У скарбонцы дасягненняў інклюзіўнага тэатра «Свежы вецер» Столінскага раённага ЦКРНіР больш за сотню грамат, дыпломаў, падзячных лістоў. Пра магчымасці, якія дае арт-тэрапія для асаблівых навучэнцаў, даведалася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Інклюзіўны тэатр быў створаны ў 2008 г. пад кіраўніцтвам дырэктара Столінскага раённага ЦКРНіР Іны Шаламіцкай.
— У тэатральны калектыў уваходзяць навучэнцы цэнтра і з агульнаадукацыйных школ раёна, як правіла, гэта іх родныя браты і сёстры, а таксама педагогі і бацькі, — адзначае І. Шаламіцкая. — Спектаклі ставім сваімі сіламі, пішам сцэнарыі, распрацоўваем касцюмы, займаемся рэжысурай. У самым пачатку пастаноўкі былі вельмі простыя, доўжыліся па некалькі мінут. Паступова развівалі свае навыкі, назапашвалі веды, вучыліся рэжысуры «асаблівых» тэатраў на майстар-класах, канферэнцыях, праектах па акцёрскім майстэрстве. Наведвалі розныя краіны, дзе пераймалі вопыт, сустракалі новых сяброў. Сёння 8 педагогаў цэнтра маюць сертыфікаты, якія дазваляюць ім навучаць дзяцей з інваліднасцю тэатральнаму мастацтву. Паступова ад простых форм мы перайшлі да спектакляў, тэатральных эцюдаў, тэатралізаваных танцаў.
Настаўніца класа ЦКРНіР Юлія Бабіч і выхавальніца дашкольнай адукацыі Вольга Кісялеўская некалькі гадоў назад на рэспубліканскім конкурсе «Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі» абаранілі адукацыйны праект «Тэатральныя арт-тэхналогіі як сродак сацыялізацыі навучэнцаў старэйшага школьнага ўзросту з цяжкімі, множнымі фізічнымі і (або) псіхічнымі парушэннямі». У выніку карэкцыйны цэнтр быў узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені. Ю. Бабіч мае Падзяку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь за творчую работу і ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення.
Юлія Уладзіміраўна працуе і як педагог дадатковай адукацыі пры Столінскім раённым цэнтры дзіцячай творчасці. Яна кіруе інклюзіўным тэатральным калектывам «Свежы вецер», заняткі якога праходзяць на базе ЦКРНіР.
— Тэатралізаваная дзейнасць — адзін з элементаў арт-тэрапіі, эфектыўны сродак для сацыяльнай адаптацыі дзяцей, развіцця ў іх камунікатыўных навыкаў, эмацыянальнай сферы, — адзначае педагог. — Каб рэалізаваць тэатральны праект, нам спатрэбілася матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне, у тым ліку вучэбна-наглядныя дапаможнікі, дыдактычныя гульні, цацкі, лялечны і пальчыкавы тэатры, касцюмы, дэкарацыі, добрая акустычная сістэма і інш. З музычным афармленнем дапамагае Столінскі гарадскі дом культуры.
Першы інклюзіўны спектакль тэатра «Свежы вецер» пад назвай «Русалачка» быў пастаўлены ў 2008 г. і паказаны на фестывалі «Непратаптаны шлях» у Брэсце. Тэма фестывалю — «Водны свет». У рэпертуары былі таксама спектаклі па матывах казак «Залатая рыбка», «Каша з сякеры» і іншыя. Прайшоўшы навучанне на розных майстар-класах, трэнінгах, прыняўшы ўдзел у фестывалях, пачалі рабіць пастаноўкі, у аснове якіх з’явіліся пластычныя і рытмічныя эцюды. Так нарадзіліся «Адысея» і «Адраджэнне». За больш чым 15 гадоў калектыў пабываўна сцэнах многіх гарадоў нашай краіны і за яе межамі, прымаў удзел у розных праектах.
— Асабліва хочацца адзначыць спектакль «Афрыкан-Сторы», з якім мы выступалі на фестывалях у краінах СНД і за мяжой. Ён прынёс дыпломы І ступені і гран-пры, — гаворыць Ю. Бабіч. — Пастаноўка філасофская, у ёй паказваецца, як зараджалася прырода, жывёльны свет, з’яўляліся плямёны. Сярод апошніх спектакляў — унікальная пантаміма патрыятычнага зместу «Легенда пра бусла». Навучэнцы цэнтра, як правіла, не гавораць, іх спосабам камунікацыі з навакольным светам з’яўляецца міміка, жэсты, пластыка. Таму важнае значэнне мае правільна падабраная да пастаноўкі музыка.
Доўжацца спектаклі максімум 10—15 мінут. На падрыхтоўку і рэпетыцыю кожнага, з улікам цяжкіх множных парушэнняў у дзяцей, можа пайсці цэлы год. Першыя рэпетыцыі пачынаюцца ў ЦКРНіР і паступова пераносяцца ў Дом культуры на вялікую сцэну. Асаблівы акцёр павінен да аўтаматызму давесці свае рухі, выхад на сцэну і за кулісы, паклоны, умець мяняць вобраз, каб стваралася пэўная сюжэтная карціна. Напрыклад, усе вучацца паказваць хвалю, затым шум мора, кропелькі дажджу і г. д. На сцэне дзеці з АПФР знаходзяцца ў суправаджэнні педагогаў, якія своечасова рэагуюць на настрой і стан кожнага, карэкціруюць іх дзеянні, накіроўваючы ў патрэбнае рэчышча.
Выпускнікі Столінскага ЦКРНіР, якія пераходзяць у раённы ТЦСАН пасля таго, як ім споўніцца 18 гадоў, ужо там праяўляюць артыстычныя здольнасці ў тэатральным калектыве «Калейдаскоп».
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара