Прафсаюз — гэта плюс!

- 16:19Актуально, На парадку дня

Гэтыя словы сталі лейтматывам прафсаюзных урокаў фіналу гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу “Прафсаюзны лідар”.

Конкурс арганізаваў Цэнтральны камітэт прафсаюза для выяўлення найбольш таленавітых і ініцыятыўных прафсаюзных лідараў галіны. Мерапрыемства праходзіць у тры этапы. На першым спаборнічаюць прадстаўнікі раённых і гарадскіх пярвічных прафсаюзаў. На другім вызначаюць лепшых актывістаў вобласці і Мінска, якія адправяцца на трэці этап — рэспубліканскі.

У мінскім гарадскім этапе прынялі ўдзел 13 прадстаўнікоў пярвічных прафсаюзаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. 

На завочны тур кожны канкурсант прадаставіў эсэ на тэму “Работа пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі з пазіцыі лідара”, якія павінны былі адлюстраваць ролю прафсаюза ў жыцці старшыні і ўклад старшыні ў дзейнасць прафсаюза, а таксама відэаролік, слайд-прэзентацыю ці буклет па тэмах: “Уступай у прафсаюз”, “Прафсаюз — гэта плюс”, “Прафсаюз дапамог”, “Моладзь і прафсаюз”, “У скарбонку прафсаюзнага вопыту”.

Фінал гарадскога этапу рэспубліканскага конкурсу “Прафсаюзны лідар”, прысвечанага 100-годдзю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, прайшоў у сталіцы на базе сярэдняй школы № 51.

У дзень фіналу конкурсу ўдзельнікам неабходна было вытрымаць тры выпрабаванні: прайсці бліцапытанне на веданне прафсаюзнай тэрміналогіі і прававое арыентаванне, выступіць з самапрэзентацыяй “Старшыня прафкама — гэта гучыць горда!”, дзе паказаць свае лідарскія якасці і ўменне выступаць на публіцы, а таксама прадэманстраваць фрагменты прафсаюзных урокаў, у якіх расказаць аб сваёй актыўнай дзейнасці.

— На ўроку канкурсанту неабходна было паказаць кампетэнтнасць, уменне знахо­­дзіць кантакт з аўдыторыяй, а вось тэму і фармат урока кожны ўдзель­нік выбіраў сам, — падкрэсліла член журы конкурсу намеснік старшыні Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза Ала Канаплёва. — Усе ўрокі адрозніваліся адзін ад аднаго. У кожнага канкурсанта былі свае асаблівасці, свая падача матэрыялу, і выбраць пераможцу было вельмі складана. Больш за ўсё спадабаліся агітацыйныя моманты, у якіх раскрывалася роля прафсаюза сёння, прэферэнцыі і магчымасці яго членаў. 

На думку членаў журы, конкурс прадаставіў магчымасць яго ўдзельнікам падзяліцца назапашаным вопытам, прадста­віць сваю пярвічную арганізацыю і рэалізаваць свой творчы патэнцыял. Ён стаў сапраўдным святам, напоўненым творчасцю, гумарам, талентам, энергіяй і пазітывам. Кожны ўдзельнік уразіў сваёй індывідуальнасцю і непаўторнасцю.

— Я ганаруся тым, што прафсаюзныя лідары галіны настолькі ўпэўнены ў заўтрашнім дні і ў тым, што яны робяць. Наша агульная сіла, зацікаўленасць, творчы патэнцыял і самае галоўнае — неабыякавасць прывядуць нас да жаданых мэт, — падкрэсліла старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава. — На конкурс прыйшлі розныя людзі, у іх розныя падыходы да работы, рознае бачанне калектыву і сябе ў ім. Але аб’ядноўвае іх адно: упэўненасць, што чалавек працы павінен быць абаронены, мець магчымасць выбіраць і рэалізаваць сябе.

 У выніку пераможцай спаборніцтваў стала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы № 109 Мінска Інеса Сямёнава. Другое месца заняла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гімназіі № 33 Мінска Наталля Раздабрэева, трэцяе — старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці № 36 Мінска Настасся Лаўшук.

Інеса Уладзіміраўна працуе настаўніцай пачатковых класаў, вядзе насычаную прафсаюзную дзейнасць у школе, выпускніцай якой сама з’яўляецца. І гэта сапраўды яскравы прыклад вернасці сваёй справе і адданасці месцу, дзе нарадзіўся, вырас і стаў прафесіяналам. 

Прафсаюз займае адно з галоўных месцаў у жыцці і настаўніка, і вучня. Мы право­дзім прафсаюзныя ўрокі, на якіх расказваем дзецям, што прафсаюз робіць у школе і на рабоце іх бацькоў. Дарэчы, у нашым калектыве стапрацэнтнае членства на працягу многіх гадоў. Лю­дзі з задавальненнем уступаюць у прафсаюз, яны ведаюць, што гэта гарантыя дапамогі ў любую мінуту, — расказала пераможца. 

Інеса Сямёнава прадставіць сталічны прафсаюз на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.