З 1 студзеня 2025 года ўзмацнілася падтрымка сем’яў з дзецьмі.
Для маладых жанчын, якія чакаюць дзіця, істотна павялічыўся мінімальны памер дапамогі па цяжарнасці і родах. Ён вырас у тры разы для застрахаваных жанчын, якія не маюць 6 месяцаў стажу працы: было 50% ад бюджэту пражытачнага мінімуму, стала 100% ад мінімальнага памеру пенсіі (на сёння гэта 218,9 і 726 рублёў адпаведна).
Для будучых мам, якія атрымліваюць адукацыю і яшчэ не выйшлі на рынак працы, а таксама для тых, хто праходзіць службу або зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных, дапамога павялічылася ў два разы: было 50%, стала 100% бюджэту пражытачнага мінімуму (на сёння гэта 218,9 і 437,8 рубля адпаведна).
Таксама была ўзмоцнена падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, а таксама сем’яў з непаўналетнімі дзецьмі, у якіх дзіця-інвалід ужо дасягнула ўзросту 18 гадоў.
Дапамога на дзяцей старэйшых за тры гады з асобных катэгорый сем’яў да 2025 года выплачвалася сем’ям, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід да 18 гадоў або дзіця, інфіцыраванае ВІЧ, калі бацька праходзіць тэрміновую ваенную службу, альтэрнатыўную службу, або калі бацькі з’яўляюцца інвалідамі I або II групы, або адзін з бацькоў інвалід I групы, а другі ажыццяўляе яго догляд з атрыманнем дапамогі па доглядзе.
Цяпер на прызначэнне дапамогі будуць мець права таксама сем’і з непаўналетнімі дзецьмі, у якіх дзіця-інвалід дасягнула ўзросту 18 гадоў і яму ўстаноўлена I група інваліднасці.
Акрамя таго, з пачатку бягучага года памер сямейнага капіталу складае ўжо 33 275 рублёў — у параўнанні з мінулым годам ён павялічыўся на 5,7%. У такім памеры сямейны капітал прызначаецца сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2025 года.
Прадастаўленне сямейнага капіталу ажыццяўляецца ў памеры, дзеючым на дату нараджэння трэцяга або наступных дзяцей, а ў выпадку ўсынаўлення (удачарэння) — на дату ўсынаўлення (удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей. Памер сямейнага капіталу падлягае штогадовай індэксацыі з улікам велічыні індэкса спажывецкіх цэн за папярэдні год у адносінах да года, які яму папярэднічае.
Па матэрыялах pravo.by і БелТА падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з сайта pixabay.com, носіць ілюстрацыйны характар