Прыёмная кампанія будзе дэмакратычнай і галоснай

- 10:56Тэсцiраванне

На пачатку лета быў зацверджаны склад Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам правядзення ўступных выпрабаванняў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установах адукацыі. Як і ў папярэднія гады, у рабоце камісіі задзейнічана каля 200 работнікаў Камітэта дзяржкантролю, якія будуць сачыць за выкананнем заканадаўства падчас уступнай кампаніі. Узначаліла Дзяржаўную камісію віцэ-прэм’ер урада Наталля Іванаўна Качанава. Днямі пад яе старшынствам у Камітэце дзяржкантролю адбылося першае пасяджэнне камісіі ў новым складзе.

Як паведаміла Наталля Іванаўна, асноўнай задачай Дзяржаўнай камісіі з’яўляецца кантроль за прадастаўленнем усім абітурыентам роўных магчымасцей пры паступленні. Гэтая работа будзе весціся на ўсіх этапах уступнай кампаніі. Першы этап — цэнтралізаванае тэсціраванне — пройдзе з 14 па 27 чэрвеня (2 ліпеня — рэзервовы дзень). На другім этапе Дзяржаўная камісія будзе кантраляваць прыём дакументаў, падрыхтоўку і правядзенне ўступных выпрабаванняў (пры іх наяўнасці), а таксама залічэнне студэнтаў і навучэнцаў у кожнай з дзяржаўных і прыватных устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Наталля Іванаўна нагадала, што ўнутрыўніверсітэцкія экзамены будуць праводзіцца толькі па творчасці (малюнак, музыка, танец і г.д.), фізкультуры і літаратуры. Па ўсіх астатніх прадметах абітурыенты здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне. У іншай форме могуць праводзіцца ўступныя выпрабаванні для дзяцей-інвалідаў і выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучання. “Такія іспыты праводзяцца, як правіла, у некалькі этапаў і з-за сваёй спецыфікі не пазбаўлены суб’ектывізму, а таму патрабуюць асаблівай увагі”, — заўважыла віцэ-прэм’ер.
Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца кантролю за ўмовамі захавання, парадкам доступу і выбару экзаменацыйных матэрыялаў, падрыхтаваных установамі адукацыі для правядзення ўступных выпрабаванняў. Арганізатарам экзаменаў трэба быць гатовымі да таго, што Дзяржаўная камісія можа прапанаваць не толькі свае варыянты заданняў, але і рэзервовы склад экзаменацыйнай камісіі.
“У дні экзаменаў у карпусах не павінна быць старонніх асоб, — нагадала Наталля Іванаўна Качанава. — Ніякія “корачкі”, акрамя спецыяльных прапускоў, не даюць права на ўваход у будынак, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне ці праводзяцца экзамены”.
У жадаючых трапіць ва ўстанову адукацыі “з чорнага ходу” няма шансаў, запэўнілі ў Дзяржаўнай камісіі. Пры гэтым віцэ-прэм’ер заклікала членаў камісіі да таго, каб яны падтрымлівалі ва ўстановах адукацыі спакойную, добразычлівую атмасферу і ўсе звароты абітурыентаў і іх бацькоў па праблемных пытаннях разглядаліся аб’ектыўна і аператыўна (без “адфутбольвання” і валакіты).
Удзельнікі пасяджэння запэўнілі, што з боку Дзяржаўнай камісіі будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб уступныя выпрабаванні прайшлі ў адпаведнасці з устаноўленым парадкам, а працэдура залічэння была дэмакратычнай і галоснай.
Пры арганізацыі ўступнай кампаніі 2015 года Міністэрства адукацыі выпрацавала шэраг рэкамендацый, прапанаваных Дзяржаўнай камісіяй па кантролі за ходам правядзення ўступных выпрабаванняў у мінулым годзе. Як паведаміў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, Рэспубліканскаму інстытуту кантролю ведаў было даручана правесці аналіз структуры і зместу тэставых заданняў на прадмет іх аптымізацыі і павышэння якасці. У выніку была павялічана колькасць заданняў з невербальнай формай падтрымкі па геаграфіі і гісторыі Беларусі. Павялічана ўдзельная вага практыка-арыентаваных заданняў па матэматыцы, фізіцы і хіміі. Па рускай і беларускай мове зменшана колькасць заданняў субтэста А (з выбарам правільнага адказу) і павялічана колькасць заданняў субтэста В (адказ запісваецца самастойна). Зменшана колькасць заданняў па фізіцы і хіміі, якія патрабуюць выкарыстання калькулятара. Як патлумачыў Міхаіл Жураўкоў, поўнае адмаўленне ад калькулятара запатрабавала б павелічэння часу на правядзенне экзамену, а гэта павысіла б стамляльнасць абітурыентаў. Таксама распрацаваны і прайшлі незалежную экспертызу тэсты па кітайскай мове.
Міністр паведаміў, што сёлета ўскладзена персанальная адказнасць на кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі за правільнасць падліку сярэдняга бала пасведчання аб базавай адукацыі і атэстата аб сярэдняй адукацыі. Распрацавана тыпавая форма рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі для абітурыентаў, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці.
Для ўстаранення любых карупцыйных праяў у ходзе ўступнай кампаніі ўведзена норма, якая забараняе ўключэнне ў склад прадметных экзаменацыйных камісій асоб, якія выкладаюць на падрыхтоўчых курсах устаноў вышэйшай адукацыі або з’яўляюцца блізкімі сваякамі абітурыентаў. Раней падобная норма выкарыстоўвалася толькі ў дачыненні да творчых спецыяльнасцей.
Створана рабочая група па распрацоўцы плана развіцця аўтаматызаванай сістэмы прыёму заяў і залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Як заўважыў Міхаіл Жураўкоў, найбольш рацыянальным і эфектыўным рэжымам укаранення такой сістэмы на цяперашнім этапе з’яўляецца яе выкарыстанне асобнымі ўстановамі. Плануецца, што ў будучыні абітурыенты атрымаюць магчымасць падаваць дакументы адначасова ў некалькі ўніверсітэтаў.
Пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі ўстаноўлены адзіныя для асноўнага і дадатковага набору нездавальняючыя адзнакі ЦТ. Зніжэння парогавых значэнняў пры дадатковым наборы, як гэта было летась, сёлета не плануецца. Такім чынам, па першым профільным іспыце парогавыя значэнні балаў ЦТ засталіся на ўзроўні мінулага года. А вось для другога профільнага іспыту яны на 5 балаў меншыя.
Зрэшты, для паступлення ва ўстановы адукацыі Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, ваенных факультэтаў грамадзянскіх універсітэтаў, а таксама на групы спецыяльнасцей “Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства”, “Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалярства”, “Сельскае будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый”, “Меліярацыя і водная гаспадарка”, “Аграінжынерыя”, а таксама ва ўстановы адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў (толькі на месцы дадатковага набору) дастаткова мець у сертыфікаце ЦТ 5 балаў.
Міністр паведаміў, што прынята рашэнне наконт залічэння грамадзян Луганскай і Данецкай абласцей Украіны. Яны будуць удзельнічаць у конкурсе на вакантныя бюджэтныя месцы ў рамках дадатковага набору пасля залічэння грамадзян Беларусі, а таксама на вакантныя платныя месцы, як грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Залічэнне будзе праводзіцца да 15 кастрычніка.
З улікам патрэб галін эканомікі, дэмаграфічнай сітуацыі, вынікаў працаўладкавання выпускнікоў выпрацаваны стратэгічныя падыходы і крытэрыі планавання лічбаў прыёму на 2015 год. Як паведаміў Міхаіл Жураўкоў, сёлета на ўзровень вышэйшай адукацыі за кошт бюджэту плануецца прыняць 27,9 тысячы чалавек (гэта на 1124 менш плана і на 312 менш факта мінулага года). Так, будзе скарочана падрыхтоўка па эканамічных і няпрофільных для ўстаноў вышэйшай адукацыі спецыяльнасцях.
Пры гэтым адносна фактычнага прыёму 2014 года плануецца павелічэнне кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы адукацыі Міністэрства абароны (на 176 месцаў), Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (на 25 месцаў), Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання (на 21 месца), Міністэрства спорту і турызму (на 31 месца). Разам з тым скарачаюцца кантрольныя лічбы прыёму на медыцынскія спецыяльнасці (на 85 месцаў), спецыяльнасці культуры і мастацтва (на 60 месцаў).
Міхаіл Жураўкоў паведаміў, што пры планаванні прыёму на платнае навучанне ўлічваліся наступныя фактары: дэмаграфічная сітуацыя, попыт насельніцтва на адукацыйныя паслугі, стварэнне ўмоў для мінімізацыі адтоку беларускіх абітурыентаў у суседнія дзяржавы, устараненне фарміравання малакамплектных вучэбных груп. У 2015 годзе ў дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі на платнай аснове плануецца прыняць 29,9 тысячы чалавек.
У прыватных установах вышэйшай адукацыі план прыёму ў параўнанні з планам 2014 года скарочаны на 44,2%. Лічбы прыёму складаюць усяго 8,9 тысячы чалавек.
На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту плануецца прыняць 24,1 тысячы чалавек (гэта на 1124 менш плана прыёму і на 501 менш факта прыёму 2014 года). Скарачаюцца аб’ёмы падрыхтоўкі па спецыяльнасцях, дзе больш як палова выпускнікоў размяркоўвалася па рабочых прафесіях нізкага разраду. Адначасова пашыраецца падрыхтоўка па адукацыйных праграмах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Міністр паведаміў, што прафтэхпадрыхтоўка будзе адкрыта ў Салігорскім дзяржаўным горна-хімічным каледжы, Гомельскім дзяржаўным дарожна-будаўнічым каледжы, Віцебскім дзяржаўным політэхнічным каледжы.
На ўмовах аплаты плануецца прыняць на 2,4 тысячы чалавек менш плана і на 205 чалавек больш факта прыёму 2014 года. Міхаіл Жураўкоў патлумачыў гэта тым, што ёсць хадайніцтва Мінскага гарадскога і Брэсцкага абласнога выканаўчых камітэтаў перад Міністэрствам адукацыі аб павелічэнні кантрольных лічбаў прыёму на платнай аснове.
Міністр нагадаў, што рэжым работы прыёмных камісій застаецца без змяненняў. Яны будуць працаваць з панядзелка па суботу з 9 да 18 гадзін. Інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў будзе абнаўляцца не радзей, чым раз у тры гадзіны. У апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў спыняецца а 15 гадзіне, пропуск абітурыентаў у будынак, дзе размяшчаецца прыёмная камісія, завяршаецца а 18 гадзіне. Тады ж спыняецца выдача дакументаў абітурыентаў з мэтай перападачы іх на іншую спецыяльнасць. Пры гэтым прыёмная камісія павінна прыняць дакументы ад усіх абітурыентаў, якія знаходзяцца ў будынку.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.