Спорт у лічбавым фармаце

- 15:35Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У чацвер у Рэспубліканскім цэнтры фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў узнагароды атрымалі самыя спартыўныя фатографы — пераможцы Рэспубліканскага конкурсу фотаработ на спартыўную тэматыку ў рамках рэспубліканскіх акцый “Алімпізм і моладзь” і “Студэнцтва сустракае чэмпіянат”. Безумоўна, галоўным прызам для моладзі сталі білеты на фінальныя матчы чэмпіянату. Арганізатарамі конкурсаў выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разам з РЦФВіСНС і Беларускай асацыяцыяй студэнцкага спорту.

Конкурсы праводзіліся сярод навучэнцаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па пяці намінацыях: “У хакей гуляюць сапраўдныя мужчыны”, “Асоба ў спорце”, “Імгненне перамогі”, “Займіся спортам”, “Моладзь выбірае здаровы лад жыцця”. І, як адзначыў старшыня журы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.В.Якжык, з прафесійнага пункту гледжання гэтыя намінацыі былі няпростымі. “Каб выхапіць імгненне, якое б дало права прыняць удзел у гэтым конкурсе, недастаткова было проста націснуць на кнопку фотаапарата: для гэтага трэба сапраўды любіць спорт, цікавіцца ім, хадзіць на мерапрыемствы, — гаворыць Віктар Віктаравіч. — І мы задаволены, што конкурс “Алімпізм і моладзь”, які ўжо стаў традыцыйным, штогод збірае рэкордную колькасць удзельнікаў”.

“Спорт неверагодна шматгранны, гэтак жа, як і мастацтва, — зазначыў, выступаючы перад студэнтамі, галоўны трэнер Нацыянальнай зборнай каманды па фрыстайле Мікалай Іванавіч Казека. — Удзел маладых людзей у творчых конкурсах дазваляе ім дакрануцца да гэтага мастацтва. Сёння спорт стаў той сацыяльнай з’явай, якая ўскалыхнула літаральна ўсю краіну, не пакінула ўбаку ніводнага чалавека. Беларусь, як ніколі, аб’ядналася, каб падтрымаць сваіх спартсменаў”.

Наступнае маштабнае мерапрыемства таксама на парозе. У жніўні бягучага года ўпершыню ў Рэспубліцы Беларусь будзе праводзіцца студэнцкі чэмпіянат свету па веславанні на байдарках, удзел у якім пацвердзілі 23 краіны. Па словах арганізатараў, такая папулярнасць праведзеных конкурсаў надае ўпэўненасць і надзею, што наперадзе ў беларускага студэнцтва — новыя перамогі, у тым ліку і творчая.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.