Гісторыя галіновага прафсаюза навукоўцаў Беларусі пачалася з 1922 года. На той момант яны працавалі ў Інстытуце беларускай культуры (Інбелкульт), які толькі ў 1929 годзе стаў называцца Беларускай акадэміяй навук. За мінулы перыяд неаднаразова мяняўся статус прафсаюза: пройдзены этапы акадэмічнага мясцовага камітэта, групавога камітэта, аб’яднанага камітэта прафсаюза работнікаў Акадэміі навук БССР у складзе прафесійнага саюза вышэйшай школы і навуковых устаноў, з сакавіка 1991 па снежань 2016 года — Беларускага прафсаюза работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 20 снежня 2016 года — аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. “Як бы ні мяняліся назва і статус арганізацыі, наша галоўная задача ва ўсе часы — быць карыснымі для люзей, наколькі гэта дазваляюць рэсурсы і эканамічная сітуацыя”, — адзначыў старшыня прафсаюза работнікаў НАН Беларусі Вадзім Кіцікаў.
Сёння Нацыянальная акадэмія навук Беларусі — гэта найвышэйшая дзяржаўная арганізацыя, якая каардынуе ўсе навуковыя даследаванні, што праводзяцца ў краіне, а таксама шматлікія міжнародныя праекты, накіраваныя на стварэнне найноўшай канкурэнтаздольнай навукова-тэхнічнай прадукцыі, што забяспечвае функцыянаванне сучасных працэсаў і тэхналогій ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.
Задача прафсаюза — быць выразнікам інтарэсаў працоўных калектываў, і для яе рэалізацыі прафсаюз НАН выбраў стратэгію канструктыўнага супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі. Вырашаць пастаўленыя задачы дапамагае падтрымка ініцыятыў і прапаноў прафсаюза з боку кіраўніцтва НАН. Старшыня аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі прымае ўд зел у рабоце прэзідыума з правам дарадчага голасу, а кіраўнік апарату НАН Беларусі — у рабоце аб’яднанага прафсаюзнага камітэта.
Раз на тры гады прымаецца тарыфнае пагадненне, якое рэгулюе партнёрскія ўзаемаадносіны наймальнікаў і прафсаюзаў. У пагадненні адлюстроўваюцца канкрэтныя ўмовы і гарантыі работнікам акадэміі навук у галіне працоўных і эканамічных адносін, аплаты працы, аховы працы і здароўя, рэжыму працы і адпачынку, забеспячэння занятасці, развіцця сацыяльнай сферы, прадастаўлення льгот і кампенсацый.
Прафсаюзныя арганізацыі актыўна выкарыстоўваюць права на ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы: дзейнічаюць 42 грамадскія камісіі і 232 грамадскія інспектары па ахове працы, у штаце ёсць галоўны тэхнічны інспектар працы. Штогод праводзіцца агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы сярод прадпрыемстваў і ўстаноў НАН Беларусі.
Пад патранажам аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў НАН Беларусі працуюць такія сацыяльныя аб’екты, як яслі-сад НАН Беларусі, дзіцячы аздараўленчы лагер “Фатон”, паліклініка НАН Беларусі, санаторый “Іслач”, спартыўныя залы (гульнявая і трэнажорная). Аб’яднаны прафсаюзны камітэт, пярвічныя арганізацыі ў цесным кантакце працуюць з Саветам ветэранаў НАН Беларусі.
У рамках пастаяннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям” прафсаюз Нацыянальнай акадэміі навук шэфствуе над “SOS — Дзіцячай вёскай”, яслямі-садам № 1 Нароўлі.
Значная ўвага ўдзяляецца культурна-масавай рабоце, арганізацыі вольнага часу акадэмічных работнікаў і іх сем’яў. Ва ўсіх пярвічных арганізацыях стала традыцыяй правядзенне мерапрыемстваў з нагоды дзяржаўных і прафесійных свят, арганізацыя экскурсійных паездак, ушанаванне ветэранаў вайны і працы і г.д.
Адным з прыярытэтных напрамкаў работы прафсаюза з’яўляецца развіццё фізічнай культуры і спорту. Акадэмічныя фізкультурнікі прымаюць актыўны ўдзел у раённых, гарадскіх спаборніцтвах. Зборныя каманды НАН Беларусі займалі прызавыя месцы па валейболе, шахматах, настольным тэнісе. У 2020 годзе быў адкрыты цэнтр фізічнага выхавання пры Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі. Традыцыйна праводзяцца спартакіяды, летняя і зімовая, якія дазваляюць іх удзельнікам адчуць сябе сапраўднай камандай, дапамагаюць раскрыцца новым талентам і нават згуляць вяселлі.
Пытанні сацыяльнай абароны маладых навукоўцаў знайшлі адлюстраванне ў тарыфным пагадненні і калектыўных дагаворах, у большасці з іх прысутнічае раздзел “Гарантыі і сацыяльная абарона маладых навукоўцаў”. Маладыя людзі, якія праявілі сябе, уключаюцца ў перспектыўны рэзерв кадраў. Звальненне маладых навукоўцаў і навуковых работнікаў, якія маюць вучоную ступень, у сувязі са скарачэннем штату дапушчальна толькі па ўзгадненні з прафкамам.
Сёння 100% аспірантаў НАН Беларусі забяспечаны інтэрнатам. У 2014 годзе ім прадастаўлена дзяржаўнае арэнднае жыллё: у квартале “Магістр” атрымалі кватэры больш за 100 сем’яў маладых вучоных НАН Беларусі.
З мэтай выяўлення адоранай моладзі і развіцця яе здольнасцей у галіне навукі, тэхнікі і перадавых тэхналогій, а таксама матывацыі прафсаюзнага членства аб’яднаным прафсаюзным камітэтам заснаваны конкурс на лепшую першую навуковую работу сярод аспірантаў НАН Беларусі, прысвечаны Дню беларускай навукі.
Падрыхтавала Таццяна ЛАПАЦІНА.