Напярэдадні Дня Перамогі журналісты “Настаўніцкай газеты” расказвалі пра рэчы ваеннага часу, якія дасталіся ў спадчыну педагогам ад іх продкаў, былых франтавікоў, партызан. Сёння азнаёмім з прадметамі, якія сведчаць пра мірнае пасляваеннае развіццё краіны. Гэтыя рэліквіі беражліва захоўваюцца ў настаўніцкіх сем’ях.
Культурная каштоўнасць
У педагога Сяўкоўскай базавай школы Лоеўскага раёна Мікалая Глушанкі захоўваюцца льняныя ручнікі з вышыўкай, абрусы, посцілкі. Гэтыя прадметы сталі важнай часткай культурнай спадчыны.
Мікалай Максімавіч выкладае ў сельскай школе чарчэнне, грамадазнаўства, працоўнае навучанне, гісторыю. Ён з задавальненнем расказаў, што ў сям’і знаходзіцца сапраўдная жамчужына народнай творчасці — вышытыя ручнікі і посцілкі, у тым ліку зробленыя на ткацкім станку. Гэтыя ўнікальныя вырабы перадаюць не толькі цеплыню рук майстрых, але і памяць аб традыцыях, сямейных каштоўнасцях і гісторыі.
Суразмоўнік адзначае, што прадметы з вышыўкай належалі яго бабулі, а таксама бабулі яго жонкі Еўдакіі Ціханаўны. Асаблівай каштоўнасцю з’яўляецца ручнік, вышыты крыжыкам. Гэта сапраўдны рарытэт, выкананы ў традыцыйных колерах — белым, чырвоным і чорным.

— Такія ручнікі прызначаліся для абразоў, посцілкамі засцілалі ложак. Захавалася белая прасціна, вінтажная, вышытая гладдзю, — паказвае Мікалай Максімавіч. — На адным з ручнікоў трымалі каравай на вяселлі сына Уладзіміра і яго жонкі Вольгі.
У сям’і педагога да ручнікоў ставяцца як да сімвала шчаслівага сямейнага жыцця. Традыцыйна ручнікі, асабліва тыя, што слалі пад ногі маладым ці пад каравай, захоўваюцца ўсё жыццё. Яны могуць выкарыстоўвацца для ўпрыгожвання інтэр’ера, напрыклад, абразоў, або падчас гадавіны вяселля, каб узнавіць у памяці моманты важнай падзеі. Акрамя таго, ручнікі часта перадаюцца ў спадчыну як сімвал дабрабыту і шчасця ў шлюбе.
Дарэчы, вышыўка гладдзю як элемент упрыгажэння з’явілася яшчэ ў старадаўнія часы. Такім спосабам жанчыны і дзяўчаты стваралі ўнікальныя ўзоры і арнаменты, робячы сваё адзенне, абрусы, хусткі не падобнымі на іншыя. Асвоіўшы гэтую тэхніку, можна ствараць сапраўдыя шэдэўры з разнастайнасцю колераў і тонкім колеравым пераходам. У сучаснай модзе вышыўка займае шырокую нішу, але часцей за ўсё брэндавыя вырабы з дэкорам гладдзю каштуюць вялікіх грошай.
Як успамінае педагог, ручнікі выкарыстоўваліся на розных важных сямейных абрадах, такіх як вяселле і іншыя ўрачыстасці, а таксама служылі ўпрыгажэннем дома і сімвалам утульнасці.
Гэтыя вырабы акуратна складзены ў шафе, яны чакаюць свайго часу, каб зноў стаць часткай святочных падзей. Такія рэліквіі нагадваюць нам пра важнасць захавання нацыянальнай спадчыны і перадачы яе будучым пакаленням.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара
Выхоўваць патрыётаў і гуманістаў
Такую задачу ставіць перад сабой нашчадак георгіеўскага кавалера і Героя Савецкага Саюза педагог у чацвёртым пакаленні Канстанцін Гайдукоў з Даўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.
На адным старым фотаздымку, які захоўваецца ў архіве настаўніка, — шчаслівая сямейная пара. На другім — прыгожая жанчына крыху больш сталага ўзросту. Малады камандзір Чырвонай Арміі Пётр Даўбешкін і настаўніца Вера Сопатава пажаніліся незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Ён, дарэчы, у юнацтве таксама марыў стаць настаўнікам, як і старэйшы брат Аляксандр, але лёс распарадзіўся інакш. Калі ў Полацку Пётр прыходзіў да жонкі ў школу, то да яго адразу збягаліся дзеці з просьбамі дапамагчы справіцца з заданнямі па матэматыцы — і невыпадкова, бо тлумачыць любімы прадмет той умеў вельмі добра. Перад самай вайной Пятра Даўбешкіна перавялі на службу ў Прыбалтыку. З Каўнаса ён паспеў адправіць цяжарную жонку ў эвакуацыю на цягніку, а сам застаўся змагацца з ворагам. Быў у акружэнні, вырваўся з яго з групай байцоў і да сваіх выйшаў толькі пад Ржэвам. Ваяваў, пад Масквой быў цяжка паранены, доўга ляжаў у шпіталі. Урачы напрамую гаварылі, што збіраюцца яго камісаваць. Аднак тут Пятра нарэшце знайшоў жончын ліст, дзе каханая паведаміла: трапіла пад бамбёжку і страціла дзіця.

Гэта стала паваротным момантам. Нейкім дзівам Пётр Даўбешкін угаварыў медыкаў закрыць вочы на праблемы са здароўем і адпусціць на перадавую, з пачатку 1943 года ён ужо камандаваў мінамётным дывізіёнам у званні гвардыі капітана. Летам быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Свой апошні подзвіг воін-вызваліцель здзейсніў у бітве за Дняпроўскі плацдарм на мяжы Палтаўскай і Кіеўскай абласцей. Пасмяротна за праяўленую мужнасць і гераізм яго прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза. Аднак пасля вайны дакументы згубіліся на доўгі час. Маці героя Ганна Дзяменцьеўна памерла ў 1961 годзе, яна не паспела даведацца пра лёс, месца пахавання і найвышэйшую воінскую ўзнагароду сына. Па прыкрым супадзенні скупыя звесткі пра гэта паступілі з ваенкамата амаль тады ж, у 60-я гады мінулага стагоддзя.
Вера Фёдараўна працягнула педагагічны шлях, стала заслужанай настаўніцай БССР і была ўзнагароджана медалём “За працоўную доблесць”. Да выхаду на пенсію працавала інспектарам абласнога аддзела народнай адукацыі ў Віцебску.
— Пётр Даўбешкін і яго жонка Вера — прадстаўнікі, напэўна, першага пакалення нашай педагагічнай дынастыі, — расказаў Канстанцін Гайдукоў.
Згаданага старэйшага брата героя Аляксандра перад вайной ужо прызвалі ў армію. З 1941 года ён у званні старшага лейтэнанта лічыцца прапаўшым без вестак. Яго жонка не вярнулася з партызан — акрамя фота, практычна ніякай інфармацыі пра іх не захавалася. Дарэчы, у Пятра Лук’янавіча было яшчэ двое братоў. Міхаіл Даўбешкін прайшоў ваенны шлях ад Сталінграда да Берліна. У яго была рэдкая вайсковая спецыяльнасць каліброўшчыка: у прадстаўленні на ўзнагароджанне ордэнам Чырвонай Зоркі гаворыцца, што ён праверыў некалькі соцень тысяч трафейных снарадаў. Пасля вайны Міхаіл стаў настаўнікам геаграфіі і біялогіі. І ажаніўся з настаўніцай, а дачка ў іх музычны педагог. Тая галінка сям’і прыжылася ў Смаргоні. Малодшы з братоў не педагог, затое настаўніцай была яго жонка.
У другім і трэцім пакаленнях вялікай дынастыі зноў жа нямала настаўнікаў. Ёсць педагогі-вучоныя, выкладчыкі ВНУ. А яшчэ цэлае сузор’е выдатных прафесіяналаў розных галін, у тым ліку людзі дастаткова рэдкіх прафесій — напрыклад, лётчык-выпрабавальнік і галоўны метэаролаг Камчаткі. Канстанцін Пятровіч амаль 20 гадоў дастойна працягвае педагагічную справу прадзедаў у сельскай школе.
— Між іншым па адной з даўніх сямейных ліній мы патомныя ганчары і воднікі — Радзюкі і Бабаеды, — паглыбляецца ў радавод мой суразмоўнік. — Сам я хацеў стаць настаўнікам замежнай мовы, здзейсніў гэта, і мне падабаецца мая прафесія. Толькі, напэўна, генетыка сказваецца. Таму што не проста вельмі люблю гісторыю і краязнаўства — мяне прывабліваюць канкрэтныя напрамкі. Напрыклад, збіраю звесткі пра ваенных лётчыкаў — ураджэнцаў Віцебшчыны, пра георгіеўскіх кавалераў дарэвалюцыйных часоў.
Калі ты адначасова выкладаеш нямецкую мову і вядзеш гуртковыя заняткі па краязнаўстве, гісторыі — тут адметная спецыфіка ў падыходах. У аб’яднанні па інтарэсах мы даследуем народнае змаганне з нямецка-фашысцкімі акупантамі, жудасныя зверствы фашыстаў, генацыд беларускага народа. А на ўроках сярод маіх задач — захапіць творчасцю Гётэ, Шылера і Гейнэ — апошні з названых паэтаў мне найбольш падабаецца. Хаця і пра Вялікую Айчынную вайну, зразумела, гаворым. Калі вучань знаходзіць баланс, бачыць і ацэньвае рэальныя факты без клішэ і шаблонаў, стараецца прытрымлівацца гістарычнай праўды і чалавечнасці, тады, па-мойму, у ім расце сапраўдны грамадзянін, патрыёт і гуманіст.
Цяпер са школьнікамі ўзяліся за пошук, удакладненне і сістэматызацыю інфармацыі пра землякоў, якія прайшлі франты Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, і ўраджэнцаў раёна — Герояў Савецкага Саюза.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара
…І медаль “За працоўную доблесць”
Дзяржаўныя ўзнагароды, граматы, фотаздымкі прынеслі на сустрэчу з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” прадстаўнікі педагагічнай дынастыі Талпекаў з Салігорска.
Пра кожны прадмет настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Таццяна Аляксандраўна і яе мама настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 6 Людміла Іванаўна расказвалі з любоўю і цеплынёй. Таму на класічнае журналісцкае пытанне “Якая рэч для вас найбольш дарагая?” яны задуменна ўсміхнуліся.

— Складана сказаць. Для мяне аднолькава каштоўныя і значок выдатніка асветы СССР дзядулі Мікалая Іосіфавіча Талпекі, і медаль “За працоўную доблесць” маёй бабулі настаўніцы хіміі Пелагеі Кузьмінічны Мацвяюк, і фотаздымак, на якім я, 9-гадовая дзяўчынка, стаю разам з татам падчас яго геаграфічнай экспедыцыі ў Краснадарскім краі, — паведаміла Таццяна Аляксандраўна.
За кожнай рэліквіяй — асобныя вехі, адметныя моманты жыцця іх былых уладальнікаў. Узяць для прыкладу здымак 1947 года, на якім выпускнік геафака БДУ Мікалай Талпека побач з аднагрупнікамі і выкладчыкамі. Унікальным з’яўляецца склад удзельнікаў — на фота можна ўбачыць цэлую плеяду карыфеяў айчыннай навукі аб Зямлі.
Каштоўны і здымак выпуску 1951 года Мяцявіцкай сярэдняй школы, і 1964 года — Старобінскай сярэдняй школы. На кожным з іх у цэнтры партрэт дырэктара Мікалая Талпекі. Менавіта яго рэчы складаюць важную частку сямейнага архіва. Гэта і значок выдатніка асветы СССР, і медаль “За працоўную доблесць”, і розныя граматы. Ёсць нават дыплом 1947 года аб заканчэнні геафака. Як часта паўтараў Мікалай Іосіфавіч, сваю геаграфію ён прайшоў пехатой, паколькі быў франтавіком, вызваляў Венгрыю, а Перамогу сустрэў у Аўстрыі. Захоўваюцца ў яго нашчадкаў і баявыя ўзнагароды, юбілейныя медалі, нават ваенны планшэт і бінокль.
— Я з’яўляюся ўжо чацвёртым прадстаўніком педагагічнай дынастыі. А яе пачынальнікам быў мой прадзед Іосіф Мікітавіч Талпека. У даваенны час ён працаваў настаўнікам, дырэктарам Зажэвіцкай сямігадовай школы. Быў партызанам, на жаль, загінуў у барацьбе з ворагам і пахаваны ў брацкай магіле каля Старобіна. Ад яго нам засталіся толькі фотаздымкі і характарыстыка. Вядома, што ён быў у добрых адносінах з Якубам Коласам, паколькі яго сын вучыўся ва ўніверсітэце з сынам пісьменніка, — паведаміла Таццяна Аляксандраўна.

Па настаўніцкім шляху Мікалая Іосіфавіча пайшоў яго сын Аляксандр Мікалаевіч. Шмат гадоў ён даваў дзецям веды па геаграфіі, а сёння з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 6 Салігорска.
Шматлікія ўзнагароды сведчаць пра высокі прафесіяналізм продкаў Таццяны Аляксандраўны, а таксама тое, што служэнне людзям было для іх справай жыцця. Напрыклад, Мікалай Іосіфавіч Талпека пэўны час працаваў загадчыкам Старобінскага раённага аддзела народнай адукацыі. Аляксандр Мікалаевіч быў старшынёй Салігорскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі, заўсёды дапамагаў калегам у вырашэнні як прафесійных, так і жыццёвых пытанняў.
— Па маёй лініі таксама ёсць настаўнікі. Напрыклад, мама Пелагея Кузьмінічна не проста працавала настаўніцай хіміі, а была вучоным-аграномам, часта ездзіла на выставы ВДНГ у Маскву, мае шмат узнагарод. У яе быў доследны ўчастак, і калі я прыязджала студэнткай на канікулы, то абавязкова дапамагала ёй на гэтым участку. Памятаю, што мамін стол заўсёды, нават летам, быў закладзены кнігамі, — паведаміла Людміла Іванаўна.

— У нашай радні ёсць традыцыя перадаваць прафесію ў спадчыну, — працягнула дачка. — Мы ганарымся не толькі настаўнікамі, але і ўрачамі, інжынерамі. Таму і мой выбар прафесіі быў практычна прадвызначаны, тым больш што ў дзяцінстве я часта гуляла ў школу, хадзіла да мамы на ўрокі. Мне падабаецца не толькі даваць веды (дарэчы, мая вучаніца Аляксандра Смірнова атрымала сёлета на ЦТ па англійскай мове 100 балаў), але і самой развівацца. Захапляюся новымі метадамі, тэхнікамі. Нядаўна на абароне вышэйшай катэгорыі прадстаўляла метад відэапраектаў для эфектыўнага фарміравання ў навучэнцаў функцыянальнай адукаванасці. Цяпер думаю паспрабаваць стаць настаўнікам-метадыстам. Акрамя таго, з’яўляюся куратарам раённага клуба ЮНЕСКА.
І гэтая прага да пазнання новага перадалася ёй у спадчыну ад продкаў, як, дарэчы, і любоў да кнігі. У сям’і Талпека заўсёды любілі чытаць. Цудоўны прыклад сваім дзецям, унукам паказваў Мікалай Іосіфавіч. У яго доме і цяпер захоўваецца багатая бібліятэка, а кожная кніга — сапраўдная сямейная рэліквія. Як і медалі, граматы, фотаздымкі выпускных класаў, а яшчэ лісты і віншавальныя паштоўкі ад былых вучняў… Багаты сямейны архіў з’яўляецца своеасаблівым летапісам не толькі вядомай педагагічнай дынастыі, але і развіцця краіны ў пасляваенны час.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва суразмоўцаў
Нітка пакаленняў
Дырэктар Красненскай сярэдняй школы Карэліцкага раёна Наталля Бурак захоўвае прадметы, якія красамоўна сведчаць пра нялёгкую, але цікавую пасляваенную маладосць бацькоў.
Кожны раз, калі выпадае хвілінка для рукадзелля, Наталля Уладзіміраўна садзіцца ва ўтульнае крэсла ля незвычайнага століка. У якасці ножак у яго — ажурная каваная аснова ад швейнай машынкі “Зінгер”, на якой мама шыла касцюмы для ранішнікаў і школьных мерапрыемстваў.
— Гэта машынка яшчэ маёй бабулі 1890 года нараджэння. Калі бацькі гулялі вяселле ў 1953 годзе, гэта быў іх галоўны падарунак. І для мамы ён быў самым дарагім і каштоўным, — пачынае размову Наталля Бурак.
Гартаючы сямейны альбом, яна спыняецца амаль на кожным чорна-белым здымку. Успамінае ярка-жоўтую сукенку з-пад мамінай рукі, у якой ішла на першыя заняткі па падрыхтоўцы да школы, блакітны камплект з баваўняным берэтам і спадніцу ў клетку з вялікімі кішэнямі, пра якія марылі ўсе дзяўчынкі ў акрузе…
— А вось у гэтым касцюме Чырвонай Шапачкі, дзе кожная дэталь упрыгожана дэкаратыўнай тасьмой, бліскуча выступала падчас школьнага навагодняга свята і я, і мая старэйшая дачка, — успамінае суразмоўніца.
Многія ўборы і сёння захоўваюцца ў бацькоўскім доме ў вёсцы Вялікая Свянціца Свіслацкага раёна. Бываючы там, Наталля Уладзіміраўна нярэдка перабірае іх, а між тым паглядае і на саму машынку — даўно не працоўную, але такую дарагую сэрцу.
— Мне здаецца, і сёння выразна памятаю стук падчас яе работы і прыемнае пачуццё чакання прымеркі будучых убораў, — ціха заўважае суразмоўніца.

Захапленне шыццём, дарэчы, не было прафесійным заняткам для яе маці Ядвігі Мікалаеўны Хамчук. Разам з бацькам Уладзімірам Давыдавічам яны працавалі ў саўгасе. А вось адпачывалі душой за рукадзеллем і ў творчасці. І ў апошнім абое былі самавучкамі.
— Мама ў нас і шыла, і вязала, і вышывала. У той час такімі захапленнямі магла пахваліцца бадай кожная гаспадыня. Хатнюю ўтульнасць стваралі як маглі. І тата ў гэтую ўтульнасць заўсёды ўносіў музычную лепту — іграў на гармоніку і нават сам змайстраваў барабан, — гаворыць педагог.
Гармонік бацькі — яшчэ адзін сямейны рарытэт, які для суразмоўніцы з’яўляецца своеасаблівым мастком паміж мінулым і сучасным. Сёння гэты сведка сямейнай гісторыі расказвае сваю гісторыю ў тым ліку наведвальнікам школьнага музея.
— Мой бацька з сям’ёй прайшоў дарогамі канцлагераў, але да апошніх дзён захаваў зайздросную жыццярадаснасць і жыццялюбства. Людзі іх часу спяшаліся не шмат нажыць, а якасна пражыць. Яны стваралі вялікія сем’і і гадавалі дзяцей, нічога не чакаючы ўзамен. Нават з гэтым гармонікам звязана гісторыя, якая ілюструе іх жыццёвы настрой. З дазволу маці бацька купіў гармонік за апошнія грошы. У іх яшчэ не было ўласнага дома, але першай сямейнай традыцыяй стала мелодыя гармоніка. Памятаю, як тата ў паважаным узросце браў яго ў рукі, каб сыграць у дуэце з гітарай ці баянам свайго зяця — майго мужа. У такія моманты ён быццам станавіўся маладзейшым, — дзеліцца ўспамінамі Наталля Уладзіміраўна.
Пуцёўку ў жыццё яе бацькі далі тром дочкам, якія таксама стварылі моцныя сем’і. Збіраючыся ўсе разам, паслядоўнікі Уладзіміра і Ядвігі Хамчук з трапятаннем успамінаюць бацькоўскі прыклад. Прыклад, калі ў міры і згодзе людзі дажылі да залатога вяселля, а ў памятную дату 55-годдзя сумеснага жыцця павянчаліся і толькі тады надзелі на пальцы адно аднаму залатыя заручальныя пярсцёнкі.
— А маміна машынка стала яшчэ і білетам у педагогіку для маёй старэйшай пляменніцы Ірыны Шульгач. Калі яна паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча, трэба было на чымсьці адточваць швейнае майстэрства. Такім стартам для яе стаў мамін “Зінгер”. Пасля заканчэння вучобы наша Ірына Мікалаеўна пачынала працаваць настаўніцай працоўнага навучання. Пасля скончыла БДПУ, працавала намеснікам дырэктара ў адной са школ Ваўкавыска і прысвяціла педагогіцы каля 20 гадоў, — звяртаецца ўжо да гісторыі дзён сённяшніх мая суразмоўніца.
Яе і саму з гэтай прафесіяй звязваюць ужо больш за 30 гадоў, з якіх 17 — кіраўніцкі вопыт.
Кацярына МАЦЕВІЧ





