Стварыць святочны настрой 8 Сакавіка пад сілу кожнаму мужчыну. І сакрэт даволі просты.
Першыя дні вясны заўсёды клопатныя для мужчын. Які букет выбраць каханай? Што падарыць дачцэ? Як павіншаваць маму, сясцёр, калег? Задача на першы погляд здаецца складанай. Але не трэба адчайвацца.
Адвечнае мужчынскае пытанне “Што любяць жанчыны?” напярэдадні свята 8 Сакавіка набывае асаблівае гучанне, бо кожнаму з нас хочацца парадаваць дарагога чалавека, даказаць, што ты клапатлівы муж, любячы тата, уважлівы сын, адным словам, сапраўдны мужчына. Самае простае — зрабіць падарунак.
Сотні сайтаў прапануюць набыць новы смартфон, дарагі парфум, прадметы гардэробу, упрыгажэнні, самыя розныя сертыфікаты. Калі ёсць прапанова, значыць ёсць і попыт. Усё пералічанае, безумоўна, падабаецца жанчынам і стане цудоўным падарункам на свята. Але, якой бы тэхналагічнай ні была мадэль смартфона, якім бы бліскучым ні было ўпрыгажэнне, зусім не матэрыяльныя даброты ствараюць святочны настрой.
У сучасным імклівым жыцці, калі жанчыне і кар’еру трэба будаваць, і рэалізоўваць свой творчы патэнцыял, і дзяцей выхоўваць, і яшчэ пра мужа не забываць, ёй усё складаней адчуваць сваю прыродную жаноцкасць. Таму для простага шчасця патрэбна нямнога — адчуваць да сябе ўвагу, быць любімай і каханай…
Фото с сайта pixabay.com
Упэўнены, гэтыя словы не памылковыя, бо калі жанчына вяртаецца дадому пасля працоўнага дня, а на парозе яе сустракаюць ласкавым словам, шчырай усмешкай і смачнай вячэрай, то і стомленасць знікае, і працоўныя клопаты адыходзяць на другі план. Думаю, кожны мужчына заўважаў, якой шчаслівай у гэтыя хвіліны адчувае сябе каханая.
Настаўніцкая праца няпростая. Даваць вучням трывалыя веды, выхоўваць сапраўдных патрыётаў Беларусі — усё гэта патрабуе шмат часу, сіл і энергіі. Нягледзячы на складанасці прафесіі, беларускія настаўніцы цудоўна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. А для гэтага вельмі важна не толькі пастаянна павышаць свой прафесійны ўзровень, але і мець надзейны тыл, каб у сям’і быў лад, каб дома іх сустракалі ласкавым словам, умелі выслухаць, даць параду, дараваць жаночую эмацыянальнасць, імпульсіўнасць, нарэшце, маглі проста, па-мужчынску моцна і надзейна, абняць. Калі ў мужчыны няма грошай на дарагі падарунак, то на клопат і ўвагу абавязкова павінен быць час. А лепш, і на першае, і на другое, але на другое — першачаргова.
З надыходзячым вясновым святам, дарагія жанчыны! Няхай у вашым жыцці будзе больш радасных, сонечных дзён, а на жыццёвым шляху сустракаюцца толькі клапатлівыя і ўважлівыя мужчыны!