Працягваецца рэгістрацыя на ЦТ

- 12:32Тэсцiраванне

Нагадваем, што да 1 чэрвеня (уключна) праходзіць рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэсціраванне.

Як паведамілі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, па стане на 15 мая на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістраваліся больш за 40 тысяч абітурыентаў, што суадносіцца з лічбамі мінулага года. Многія з іх плануюць здаваць 4 іспыты (у сярэднім рэгіструецца 3,4 тэста на чалавека).


Пункты рэгістрацыі на ЦТ (а іх у краіне чатыры дзясяткі) працуюць у будныя дні, а таксама ў суботу — 26 мая. Усе яны падключаны да агульнарэспубліканскага банка даных удзельнікаў ЦТ. Гэта значыць, што ў любым пункце можна зарэгістравацца адразу на ўсе выбраныя прадметы, у якіх бы ўстановах адукацыі ні праводзіліся адпаведныя іспыты (нават у іншым горадзе). Акрамя таго, сістэма не дазволіць зарэгістравацца больш, чым на 4 прадметы, а таксама дзесяцікласнікам. Іх час здаваць ЦТ — праз год.

Абітурыент павінен асабіста звярнуцца ў пункт рэгістрацыі з сапраўдным па тэрміне дзеяння дакументам, які сведчыць асобу. Гэта можа быць пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца або даведка, якая выдаецца ў выпадку страты (крадзяжу) дакумента.

У выпадку, калі абітурыент не можа прыбыць у пункт рэгістрацыі (па прычыне хваробы, удзелу ў міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, службовай камандзіроўкі ці па іншых уважлівых прычынах, якія пацвярджаюцца дакументальна), дакументы на рэгістрацыю могуць падаць яго законныя прадстаўнікі.

Звяртаем увагу, што рэгістрацыя для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца завершанай толькі пасля атрымання абітурыентам пропускаў. На кожным з іх павінна быць пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і рэгістрацыйны нумар.

Кошт аплаты за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу абітурыентаў у цэнтралізаваным тэсціраванні — 0,1 базавай велічыні за адзін прадмет (2 рублі 45 капеек).

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.