Рыцары, муляры і нават Пумба з Рэмі… Незвычайныя металічныя скульптуры стварае Аляксандр Папоў з Мсціслава

- 15:22АРТ-квартал

Як ператварыць ліст сталі таўшчынёй адзін міліметр у метровы сімвал года ў вобразе героя мультфільма, ведае майстар вытворчага навучання Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа Аляксандр Папоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Калі вы прагульваліся па гістарычным цэнтры Мсціслава, то абавязкова звярталі ўвагу на арыгінальныя металічныя скульптуры — рыцараў, прафесара ў акулярах, звяроў. Калі бывалі ў Шклове недалёка ад Лядовай арэны на перасячэнні вуліц Пралетарскай і Ганчарнай, то, безумоўна, бачылі помнік салдату 1812 года. Больш за тое, на тэрыторыі Магілёўскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва імя А.П.Старавойтава вас сустрэне незвычайны стальны муляр. Уся гэтая металічная прыгажосць — справа моцных і творчых рук Аляксандра Папова.

Для поўнай характарыстыкі яго таленту варта адзначыць, што дзясяткі работ, створаных з дапамогай зваркі, захоўваюцца ў прыватных калекцыях, а таксама ў музеі “Спадчына” мсціслаўскага каледжа.

Тут і Рэмі з “Рататуя”, і Пумба (праўда, пакуль што без сябра Цімона), і бык, і воўк, і сабака. Побач у экспазіцыі — муляж шлема сярэдневяковага воіна, набор для каміна і нават макет княжацкага трона. А пачыналася незвычайнае захапленне Аляксандра Паўлавіча з невялікага мураша.

— У 2003 годзе калегі высаджвалі кветнік, і тагачасны дырэктар каледжа Валерый Фёдаравіч Дробышаў прапанаваў упрыго­жыць клумбы скульптурай якога-небудзь насякомага, — паведаміў Аляксандр Паўлавіч.

Адзін дзень творчай працы — і сярод стракатых кветак “пасяліўся” даволі мілы, хоць і шэра-металічны, мураш. У хуткім часе кампанію яму склалі бусел, жабяняты. А далей творчыя парывы педагога было не спыніць — скульптуры з’яўляліся адна за адной, толькі іскры ляцелі ў майстэрнях.

— Сімвалы года, падобныя на герояў папулярных мультфільмаў, вельмі палюбілі ўдзель­нікі свята “Александрыя збірае сяброў”, дзе мы рэгулярна выстаўляемся. Першым быў певень — вялікі, прыгожы. Глядзелі на яго і не маглі нарадавацца. Нават перамаглі з ім на абласным этапе конкурсу “ТэхнаЁлка”. Для ўдзелу ў фінале трэба было адвезці металічную птушку ў Мінск. І тут нечакана паўстала пытанне, як гэта зрабіць, скульптура ж масіўная. Неяк справіліся, але з таго часу вырашылі, што конкурсныя работы павінны быць меншага памеру, вышынёй каля метра. На ацэнку журы гэта не ўплывае, а вось транспартаваць куды зручней, — паведаміў майстар.

Дарэчы, той певень на рэспубліцы заняў 2-е месца, усе ж астатнія работы нязменна станавіліся пераможцамі. Спадзяецца Аляксандр Папоў на дыплом І ступені ў “ТэхнаЁлцы” і сёлета. Напярэдадні 2026 года ён некалькі месяцаў шчыраваў над “вогненным” канём. Каркас (свое­асаблівы шкілет) зрабіў з трубы дыяметрам 50 мм, а для асновы ног узяў арматуру 16 мм.

— Стварэнне любой скульптуры пачынаю з эскіза, выконваю асноўныя разлікі, але ўсё роўна ў працэсе работы даводзіцца шмат што карэкціраваць. Прыварыў кавалак сталі — адышоў, ацаніў, калі трэба, адрэзаў, перарабіў. Гэта простыя геаметрычныя фігуры (напрыклад вароты) можна зрабіць па экскізе з аднаго падыходу, а скульптуры трэба пастаянна пераварваць, — патлумачыў педагог.

Усё, як у мастака: зрабіў некалькі накідаў пэндзлем — паглядзеў збоку. Калі не спадабалася, змяніў адценні колераў, іх насычанасць. Дарэчы, яшчэ адно хобі Аляксандра Папова — стварэнне карцін. Як сумяшчаюцца гэтыя два, здавалася б, зусім розныя захапленні (работа з металам і жывапіс)? Аляксандр Паўлавіч лі­чыць, што ў абодвух выпадках трэба мець развітое прасторавае ўяўленне. Калі яно ў цябе ёсць, то зможаш і скульптуры зварваць, і карціны пісаць. І ўсё ж у абыходжанні з металам патрэбна яшчэ фізічная вынослівасць, бо злучаць кавалкі сталі зварачным апаратам — гэта не пэндзлем па палатне вадзіць. Тут патрэбны моцныя рукі, а яшчэ вытрымка, стальны характар, бо на стварэнне адной скульптуры можа пайсці ад некалькіх месяцаў да года.

— Навучыцца працаваць са зварачным апаратам, адпаведна і ствараць арыгінальныя скульптуры, пад сілу кожнаму. Але для гэтага не дастаткова толькі гля­дзець відэаролікі ў інтэрнэце. Абавязкова трэба азнаёміцца з уласцівасцямі металаў, іх сумяшчальнасцю.

Галоўнае адрозненне сталі, якое свед­чыць пра ўзровень яе загартоўкі, — гэта працэнт утрымання вугляроду. Для майго захаплення падыходзіць нізкавугляродзістая. Яна як пластылін. Пры тэрмаапрацоўцы з такой сталі можна “ляпіць” дэталі рознай формы.

Другі аспект, на які трэба звярнуць увагу, — тэхналагічнае абсталяванне. Неабходна ведаць, на чым працаваць, якія віды зваркі выкарыстоўваць у тым ці іншым выпадку.

Гэта што тычыцца тэхнічнага плана. А ў творчым патрэбна валодаць ведамі па начартальнай геаметрыі, уяўляць, як у прасторы будзе выглядаць тая ці іншая фігура, — паведаміў Аляксандр Папоў.

У сваім захапленні майстар выкарыстоўвае ў асноўным другасную сыравіну. Калі падчас заняткаў у майстэрнях каледжа застаюцца кавалкі металу, яны ніколі не выкідваюцца, а складзіруюцца ў спецыяльную скрыню, а потым ператвараюцца ў сапраўдныя шэдэўры.

Любоў да металу суразмоўнік патлумачыў тым, што яго прадзед быў кавалём, і вельмі шкадуе, што нарадзіўся пасля яго смерці — вельмі хацелася б сустрэцца з продкам, даведацца некаторыя сакрэты апрацоўкі металу, бо свае шэдэўры Аляксандр Паўлавіч стварае не толькі з дапамогай зварачнага апарата, але і класічным кавальскім інструментам. Прыгожыя свяцільні, падсвечнікі ў стылі мінулых эпох карыстаюцца сёння папулярнасцю.

Прагрэс не стаіць на месцы. Гадоў 20 назад былі іншыя тэхналогіі. Тады я не мог бы зрабіць і паловы таго, што ў мяне атрымлі­ваецца сёння. Раней з дапамогай ручной дугавой зваркі працавалі ў асноўным са сталлю таўшчынёй не менш за 2 мм, у іншым выпадку даводзілася выкарыстоўваць газавую зварку. Але тут шмат мінусаў, самы галоўны з якіх — награваецца вялікая плошча сталі. А чым большую плошчу награваеш, тым большая дэфармацыя, часцей даводзіцца перарабляць. Цяпер паўаўтаматам можна за адзін раз прай­сці кавалак сталі таўшчынёй 1 мм, якую мы часцей за ўсё бяром, і нават менш, — патлумачыў Аляксандр Папоў.

Праз сваё захапленне майстар фарміруе ў навучэнцаў і любоў да Мсціслава, гор­дасць за яго слаўнае мінулае. Узяць для прыкладу скульптуры рыцараў. А ў найбліжэйшых планах — стварэнне металічнага, аб’ёмнага, масіўнага герба горада. Галоўны сімвал воўк ужо ёсць. На чарзе — рука з мячом, воблака і сам каркас герба. Што з гэтага атрымаецца, жыхары Мсціслава і яго шматлікія госці ацэ­няць у хуткім часе.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара