Рыхтаваць спецыялістаў будучыні

- 11:42Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Вучэбна­-выставачны цэнтр для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне дакладнага земляробства з’явіўся ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. 

— У новым цэнтры на плошчы 800 квадратных метраў размясціліся навінкі і доследныя ўзоры сельска­гаспадарчай тэхнікі айчыннай вытворчасці. Сярод прадстаўленых машын і агрэгатаў — камбайны, ільноўборачныя машыны, корма­раздатчыкі, комплекс для нарыхтоўкі кармоў. Асаблівая наша гордасць — адзін з апошніх камбайнаў “Гомсельмаша” КЗС-3219 з гібрыднай малацільнай сістэмай. Такія камбайны яшчэ толькі пачынаюць пасту­паць на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, а мы ўжо другі год навучаем на ім будучых спецыялістаў, — расказаў дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі БДСГА Уладзімір Гусараў.

Паводле яго слоў, асноўная функцыя цэнтра — укараненне перадавых тэхналогій аграпрамысловага комплексу ў адукацыйны працэс. Тут студэнты будуць адпрацоў­ваць практычныя навыкі адкаліброўкі, эксплуатацыі лічбавага абсталявання, каб пасля яны маглі навучыць рабоце на ім механізатараў.

— У планах — дасягнуць таго, каб доследныя і эксперыментальныя ўзоры тэхнікі траплялі ў наш цэнтр адразу ж пасля прыняцця адпаведных рашэнняў на вытворчасці. Пакуль будзе наладжвацца серыйны выпуск, акадэмія ўжо падрыхтуе спецыялістаў, якія змогуць працаваць з новай тэхнікай, — патлумачыў Ула­дзімір Уладзіміравіч.

Асноўная функцыя цэнтра — укараненне перадавых тэхналогій аграпрамысловага комплексу ў адукацыйны працэс.

Адметна, што акрамя ўзораў найноўшай тэхнікі, цэнтр абсталяваны таксама рознымі трэнажорамі і сімулятарамі. На іх студэнты будуць адпрацоўваць уменні, неабходныя для работы з выкарыстаннем элементаў дакладнага земляробства. Дзякуючы падтрымцы партнёраў, на адзін з вучэбных трактароў “Беларус-3522” ужо ўстанавілі сістэму аўтапілатавання. У найбліжэйшы час вучыцца рабоце на трактары з аўтапілотам пачнуць 93 студэнты.

— У сельскую гаспадарку паўсюдна ўкараняюцца сучасныя тэхналогіі. Важна свое­часова рыхтаваць спецыя­лістаў, якія змогуць праца­ваць на найноўшай тэхніцы. У гэтым плане акадэмія імкнецца адпавядаць патрабаванням часу. Нядаўна сумесна з ТАА “Тэхналогіі земляробства” мы рэалізавалі пілотны праект па пад­рыхтоўцы інжынераў, якія мо­гуць устанавіць і наладзіць абсталяванне для картавання ўраджайнасці палёў і аўтапілатавання тэхнікі. Адпаведнае навучанне прайшлі шэсць чалавек. Пакуль гэта будуць адзі­ныя такія маладыя спецыялісты ў краіне. Новы цэнтр істотна паса­дзейнічае таму, што гэтая работа вый­дзе на больш якасны ўзровень, — падкрэсліў Ула­дзімір Гусараў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Марыям ТАБАГАРЫ.