Прыёмная кампанія ва ўніверсітэтах краіны ў самым разгары

- 13:00Абитуриент, Главная, Приложение, Репортаж

Прыём дакументаў на дзённую бюджэтную і платную формы навучання ідзе поўным ходам ва ўсіх УВА краіны. Як праходзіць уступная кампанія? Пра што мараць і чым кіруюцца абітурыенты? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася, наведаўшы прыёмныя камісіі некалькіх універсітэтаў.

 

У сталічныя ўстановы вышэйшай адукацыі традыцыйна з’язджаюцца абітурыенты з усёй краіны. Але ёсць і такія выпускнікі, хто гатовы змяніць Мінск на абласны горад дзеля атрымання спецыяльнасці сваёй мары. Сярод іх мінчанін Вячаслаў Поўжык, які скончыў сталічную сярэднюю школу № 3 з сярэбраным медалём, атрымаў два 100-бальныя вынікі і набраў 388 балаў. Падаваць дакументы малады чалавек адправіўся ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у першы дзень прыёму:

З 7 класа я ўдзельнічаў у алімпіядным руху па розных прадметах: матэматыцы, рускай мове, біялогіі, хіміі. Так выйшла, што ў старшых класах маімі профільнымі прадметамі былі руская мова і матэматыка. Зрэшты, хімія і біялогія мне заўсёды таксама падабаліся, і я пачаў дадаткова імі займацца, калі вызначыўся, што буду паступаць у мед­універсітэт. Напрыканцы 10 класа я ўжо ведаў, што бачу сябе ўрачом-дыягностам і буду пасту­паць на медыка-дыягнастычны факультэт. Лічу, што своечасовая і дакладная дыягностыка хваробы не менш важная, чым яе правільнае лячэнне. Ды і работа з медтэхнікай, створанай на аснове перадавых тэхналогій, мне здаецца цікавай. Хутка высветлілася, што спецыяль­насць “Медыка-дыягнастычная справа” ёсць толькі ў медуніверсітэтах Гродна і Гомеля. Выбар прыпаў на Гродна. Спадабаўся сам горад і выдатныя водзывы пра ўніверсітэт. Маніторачы сітуацыю, я ведаў, што на гэтую спецыяльнасць прадугледжана 70 бюджэтных месцаў, а на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ўжо набраны 42 чалавекі. Аднак колькасць маіх балаў давала ўпэўненасць, што іх павінна хапіць для паступлення на бюджэт.

У прыёмнай камісіі ГрДМУ прыезду юнага мінчаніна прыемна здзівіліся, як і яго 100-бальным вынікам па хіміі і біялогіі, ацаніўшы шанс на паступленне як вельмі высокі.

Кузня педагагічных кадраў

У галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны з’язджаюцца абітурыенты з усёй краіны. Як расказаў рэктар БДПУ Аляксандр Жук, сёлета ў сувязі з прыняццем новага агульнадзяржаўнага класіфікатара кваліфікацый і спецыяльнасцей ва ўніверсітэце ажыццяўляецца набор па 14 спецыяльнасцях дзённай формы атрымання адукацыі, 10 завочнай і 3 завочнай скарочанай. Для параўнання: летась ажыццяўляўся прыём на 37 спецыяльнасцей. Рэктар адзначыў, што ў першыя тры дні асноўнага этапу ўступнай кампаніі, з 17 па 19 ліпеня, выпускнікі профільных педкласаў пры паступленні на спецыяльнасці педагагічнай і спартыўна-педагагічнай накіраванасці падаюць дакументы на льготных умовах. Пры наяўнасці добрай паспяховасці, партфоліа, рэкамендацый педагагічнага савета ім трэба толькі паспяхова прайсці субяседаванне. Ва ўніверсітэт пасля завяршэння мэтавага набору засталося залічыць на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі 618 студэнтаў.

У ходзе размовы з выпускнікамі педагагічных класаў, якія ўжо ў першы дзень прыёму дакументаў сталі студэнтамі, даведаліся, што ў Мацвея Фешчанкі жаданне паступіць на гістарычны факультэт узнікла дзякуючы настаўніку гісторыі сярэдняй школы № 2 Маладзечна, які займальна выкладаў прадмет, падмацоўваючы вучэбны матэрыял гістарычнымі фільмамі і апавяданнямі. У сваю чаргу Дзіяна Сінякова з Оршы вырашыла стаць педагогам па прыкладзе бабулі, якая дырэктарствавала ў школе шмат гадоў. Яна Васільева са Старых Дарог, у якой бабуля і мама — педагогі, расказала, як прахо­дзіла субяседаванне:

— Для мяне, у адрозненне ад старэйшых членаў сям’і, найбольш цікавымі аказаліся дакладныя навукі, таму паступаю на спецыяльнасць “Фізіка-матэматычная адукацыя (матэматыка і інфарматыка)” фізіка-матэматычнага факультэта. На субяседаванні пытанні тычыліся тэм, якія мы вывучалі на факультатыве “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Мне трэба было расказаць пра значэнне эмпатыі ў педагогіцы і пра тое, што такое індывід, асоба, індывідуальнасць. Цяжкасцей гэтыя пытанні не выклікалі.

У холе галоўнага корпуса БДПУ пяты дзень запар шматлюдна. Найбольшы наплыў абітурыентаў, як адзначаюць студэнты-кансультанты, быў у першыя дні прыёму дакументаў. Тады ўсе сталы з узорамі запаўнення дакументаў былі заняты. Большасць учарашніх школьнікаў запаўнялі дакументы ад рукі. Менш было тых, хто зрабіў гэта ў электронным выглядзе. Дарэчы, ва ўніверсітэце для гэтага адве­дзена асобная аўдыторыя.

— У апошнія гады магчымасцю рэгістрацыі і афармлення дакументаў у электронным выглядзе карыстаецца ўсё больш абітурыентаў. Гэта можна зра­біць праз асабісты электронны кабінет, дзе трэба запоўніць заяўку і анкету, прымацаваць усе неабходныя дакументы ў электронным выглядзе, — удакладніў рэктар.

Напрыклад, у Інстытут псіхалогіі ў першы дзень 25 чалавек падалі заявы анлайн.

Якія тыповыя цяжкасці ўзніка­юць у абітурыентаў пры падачы дакументаў? Ад членаў прыёмных камісій розных факультэтаў стала вядома, што адны не дано­сяць канверты, іншыя — фатаграфіі, трэція пралічваюцца з неабходнай колькасцю ксеракопій. Хтосьці прыно­сіць медыцынскую даведку з указаннем састарэлай спецыяльнасці, і яе трэба перарабіць.

У дні прыёму дакументаў у БДПУ зафіксавана вялікая колькасць абітурыентаў. Гэта сведчыць аб узрастаючым прэстыжы педагагічнай прафесіі. Так, пададзена звыш 1080 заяў. З 17 па 19 ліпеня больш за 100 выпускнікоў педкласаў паступілі, паспяхова прайшоўшы субяседаванне.

 Варта нагадаць, што другі этап уступнай кампаніі працягнецца да 11 жніўня. З 17 па 25 ліпеня ў БДПУ ажыццяўляецца прыём дакументаў абітурыентаў-бюджэтнікаў, а таксама тых, каму трэба будзе зда­ваць унутраныя ўступныя іспыты з 26 ліпеня па 2 жніўня на спецыяльнасці філалагічнага факультэта, факультэта фізічнага выхавання і факультэта эстэтычнай адукацыі.

Дарога з двухбаковым рухам

У топавым універсітэце Беларусі па пад­рыхтоўцы IT-спецыялістаў у першы дзень падачы дакументаў рэктар Вадзім Богуш уручыў брэндаваныя байкі з сімволікай БДУІР тром абітурыентам — падпісчыкам сац­сетак універсітэта. Двум юнакам і дзяўчыне было таксама прадастаўлена права першымі падаць дакументы. Гэта Зарына Марчэня, Юрый Валуеў і Канстанцін Валяулін.

Дзяўчына пераканана, што ў БДУІР рыхтуюць лепшых IT-спецыялістаў. Падчас навучання ў 10 класе сярэдняй школы № 2 Бярозы фізіка і матэматыка ёй даваліся добра. Пра конкурс даведалася ў Telegram-канале ўніверсітэта і вырашыла паўдзельнічаць, падпісаўшыся на ўсе акаўнты УВА ў TikTok, Instagram, YouTube. Больш нічога рабіць не трэба было. Пераможцаў камп’ютар выбіраў рандомна.

Для паступлення разглядаю факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання, а таксама факультэт камп’ютарных сістэм і сетак, таму што бачу сябе праграмістам. Вясной гэтага года я вучылася ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, праўда, па напрамку “Архітэктура і дызайн”, бо з дзяцінства захапляюся маляваннем. Прызнацца, яшчэ цікаўлюся 3D-мадэляваннем, але ўсё ж вырашыла для пачатку даведацца больш аб праграмаванні. Спадзяюся, набраных 364 балаў хопіць для паступлення (атэстат — 96, фізіка — 89, матэматыка — 87, беларуская мова — 92), — патлумачыла Зарына Марчэня.

Юрый Валуеў расказаў, што выбраў факультэт камп’ютарнага праектавання і ўпэўнены, што ў будучыні знойдзе добрую работу, бо ў XXI стагоддзі — стагоддзі высокіх тэхналогій — у Беларусі мноства прадпрыемстваў і арганізацый, якія маюць патрэбу ў работніках IT-сферы. Хлопец набраў 340 балаў і плануе адсочваць статыстыку, якая сфарміруецца на працягу першага тыдня. І калі будзе бачыць, што балаў не хапае, разгледзіць іншыя факультэты БДУІР.

А вось уладальнік 379 балаў Косця Валяулін падаў дакументы на платную форму навучання на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак па спецыяльнасці “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”.

Як адзначыў рэктар Вадзім Богуш, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі карыстаецца вялікай папулярнасцю ў абітурыентаў. Яго выпускнікі заўсёды цікавыя арганізацыям — заказчыкам кадраў. Гэта як дарога з двухбаковым рухам: з аднаго боку заказчыкі падбіраюць сабе спецыялістаў, а з другога боку абітурыенты, прыходзячы вучыцца, разумеюць, што атрымаюць добры ўзровень падрыхтоўкі, дзякуючы чаму змогуць рэалізавацца прафесійна. Ва ўніверсітэт прыязджаюць паступаць таленавітыя выпускнікі з усіх куткоў Беларусі, жадаючы звязаць лёс з пра­грэсіўнымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, мікраэлектронікай, сучаснай радыётэхнікай, тэхналогіямі аналізу вялікіх даных і г.д.

У гэтым годзе БДУІР прыме на бюджэтную форму навучання 1210 чалавек, а на платную — 1107.

Важна звярнуць увагу абітурыентаў і іх бацькоў на тое, што ў заяве можна і трэба пазначыць і факультэт, і спецыяль­насць, — заўважыў Вадзім Богуш. — Застаецца традыцыйнай магчымасць удзельні­чаць у конкурсе на некалькі спецыяльнасцей, дзе супадаюць профільныя ўступныя выпрабаванні, у асноўным па матэматыцы і фізіцы. Лічбы прыёму ў гэтым годзе істотна не адрозніваюцца ад леташніх, яны крыху скарэкціраваны, што адбываецца кожны год з улікам запытаў заказчыкаў кад­раў і трэндаў рынку працы. Сёлета крыху больш месцаў на завочнай форме навучання і крыху менш на дзённай.

За першыя чатыры дні прыёму дакументаў на бюджэт дзённай формы навучання было пададзена заяў: БДПУ — больш за 630; БДЭУ — каля 1100; БДУІР — амаль 900; ГрДМУ — звыш 175; БНТУ — каля 2000.

У БДУІР працэдура падачы дакументаў аўтаматызаваная. Электронны кабінет абітурыента — гэта правераны і эфектыўны механізм. Дзякуючы яму, усе дакументы абітурыентаў загружаюцца ў базу даных універсітэта. Юнакі і дзяўчаты прыходзяць у прыёмную камісію фактычна з гатовым камплектам дакументаў, і іх падача — справа 15 мінут.

Адзін з абітурыентаў, выпускнік гімназіі з Ганцавіч Раман Кандраценя, можа ўжо лі­чыць сябе студэнтам. Ён набраў 400 балаў па выніках уступных выпрабаванняў і прыехаў у БДУІР у першы дзень прыёмнай кампаніі, каб падаць дакументы на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак:

— Я нават не марыў пра тое, што змагу набраць такі высокі бал, проста ўпарта працаваў дзеля выніку. Аднак паступленне менавіта ў БДУІР было маёй марай і мэтай яшчэ з 9 класа.

А вось Сяргей Орсік, выпускнік ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М.Астроўскага Гродна, паступае па рэкамендацыйным лісце НДТ, дзе тройчы праходзіў навучанне па напрамку “Праграмаванне”, у тым ліку два разы дыстанцыйна, і паказаў добрыя вынікі. Гэты рэкамендацыйны ліст дае юнаку права паступаць без экзаменаў, па субяседаванні.

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку двойчы вывучаў праграмаванне мікракантролераў і такую мову, як С++. Дадаткова для сваёй распрацоўкі асвоіў Python, а пазней на дыстанцыйнай змене вывучаў яшчэ некалькі моў для стварэння мабільных дадаткаў, — дзеліцца сваімі дасягненнямі будучы першакурснік. — Адна з маіх апошніх распрацовак — гэта сістэма, якая дазваляе распазнаваць і адсоч­ваць эмацыянальны стан чалавека ў аўтаномным рэжыме: па фатаграфіі асобы ці відэа. Можна, напрыклад, падключыцца да камер відэаназірання і ў пасіўным рэжыме адсочваць настрой лю­дзей. Такая распрацоўка можа быць запатрабавана ў офісах, у якіх клапоцяцца аб мікраклімаце калектыву і імкнуцца павы­сіць яго прадукцыйнасць. Ідэя такога праекта нара­дзілася на першай дыстанцыйнай змене навучання ў тэхнапарку. Мне далі заданне напісаць праграму для аўтаматызаванага зняцця паказанняў лічыльнікаў, аднак гэта мне здалося сумным і нецікавым. На наступны дзень я прапанаваў сваю ідэю, абапіраючыся на веды ў сферы айчыннай і замежнай навуковай фантастыкі.

Варта нагадаць, у большасць УВА дакументы на бюджэтную форму навучання прымаюцца да 25 ліпеня, а на платную — да 9 жніўня. Залічэнне на бюджэт адбу­дзецца да 4 жніўня. Тыя, хто будзе вучыцца платна, убачаць сябе ў спісах студэнтаў 11 жніўня.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара