Пра найбліжэйшыя планы і падтрымку маладых лідараў расказвае старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч

- 10:12Компетентно

У студзені бягучага года Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі адзначыў 105­-гадовы юбілей. Пра асноўныя напрамкі дзейнасці, найбліжэйшыя планы і перспектывы, а таксама пра асаблівасці падтрымкі маладых лідараў прафсаюзнага руху карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч.

Шлях да поспеху

— Таццяна Раманаўна, гаворачы пра наш прафсаюз, што вам адразу хочацца падкрэсліць у сувязі з юбілейнай датай?

— Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі за сваю больш чым стагадовую гісторыю прайшоў шлях ад невялікіх ініцыятыўных груп да магутнай структуры, якая аб’ядноўвае сотні тысяч педагогаў, навукоўцаў і спецыялістаў сферы адукацыі. Сёння Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі застаецца надзейным абаронцам правоў педагогаў, актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі і навукі, а таксама садзейнічае сацыяльнай абароне і прафесійнаму росту сваіх членаў.

Галіновы прафсаюз аб’ядноўвае 6 абласных і Мінскую гарадскую арганізацыі, галіновую прафсаюзную арганізацыю работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 131 раённую і 8 гарадскіх арганізацый, а таксама 6721 пярвічную прафсаюзную арганізацыю. У яго шэрагах — больш за 550 000 членаў: педагогі школ, выкладчыкі УВА, навуковыя супрацоўнікі, работнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі і іншых арганізацый сістэмы адукацыі і навукі.

Прафсаюз дзейсна далучаецца да распрацоўкі і ўдасканалення Працоўнага кодэкса і нарматыўных прававых актаў у галіне адукацыі, дамагаючыся павелічэння заработнай платы педагагічных работнікаў, увядзення дадатковых выплат і кампенсацый, а таксама паляпшэння ўмоў працы. Хачу таксама адзначыць, што галіновы прафсаюз садзейнічае прафесійнаму росту сваіх членаў, арганізуючы іх навучанне, накіроўваючы на курсы павышэння кваліфікацыі і праграмы перападрыхтоўкі, а таксама стварае платформы для абмену вопытам.

Акрамя гэтага, прафсаюз аказвае юрыдычную і матэрыяльную падтрымку педагогам, асабліва ў складаных жыццёвых сітуацыях, арганізуе для іх санаторна-курортнае лячэнне, культурна-масавыя і турыстычна-экскурсійныя мерапрыемствы. Мы актыўна ўдзельнічаем у міжнародных прафсаюзных форумах, абменьваемся вопытам з калегамі з іншых краін і абараняем інтарэсы айчынных педагогаў на глабальным узроўні, укараняем сучасныя лічбавыя інструменты для ўзаемадзеяння з людзьмі, у тым ліку чат-бот.

Драйвер інавацый

— Наш прафсаюз не толькі адзін з найбуйнейшых галіновых у Рэспубліцы Беларусь, але і самы малады. Як наладжана работа з маладымі лідарамі?

— Уявіце сабе: 35,4 працэнта работнікаў сістэмы адукацыі і навукі ва ўзросце да 31 года з’яўляюцца членамі нашага прафсаюза! Маладое пакаленне — гэта драйвер інавацый, рухаючая сіла прагрэсу, будучыя лідары краіны. Рэалізаваць іх патэнцыял і натхніць на новыя дасягненні магчыма пры стварэнні ўмоў, якія бу­дуць садзейнічаць іх прафесійнаму росту, развіццю ініцыятыўнасці. Мы добра разу­меем, што наша задача не толькі ў тым, каб абараняць правы і інтарэсы работнікаў, але і ў тым, каб ствараць платформы для рэалізацыі ініцыятыў, у тым ліку і маладзёжных. У нас маладыя спецыялісты знаходзяць падтрымку, магчымасці для абмену вопытам і ўвасаблення ў жыццё сваіх ідэй. Моладзь зацікаўлена ў вырашэнні любых задач і гатова да іх рэалізацыі.

Маладыя лідары маюць магчы­масць сустракацца з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнікамі Міністэрства адукацыі і іншых ведамстваў, медыйнымі асобамі. Правядзенне трох рэспубліканскіх форумаў “Прафсаюз на 360°” — яскравае пацвярджэнне гэтага.

Для практычнай рэалізацыі мала­дзёжнай палітыкі, далучэння моладзі да актыўнай прафсаюзнай дзейнасці, а таксама для вывучэння і распаўсюджвання вопыту работы з моладдзю створаны і актыўна дзейнічае Маладзёжны савет. Мы ганарымся, што ініцыіраваны ім чатыры гады назад велапрабег “Дарогамі памяці” за час існавання вырас у маштабах, да яго далучаюцца тысячы прафактывістаў і сёння ён праходзіць ужо ў фармаце марафону, які прымаюць усе рэгіёны нашай краіны.

У знакавы год не толькі для Рэспублікі Беларусь, але і ўсёй постсавецкай прасторы — год 80-годдзя Вялікай Перамогі — Маладзёжны савет ініцыіраваў акцыю “1418 крокаў да Перамогі”. Роўна столькі дзён нашы дзяды і прадзеды абаранялі зямлю ад фашысцкай навалы. У пачатку мая мінулага года больш за 600 прафактывістаў сабраліся ў Мінску, каб у памяць аб героях прайсці сімвалічныя 1418 крокаў ад Палаца культуры прафсаюзаў да плошчы Перамогі. Падобныя акцыі адбыліся ў кожным абласным цэнтры краіны і Брэсцкай крэпасці.

Асаблівую ўвагу галіновы прафсаюз удзя­ляе рабоце з маладымі сем’ямі. Хачу нагадаць, што роўна год назад прайшоў рэспубліканскі конкурс сярод маладых сем’яў “Я — прафсаюзная сям’я”, фіналістамі якога сталі 8 сем’яў, дзе бацькі — педагогі. Пераможцай прызнана сям’я Улада і Валерыі Макарэвіч з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

— І наш прафсаюз падтрымлівае маладую змену не толькі на словах…

— Канечне. На працягу многіх гадоў актывісты прафсаюза з ліку навучэнцаў становяцца лаўрэатамі стыпендыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Гэтая стыпендыя прызначаецца штогод і выплачваецца кожны месяц. Пагадзіцеся, добрая дапамога навучэнскай моладзі. Так, у бягучым навучальным годзе 27 нашых прафсаюзных актывістаў атрымліваюць такую стыпендыю. З 2020 года яе выплацілі 126 чалавекам.

Акрамя стыпендыі ФПБ, сертыфікатамі прафсаюза штогод узнагароджваюцца самыя яркія прафсаюзныя лідары. За пяць гадоў такую выплату атрымалі 242 прафсаюзныя актывісты навучальных устаноў краіны.

Дарэчы, нашы актывісты сёння займа­юць высокія пасады як у грамадскіх арганізацыях, так і ў дзяржаўных структурах. Былы старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі (ППА) студэнтаў БДПУ Вадзім Мікалаевіч Грачоў цяпер намеснік старшыні ФПБ. Колішні старшыня ППА студэнтаў БДУІР Аляксандр Уладзіміравіч Шчаковіч — кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Мінска. Былы старшыня ППА работнікаў БРУ Юрый Віктаравіч Машын — рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, а прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Андрэй Уладзіміравіч Казанскі быў у сваёй установе адукацыі старшынёй пярвічкі. У мінулым актывістка стыпендыят ФПБ Настасся Аляксандраўна Шайпак зараз з’яўляецца старшынёй ППА студэнтаў БДУІР і старшынёй Маладзёжнага савета.

Прафсаюз заўсёды быў і будзе надзейнай апорай для сваіх лідараў і дзяржавы, выдатнай школай жыцця.

З крэатыўным падыходам

— Упэўнена, што прафсаюз не спыняецца на дасягнутым, шукае новыя формы работы з моладдзю. Раскажыце пра іх, калі ласка.

— Мы добра памятаем падзеі пяцігадовай даўнасці, пасля якіх пра моладзь загаварылі як аб пратэснай масе. Таму сёння прафсаюзныя органы закліканы фарміраваць прававую і палітычную культуру маладых людзей, у тым ліку ўсвядомленае, адказнае стаўленне да будучыні краіны на аснове гістарычнай памяці, традыцый беларускага народа. Прафсаюз, як я ўжо адзначала, садзейнічае рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, развівае арганізатарскія і лідарскія якасці прафсаюзнага актыву, дае магчымасць маладому пакаленню для самарэалізацыі. У перыяд правядзення мінулагодняй электаральнай кампаніі прафсаюз не заставаўся ўбаку. Педагогі, у тым ліку прафсаюзная моладзь, з’яўляліся членамі выбарчых камісій усіх узроўняў, а таксама назіральнікамі за ходам галасавання. У Telegram-канале нашай арганізацыі з’явілася рубрыка “Голас прафсаюза”, дзе размяшчалася самая актуальная інфармацыя аб ходзе і важнасці выбарчай кампаніі Рэспублікі Беларусь.

Усё больш набірае папулярнасць конкурс на лепшы маладзёжны праект сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый устаноў адукацыі. У 2025 го­дзе пераможцамі конкурсу сталі 10 праектаў. Прафсаюз выдзяляе фінансавыя сродкі (у памеры да 10 тысяч беларускіх рублёў на кожны) на рэалізацыю лепшых з іх. За апошнія некалькі гадоў ужо рэалізавана больш за 20 такіх праектаў. Назаву самыя яркія: маладзёжны праект “Лабараторыя космасу” сярэдняй школы № 1 Баранавіч, “Лакацыя для інфармацыйнай работы, зносін і адпачынку “Прафсаюзны куток” Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, студэнцкая зона “Разрадка” Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога, памятны знак у гонар подзвігу педагогаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны сярэдняй школы № 1 Жодзіна і іншыя.

Нашы праекты працягваюць развівацца і маштабавацца. У студзені 2025 года ўпершыню ў гісторыі прафсаюзнага руху 2 праекты атрымалі грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з фінансаваннем на іх рэалізацыю. Гэта “Ваенна-гістарычны клуб “Доблесць” Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна, а таксама праект “На сувязі: кішэнны памочнік маладым спецыялістам”. На 2026 год грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферы маладзёжнай палітыкі назначаны Андрэю Канстанцінавічу Любасу на распрацоўку і ўкараненне праекта “Хімічная лабараторыя тэхнапарка роўных магчымасцей сярэдняй школы № 1 Баранавіч імя С.І.Грыцаўца”.

Прафсаюзная моладзь актыўна далучаецца да міжнародных мерапрыемстваў і праектаў. Так, прафсаюзныя актывісты ў складзе беларускай дэлегацыі прынялі ўдзел у Сусветным фестывалі моладзі ў Сочы, міжнародным прафсаюзным форуме “Матываваць. Рухацца. Развівацца” ў Баку, пасяджэннях з’ездаў Еўразійскай асацыяцыі прафсаюзных арганізацый універсітэтаў у Маскве, Валгаградзе і Бішкеку, злёце-фестывалі маладзёжных патрыятычных аб’яднанняў Саюзнай дзяржавы ў Пскове і інш.

26 студзеня 2026 года Маладзёжны савет прафсаюза правядзе акцыю для навучэнскай і студэнцкай моладзі на “Чыжоўка-Арэне” “105 гадоў РАЗАМ”.

Наогул сучасная моладзь — гэта дынамічная, тэхналагічна падкаваная і сацыяльна актыўная група, якая валодае ўнікальным стылем камунікацыі і каштоўнасцямі. Укараненне новых падыходаў патрабуе інтэграцыі крэатыўных ідэй, пастаяннага вывучэння пераваг моладзі і актыўнага дыялогу з ёй. Толькі так мы зможам стаць той аб’яднальнай сілай, якая дазволіць выкарыстоўваць энергію, наватарства і ініцыятыву маладосці для вырашэння агульных праблем.

Сіла супрацоўніцтва

— Таццяна Раманаўна, якія планы ў галіновага прафсаюза ў юбілейны год?

— Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі афіцыйна адзначыў 105-годдзе 11 студзеня 2026 года. Аднак святочныя мерапрыемствы запланаваны на ўвесь год. Напярэдадні быў праведзены конкурс па распрацоўцы эмблемы да 105-годдзя прафсаюза. Лагатып стане афіцыйным сімвалам святочных мерапрыемстваў на працягу ўсяго 2026-га.

Нягледзячы на юбілей, мы працягваем штодзённую работу па абароне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза, вядзём грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, галіновых пагадненняў, за прымяненнем кантрактнай формы найму, гарантый маладым спецыялістам, узроўнем заработнай платы і іншымі актуальнымі пытаннямі як для канкрэтных работнікаў і арганізацый, так і ў цэлым для галіны.

А вось план юбілейных мерапрыемстваў уключае творчыя конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, урачыстыя сходы і ўдзел у агульнарэспубліканскіх акцыях. Гэта будуць як традыцыйныя мерапрыемствы, напрыклад, конкурс “Прафсаюзны лідар”, рэспубліканская спартакіяда, ганараванне выпускнікоў з ліку прафсаюзных актывістаў, рэспубліканская медыяпрэмія “Прафсаюз на 360°”, так і новыя: рэспубліканскі агляд-конкурс “Сіла супрацоўніц­тва: лідары сацыяльнага партнёрства”, фотаконкурс “Падарожжа ў часе: сям’я ў руху”, анлайн-марафон “105 гадоў з людзьмі і для людзей!”. Плануем запусціць інфармацыйна-асветніцкі праект “Прафсаюз заўсёды з вамі”, правядзём закладку капсулы з пасланнем будучым пакаленням прафсаюзных лідараў.

Вясной маладзёжны актыў прафсаюза пасадзіць лес на тэрыторыі Негарэльскага вучэбна-доследнага лясгаса, які з’яўляецца філіялам Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Паколькі 2026-ы аб’яўлены ў Беларусі Годам беларускай жанчыны, многія прафсаюзныя мерапрыемствы будуць арыентаваны на падтрымку і ўшаноўванне жанчын-педагогаў, якія складаюць большасць членаў нашай арганізацыі. А пачалі мы гэты юбілейны год з удзелу ў рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”. Прафсаюзныя актывісты, педагогі і студэнты наведваюць ветэранаў педагагічнай працы, адзінокіх пажылых людзей і доўгажыхароў. Сустрэчы суправаджаюцца ўручэннем падарункаў, прысмакаў і паштовак. Акцыя накіравана на ўмацаванне сувязей паміж моладдзю (студэнтамі, маладымі педагогамі) і старэйшым пакаленнем работнікаў галіны, перадачу вопыту і выказванне ўдзячнасці за шматгадовую працу.

Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі — гэта не толькі гісторыя, але і сучасная сіла, якая працягвае абараняць, падтрымліваць і натхняць тых, хто кожны дзень укладвае сілы ў будучыню краіны.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і прадастаўлена галіновым прафсаюзам