Расказваем пра субяседаванне з асобамі, якія прайшлі навучанне ў профільных класах (групах) прафесійнай накіраванасці

- 16:18Новости, Школа управления

Уступіла ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі ад 12 лютага 2024 года № 17, якой зацверджана інструкцыя аб парадку правядзення субяседавання з асобамі, якія прайшлі навучанне ў профільных класах (групах) прафесійнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Інструкцыяй вызначаны парадак правядзення з асобамі, якія выказалі жаданне пасту­піць ва ўстановы вышэйшай адукацыі Рэс­публікі Беларусь, субяседавання для залічэння без уступных выпрабаванняў, у тым ліку ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста з агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыяй.

Субяседаванне накіравана на выяўленне асобасных, дзелавых якасцей, здольнасцей і матывацыі абітурыентаў да атрымання адукацыі па адпаведных спецыяльнасцях.

 Згодна з дакументам, да субяседавання дапускаюцца абітурыенты, якія прайшлі навучанне ў профільных класах (групах) прафесійнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пры наяўнасці ў дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за 8 балаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных выпрабаванняў, адзнак не ніжэйшых за 7 балаў па ўсіх астатніх вучэбных прадметах.

Пры гэтым для профільных класаў (груп) аграрнай накіраванасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі парогавае значэнне для допуску — наяўнасць у дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за 6 балаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных выпрабаванняў.

Таксама ў абітурыентаў павінна быць рэкамендацыя педагагічнага савета ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, якую яны скончылі.

Акрамя таго, інструкцыяй устаноўлены парадак:

* стварэння камісіі для правя­дзення субяседавання;

* распрацоўкі заданняў (пытанняў) для правядзення субяседавання;

* афармлення вынікаў субяседавання.

Субяседаванне праводзіцца ў вуснай форме. У выпадку нязгоды з яго вынікам абітурыент або яго законны прадстаўнік мае права ў дзень правядзення субяседавання падаць старшыні прыёмнай камісіі апеляцыю.

Пастанова Міністэрства адукацыі ад 16 сакавіка 2017 года № 22 “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку правядзення субяседавання з абітурыентамі з ліку асоб, якія прайшлі навучанне ў профільных класах (групах) педагагічнай накіраванасці” прызнаецца страціўшай сілу.

Па матэрыялах Pravo.by падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі