэт культуры, вучылася ў вялікіх педагогаў. Маім настаўнікам быў Мікалай Рыгоравіч Дудчанка, я глядзела, як ён працуе, і хацела стаць, як ён. Мне здавалася, гэта даскана­ласць: ён заўсёды прыгожы, падцягнуты, з ідэальнай паставай.

І гэтаму ж на асабiстым прыкладзе Ірына Іванаўна вучыць дзяцей.

— У нас распрацавана сямігадовая праграма навучання — мы робім упор на беларускую харэаграфію, вывучаем народную харэаграфію іншых краін. Але пачынаем заўсёды з асноў класічнага танца. Калі цела не падрыхтавана, дзіця танцаваць не зможа. Класiка дапамагае сфармiра­ваць цела: паставіць рукі, выпра­стаць плечы, вывучыць пазіцыі, тэрміналогію. У нас пяцігадовыя дзеткі ведаюць, што такое батман тандзю. Таму што разуме­юць: тут сапраўдная школа, прыйшоў вучыцца — значыць, вучыся, — працягвае педагог. — Харэаграфія — гэта i велізарная праца, i выхаванне, i культура паводзін і знешняга выгляду. Мае вучнi ведаюць, што ў клас трэба прыйсці ахайнымі, што, выхо­дзячы з заняткаў, хлопчык заўсёды падае руку дзяўчынцы. І я бачу вынік: яны ніколі не дазволяць сабе дрэннага ў адносінах да дзяўчат. Кожны год мае выпускнікі паступаюць ва УВА на танцавальныя аддзяленні. І іх прымаюць, бо яны знаходзяцца ў вельмі падрыхтаваным стане як артысты. Калі была пандэмія, мы працягвалі вучобу. Працавалі ў масках. Было складана, але мы з бацькамі верылі, што ўсё скончыцца, а дзеці не павінны пра­пускаць у жыцці каштоўныя ўрокі.

Як гавораць дзеці пра свайго педагога, яна строгая, але справядлівая.

— Праца ў харэаграфіі жорсткая, трэба паўтарыць адзін рух і 30, і 50, і 1000 разоў. Я буду дабівацца правільнасці выканання, акуратнасці, дасканаласцi, бо на сцэне важная чысціня. І дзеля гэтай чысціні варта папрацаваць. Таму трэба змалку вучыцца глядзець у вялікае балетнае люстэрка і бачыць там сябе, — расказвае педагог. — Люстэрка ў балетнай зале, як і станок, — гэта аправа, у якой праходзіць жыццё танцора. Так я была навучана. Бачыла прыгажосць і правільнасць, і я не падвяла сваіх педагогаў.

Кожны дзень Ірына Іванаўна прыходзіць у залу за 40 мінут да заняткаў, пераабуваецца ў балеткі і чорныя ласiны, разаграваецца.

— Я вельмі строгая да сябе: чалавек, які займаецца з дзецьмі, павінен быць узорам. Я павінна пратанцаваць з імі танец у правільным тэмпе, павінна пака­заць, як працуе кожная мышца, каб дзецi цягнулiся да высокага ўзроўню, — разважае Ірына Іванаўна. — Я люблю танец, і гэтая любоў нязменная, выпеставаная, пранесеная праз гады. Таму я вельмі шчаслiвы чалавек — кожны мой дзень прысвечаны любімай справе. Гэта адначасова хобi i прафесiя, я танцую i перадаю сваю любоў дзецям, а яны бяруць яе i перадаюць далей — вось такi залаты ланцужок служэння музам.

Сёння ў скарбонцы ансамбля больш за 60 танцаў — амаль усё паставіла Ірына Іванаўна. Большасць — беларускія народныя танцы, але ёсць і танцы народаў свету.

— Напрыклад, мы выконваем азербай­джанскі танец яллы, якi знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА. Мой вучань Раман Хар­сека спецыяльна ездзіў у Азербай­джан і на працягу месяца вывучаў яллы пад кіраўніцтвам мясцовага балетмайстра. А пасля, з яго дазволу, навучыў нас. Ёсць у нашай скарбонцы вельмі прыгожы нацыянальны кітайскі танец “Вясёлка”. І яўрэйская сюіта “Траецкае прадмесце”, якая расказвае пра яўрэйскую культуру: у пастаноўцы задзейнічаны ўсе дзеці ансамбля. Гэта вельмі прыгожа, але не менш прыгожая беларуская харэаграфія. Танцы паказваюць, як жылі сем’і, як будавалі побыт, святкавалі, працавалі, жаніліся і выходзілі замуж. Кожны раз, як нам даво­дзіцца бываць на міжнародных конкурсах, нам гаво­раць: да чаго ж выдатныя беларускія танцы, ваша культура, вашы касцюмы.

Адзiн з выбiтных танцаў ансамбля — “Хатынь”. У Iрыны Iванаўны даўно было жаданне пакланіцца тым людзям i тым дзецям, якія жылi ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гэты танец — прысвячэнне загінуўшым дзецям. Яго танцуюць сямнаццацігадовыя выпускніцы з самымі маленькімі артыстамі ансамб­ля. Дзяўчаты раскрываюць вобраз маці, якія спрабуюць сярод жаху i агню выратаваць сваіх дзетак.

— Мы ведаем, што гісторыя Хатыні трагічная, але ў канцы я ўсё ж вывела да выратавання адну артыстку з хлопчыкам на руках — гэта нараджае асацыяцыю з помнiкам на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу, асацыяцыю з самой памяццю: мы жывыя, мы значныя, толькі пакуль нас памятаюць.

Вiталiна НЕСЦЯРОВIЧ
Фота з архіва Ірыны БАГДАНОВІЧ