Што з фільмаў «Лістапада» паглядзець? Нататкі пасля ХХХІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю

- 16:19АРТ-квартал

Суб’ектыўныя нататкі карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” як пасляслоўе да ХХХІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю, які ў лепшых сваіх праявах не толькі забаўляе гледачоў, але і прасвятляе, і выхоўвае.

Ці магчыма перагледзець усё, што кінематаграфісты з больш чым сотні краін прапануюць нам у дні фэсту? Аніяк! Гэта яшчэ цяжэй, чым сабраць у гербарыі прыгожае лісце з вялікага дрэва… Праграма “Лістапада”, якую даслала калегам прэс-­сакратар фэсту Наталля Хоміч, на 16 старонак: больш за 150 пазіцый! То прыгледзімся да некаторых з “лісточкаў”. Паспрабуем знайсці ў фільмах тое, што сагравае душу, абуджае думкі, выклікае пачуцці спагады, суперажывання. І моднае слова “эмпатыя” з арсенала псіхолагаў тут будзе дарэчы.

У кулуарах кінафэсту, на сустрэчах з акцёрамі, творчымі камандамі стваральнікаў фільмаў пашчасціла пачуць фразу: “Важна захоўваць усім гігіену эмоцый”. Які цудоўны вобраз! Ведаючы трошкі, як уладкаваны свет з мільярдамі розных мікраарганізмаў вакол нас (і нават унутры!) і як цесна ўсё з усім у свеце знітавана, мы дбаем пра чысціню, гігіену цела. І мыем жа рукі перад ядой. Але ёсць бруд і энергетычны, больш тонкі. У духоўным плане забруджваем сябе, калі акунаемся ў адмоўныя эмоцыі, смакуем-перажоўваем іх — і на кіна-, тэлеэкране ў тым ліку. А яшчэ больш катастрафічна сябе атручваем, калі самі ж негатыў генерыруем: так уганяем сябе па ўласнай волі ў розныя хваробы…

Згадаем некаторыя з фільмаў “Лістапада”, якія арыентуюць нас на дабрыню, любоў, спагаду. Гэта фільмы пра чысціню духоўную, гігіену эмоцый, пра тое, як не самаразбурацца, годна супраць­стаяць абставінам — і спачуваць, праяўляць эмпатыю.

Мастацкая кінастужка “Мой дзед” (у інтэрнэце ёсць пад рускай назвай “Дедушка”) пакідае ўражанне светлае і ўзвышае душу, хоць галоўныя героі, дзед і ўнук, праходзяць праз складаныя выпрабаванні, у тым ліку і выжываючы параненымі ў тайзе. Спачатку гэта непаразуменні ў дзеда з блізкімі людзьмі — дачкой і зяцем-вучоным, якія тым жа вечарам гінуць у аўтакатастрофе. У машыне быў і сын-падлетак, які пажыў летам з дзедам і вяртаўся з бацькамі ў горад. Адзіны з трох выжыў, але атрымаў цяжкую псіхічную траўму.

Сірата панік, жыве ў таёжным пасёлку з дзедам, якому дабрадзеі настойліва ра­яць здаць “разгубленага” хлопца ў спецінтэрнат: ён жа “дзіўны”, баіцца шуму, людзей і ўвогуле не гаворыць. А дзед, ролю якога з вялікай самааддачай выконвае народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін, інтуітыўна, відаць, ведае, што клін клінам выбіваюць. І разам з падлеткам-унукам (яго ролю выконвае 14-гадовы Усевалад Клімёнак з Санкт-Пецярубрга) ідзе на рызыку, на паляванне, з разуменнем: цяпер і яго лёс, і хлопчыка залежыць ад таго, ці здолее справіцца ўнук з фобіямі, а таксама з суровым выпрабаваннем тайгой.

У фільме шмат цеплыні, душэўнасці, але ж і дзедавай строгасці, нават нейкай жорсткасці, надрыву. Бо і жыццё ў глыбінцы суровае: гэта не салодкія цукерачкі, якімі частуе ўнука дзед. Жыццёвая праўда ўдала спалучана ў творы з праўдай кінамастацтва. Ёсць гледачам над чым падумаць і паразважаць, чаму павучыцца.

Пасля кінасеанса пад апладысменты гледачоў (фільм потым атрымаў прыз глядацкіх сімпатый фестывалю) выйшаў пад экран рэжысёр Святаслаў Уласаў, які і сцэнарый напісаў. Ён сказаў, што праца яго доўжылася больш чым дзесяць гадоў. Таму, пэўна, і “выстаяўся” фільм, набыў вобразнасць і глыбіню. Былі на сцэне акцёры, прадзюсар. Дзед-Гасцюхін прадстаўляў Ірыну Пегаву, якая па хо­дзе фільма праяўляе да яго найлепшыя пачуцці. Больш за тое, каб абара­ніць хлопчыка, у тым ліку і ад спецінтэрната, маладая жанчына самаахвярна становіцца дзедавай жонкай (а ў яго праблемы з сэрцам…) — на такой мажорнай ноце заканчваецца кінадзея.

“Такія сцэнарыі бываюць рэдка, звычайна цяпер здымаюць казкі, блокбастары, каб зарабіць грошай… — гаварыў Уладзімір Гасцюхін. — Але ж мы думалі не пра грошы, а пра людзей, пра душу. Гэты фільм прадаўжае найлепшыя традыцыі савецкага кіно, ён прымушае задумацца. І таму я з радасцю пагадзіўся на здымкі ў ім”.

На ўрачыстасці з нагоды закрыцця кіна­фэсту ў кінатэатры “Масква” гэты фільм атрымаў спецыяльны прыз Саюзнай дзяржавы за ўклад у захаванне духоўна-маральных і культурна-гістарычных каштоўнасцей. А Уладзімір Гасцюхін прызнаны пераможцам у намінацыі “За лепшую мужчынскую ролю”. Дарэчы, на кінафэсце ён увесь час называў Усевалада Клімёнка ўнукам, з яўнай пяшчотай да яго ставіўся (а юны акцёр быў на сцэне ў складзе творчай каманды фільма), і некаму здавалася, што гэта сапраўды ўнук Уладзіміра Васільевіча. Сам жа ён з лёгкай тугой на закрыцці кіна­фэсту звярнуўся са словамі ўдзячнасці да гледачоў — і, гаворачы пра свой узрост (яму пад 80) і ўсё меншы запас энергіі, нібы развітваўся з намі…

Некаторыя крыху скептычна паставіліся да пазаконкурснага паказу на кіна­фэсце ў адзін з вечароў прэм’еры тэлеверсіі спектакля “Ідыёт”. І дарма, бо тэлеверсія дэманструе ў дзеі новыя важныя рысы, дае яскравыя буйныя планы, набліжае да нас герояў, прыадкрывае свет іх эмоцый, перажыванняў, пошукаў сябе ў свеце і найвышэйшага пачатку ў сабе. Спектакль паводле рамана Фёдара Дастаеўскага з поспехам ідзе на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горкага. У 2023-м яго аднавіла паводле ранейшай бялградскай пастаноўкі сербскага рэжысёра Стэва Жыгана яго дачка Івана (вымаўляецца з націскам на і).

У эксклюзіўным інтэрв’ю “Настаўніцкай газеце” Івана Жыган сказала, што спектакль “Ідыёт” — глыбокі, шматслойны твор пра выхаванне душы, і вельмі важна, каб паглядзела яго як мага больш людзей, найперш маладых: старшакласнікаў, навучэнцаў, студэнтаў. “Неабходна ўвесь час вяртацца на жыццё­вых шляхах да галоўных каштоўнасцей, не забываць пра іх. А Дастаеўскі такі цудоўны настаўнік! Лепшага і не знайсці ў гэтых пытаннях. Але вытлумачыць яго філасофію, погляды на жыццё ўсё цяжэй, бо мы аддаляемся ад сапраўднага мастацтва, часта яно скочваецца ў танныя падробкі. Сённяшні спектакль на беларускай сцэне — гэта не проста ініцыятыва некага аднаго: тое было наканавана і павінна было здарыцца. Праведзена велізарная работа ў 1990-я гады маім бацькам-рэжысёрам, а тут спектакль уваскрос як бы сілай духу, у творы Дастаеўскага закладзенай. Ён ажыў дзякуючы і цудоўнай ігры беларускіх акцёраў. Яны збераглі сваю духоўную моц і чысціню, таму што, лічу, беларускія гледачы яшчэ не падпалі пад татальны ўплыў дурных серыялаў, якія, на мой погляд, ёсць прадукт капіталістычнай, спажывецкай цывілізацыі. Сапраўднае мастацтва імкнецца выказаць сябе цэласна, не эпізадычна. І вашы акцёры збераглі самае галоўнае — цэльнасць душы, не растрацілі сябе на бяздумныя серыялы. Гэта каштоўны рэсурс, якім варта ганарыцца! У Беларусі я бачу аддачу ад мастацтва, ёсць вера ў яго, чаго ўсё менш там, дзе пануе спажывецкая цывілізацыя”.

Спектакль карыстаецца вялікім поспехам, адзначаны рознымі ўзнагародамі, а галоўнае, лічыць Івана, што маладыя гледачы ўспрымаюць на ўра гэтую пастаноўку, глыбокую і сур’ёзную. Госця з Сербіі пераканана, што тэлеверсія, у якую ўкладзена шмат сіл, абавязкова знойдзе шлях да сэрцаў гледачоў. Праект унікальны: у спектаклі занята 35 акцёраў, цудоўна папрацавала каманда тэлеканала “Беларусь-3”. Сама ж Івана два гады 50 начэй працавала як рэжысёр тэлемантажу над матэрыялам, адзнятым рознымі камерамі. Яна мяркуе, што тэлеверсія спектакля “Ідыёт” будзе запатрабаванай і ў беларускіх, і ў сербскіх школах, і ўсюды, дзе моладзь вывучае мастацтва. “Беларусь у нашым часе — маяк для ўсіх славян у адметным ладзе жыцця, павазе да вечных каштоўнасцей. І гэта мне дае сілы тут працаваць, сюды прыязджаць”, — сказала Івана.

“Трэба паказваць ва ўсіх кінатэатрах!”, “Фільм варты “золата” “Лістапада”, і не толькі!” — захапленне гледачоў магу зразумець, бо не часта ж цяпер яны і смяюцца, і пла­чуць, і гэтак спачуваюць тым, хто на экране, як тое было на паказе тэлеверсіі спектакля “Ідыёт”.

На добры толк, варта б пасля кожнага кінафестывалю “Лістапад” з удзелам педагогаў складаць спісы фільмаў “для пазакласнага прагляду” — як настаўнікам, так і дзецям. А то і для сумеснага прагляду і абмеркавання. Мы ж не перастаём сцвярджаць, што з усіх мастацтваў для нас кіно галоўнае, дык чаму б і не! Велізарны адабраны кінарэсурс не праблема знаходзіць і выкарыстоў­ваць у выхаваўчай рабоце. Мяркую, кантакты Мінасветы і Мінкультуры з дырэкцыяй кінафестывалю важнай дзейнасці паспрыяюць.

З ліку ж таго, што ўдалося паглядзець сёлета, рэкамендаваў бы ў такі спіс беларускія фільмы “Пераломны момант” рэжысёра Дзмітрыя Сарокі і “Гіркан” Ігара Бышнёва. Плюс узбекістанскі “У пагоні за вясной” Аюба Шахабідзінава (шчымлівы фільм пра былую настаўніцу і яе першае каханне). Яшчэ расійскія “Глядзі на мяне!” Уладзіміра Грамацікава, “Двое ў адным жыцці, не лічачы сабакі” Андрэя Зайцава (пра жыццё сям’і былых піцерскіх выкладчыкаў-пенсіянераў), “Раман Кастамараў. Народжаны двойчы” Міхаіла Шчадрынскага. І вядома ж, паглядзіце фільм-прыпавесць без слоў з Паўночнай Асеціі “Паляўнічы” Заура Цагоева, які атрымаў гран-пры “Лістапада”.

 Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара