Стабільнасць, мірнае жыццё і росквіт. Напярэдадні важнай падзеі педагагічная грамадскасць – пра тое, за што галасуе

- 10:01Главная, Моя гражданская позиция, Новости

Педагагічная грамадскасць адчувае падтрымку дзяржавы і нацэлена працаваць на карысць моцнай і квітнеючай Беларусі. Сваімі меркаваннямі на гэты конт прадстаўнікі сферы адукацыі падзяліліся з карэспандэнтамі “Настаўніцкай газеты”.

Ларыса Папкова, начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама:

— Мазыршчына — дзіўны край, культурны і гістарычны цэнтр Палесся, Гомельшчыны, Беларусі, пра што нагадваюць гістарычныя мясціны і помнікі архітэктуры. Лю­дзі тут самыя цудоўныя, ідэйныя і гатовы працаваць на карысць.

Кіраўніком зараз быць няпроста, і толькі неабыякавасць рухае сістэму адукацыі наперад. У маім падпарадкаванні больш за 80 устаноў адукацыі, гэта столькі ж кіраўнікоў плюс адміністрацыя і педагогі. Людзі, якія выбралі па клічы сэрца прафесію нас­таўніка — а іх на сёння больш за 2,5 тысячы, вучаць і выхоўваюць больш за 16 тысяч школьнікаў і больш за 5 тысяч дашкольнікаў. Гэта вялікая сям’я, у якой да кожнага трэба падабраць ключ, важна ўмець бачыць людзей, падтрымаць.

Сістэма адукацыі раёна мабільная і працаздольная. Калегі — людзі творчыя, без якіх немагчымы поспех працэсу выхавання, навучання і развіцця дзіцяці.

Прафесійны вопыт дазваляе кропкава бачыць тую ці іншую праблему, прафесійна знаходзіць рашэнне. Сакрэтная зброя і ў працы, і ў жыцці — чалавечае стаўленне да кожнага.

Прафесіяналы, якія выбіраюць свой метад работы, зыходзячы з уласнай індывідуальнасці, разумеючы сваё прызначэнне, здольны стаць на больш высокі ўзровень духоўнасці і адукаванасці на шляху да прафесійнай дасканаласці.

Цудоўна, што я заўсёды магу паспа­дзявацца на сваю каманду — каманду кіраўнікоў, намеснікаў. Заўсёды кажу мы: “Мы зможам, мы зробім”. Любую ідэю, праект, мерапрыемства рэалізуем разам. У нас нават ёсць свой дэвіз, які нагадвае, што мы ўсе плывём у адной лодцы. А ў дапа­могу нам бацькі і нашы юныя мазыране.

Вядома, работа аддзела адукацыі накіравана на вынік, на адзіную сістэму, на яе развіццё. Ісці наперад, бачыць перспектыву — сёння гэта самае галоўнае. Кожная школа, кожны дзіцячы сад — скарбніца талентаў, дзе педагогі працягваюць здзіўляць майстэрствам і крэатывам. Мазырскі раён вылучаецца карпатлівай працай педагогаў, навучэнцаў і бацькоў. Не на словах, а на справе штогод паказваем добрыя вынікі. Так, дзеці дабіваюцца поспехаў у алімпіядным руху як на раённым, так і на абласным, рэспубліканскім узроўнях. У мінулым годзе юнымі эрудытамі завая­вана 47 дыпломаў у трэцім і 9 дыпломаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. 10 навучэнцаў атрымалі 100-бальныя сертыфікаты на ЦЭ, у 6 выпускнікоў сертыфікаты па ЦТ з абсалютнымі лічбамі. Штогод адораныя і высокаматываваныя навучэнцы паспяховыя на міжнароднай арэне. Напрыклад, на Жаўтыкаўскай алімпіядзе выхаванец Цэнтра юных пажарных Мазыра Іван Жукаў стаў сярэбраным прызёрам па інфарматыцы.

Кожная ўстанова адукацыі вылучаецца сваёй адметнасцю. Першы і самы галоўны козыр — педагагічны калектыў. Педагогі — тыя людзі, якія кожны дзень працуюць з нашай моладдзю, выхоўваюць правільныя ідэалы, павагу да дзяржаўных сімвалаў, любоў да Радзімы, на справе пацвярджаюць вядомую ісціну: выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт.

Мне сёння ўсё пад сілу, не баюся складанасцей у рабоце. Імкнуся працаваць якасна, не падвесці — гэта аснова, закладзеная яшчэ ў дзяцінстве, гэтымі прынцыпамі кіруюся і сёння.

Здаецца, некаторыя жыццёвыя прынцыпы ўвабрала з малаком маці, якая ніколі не казала “я хачу”, “мне трэба”, а галоўнымі паняццямі для яе былі праўда, сумленне, гонар. Яна часта хацела толькі аднаго, каб усе мы заўсёды жылі ў мірны час. З нашай сям’і ў гады Вялікай Айчыннай вайны на фронт пайшлі абодва дзядулі па бацькоўскай і мацярынскай лініі. Мае продкі — героі, якія прайшлі праз пекла вайны. У сям’і мы часта гаворым пра падзеі таго жудаснага часу, успамінаем усіх тых, каго ўжо няма з намі. Гэтыя ўспаміны — самыя святыя, і яны не павінны забывацца. Відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны з кожным годам становіцца ўсё менш, на жаль, іх жыццёвы агонь згасае. Важна данесці гістарычную праўду да сучаснага пакалення, моладзі. Трэба расказваць, што свет вельмі крохкі, яго трэба берагчы, памятаць пра тое, што Радзіма адна і абараняць яе трэба разам. Сённяшні вучань — абаронца Радзімы, наша будучыня. Таму выхоўваць маладое пакаленне трэба на любові да роднага краю, сваёй Айчыны.

Як і многія беларусы, выступаю за мірную, светлую і квітнеючую Беларусь. Люблю Радзіму не проста на словах, а імкнуся даказаць гэта справай. Як галоўны педагог раёна разумею, наколькі важная задача выхаваць падрастаючае пакаленне на правільных арыенцірах. І гэтае меркаванне падзяляюць усе нашы педагагічныя работнікі. Хто, як не мы, павінен паказваць юным грамадзянам прыклад выхаванасці, адукаванасці, патрыятызму і, безумоўна, палітычнай дасведчанасці.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара

Ірына ДРАЗДОВА, начальнік упраўлення па адукацыі Полац­кага райвыканкама:

— Працаваць на карысць моц­най і квітнеючай Беларусі — на гэта нацэльваю кожны свой крок і работу педагагічнага калектыву раёна. Нас радуе, натхняе ставіцца да сваёй справы адказна, старанна і творча ўсведамленне, што гэта поўнасцю супадае з курсам, якім вядзе нашу краіну нацыянальны лідар. Калі бачыш, наколькі сістэмна і стабільна развіваецца грамадства, як дзяржава клапоціцца пра даб­рабыт людзей, немагчыма не адгукнуцца ўдзячна словам і ўчынкам, у кожнай сітуацыі максімальна прыкла­даючы ўласныя намаганні.

Сярод асноўных складнікаў і рэсурсаў павышэння ўзроўню жыцця заўсёды была, ёсць і будзе адукацыя. Полаччына забяспечвае рост якасці адукацыйнага працэ­су, у поўным аб’ёме выконваюцца мэтавыя паказчыкі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2021—2025 гады. За справаздачнымі фармулёўкамі — калектыўны ўклад у развіццё малой радзімы і роднай Беларусі, праяўленне на справе кансалідаванай грамадзянскай пазіцыі педагогаў. Штогод нашы ўстановы становяцца першым працоўным месцам больш чым для 60 маладых спецыялістаў. Дарэчы, замацавальнасць кадраў — адна з самых высокіх у вобласці, у 2024 годзе — 81 працэнт. Вельмі красамоўны паказчык: моладзь застаецца, бо для яе ствараюцца спрыяльныя ўмовы. Летась з выпускнікамі школ заключана на 33 працэнты больш дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы, чым было ў папярэднюю ўступную кампанію. Нашы дзеці і іх бацькі ацанілі перавагі гэтай траекторыі атрымання адукацыі — а яна, зноў жа, з’яўляецца праяўленнем сацыяльна арыентаванай дзяржаў­най палітыкі.

Відавочна, што дастатак беларусаў, іх магчымасці з году ў год павялічваюцца. Набытае намі разам за апошнія 30 гадоў вельмі каштоўна. Сустракаючыся з педа­гогамі, я штораз пераконваюся: яны задаволены дэталёва праду­манай дзяржаўнай палітыкай. Людзі не хочуць нейкіх кардынальных перамен. Калектыўны запыт выразна скіраваны на сістэмнае планаванне, удасканаленне.

У нас сёння ёсць магчымасць спакойна жыць, вучыцца і працаваць, ствараць сем’і, гадаваць дзяцей пад мірным небам, ярка і пазітыўна праяўляць свае таленты і здольнасці.

Узровень адукацыі, меды­цынскага абслугоўвання сучасны, даступны для ўсіх. Дзяржава выступае гарантам сацыяльнай абароны насельніцтва, забяспечвае варыян­ты працаўладкавання. Толькі за мінулы год у горадзе з’явіліся два знакавыя новыя аб’екты — камфортны дзіцячы дом сямейнага тыпу і шыкоўны картадром. У 2023 годзе мы адкрылі выдатны новы дзіцячы сад у мікрараёне новабудоўляў Аэрадром. З улікам пажаданняў палачан запланавана будаўніцтва яшчэ адной дашкольнай установы. Эфектыўнасці адукацыйнага працэсу садзейнічаюць яго якаснае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, работа рэсурсных цэнтраў з сучасным абсталяваннем. Маштабны капітальны рамонт завершаны ў сярэдняй школе № 14 Полацка, сёння гэта сацыякультурны цэнтр мікрараёна Грамы.

Мы надаём прыярытэтнае значэнне грамадзянска-патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей і моладзі. У раёне рэалізуюцца адметныя праекты “Полацкі рубеж” і “Памятаць, каб жыць”, актыўна дзейнічаюць ваенна-патрыятычныя клубы. Наша гордасць — Полацкае кадэцкае вучылішча, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і дастойны пераемнік традыцый славутага Полацкага кадэцкага корпуса. Сёлета мы рыхтуемся адзначыць яго 190-годдзе. На базе вучылішча ў рамках супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой за кошт спонсарскай дапамогі ў мінулым кастрычніку быў адкрыты кабінет духоўна-маральнага выхавання, стартаваў вялікі сацыякультурны праект “Патрыятызм — імя ўласнае”.

Сярод радасных для палачан і важных для ўсёй рэс­публікі нядаўніх падзей варта вылучыць адкрыццё пасля рэстаўрацыі жамчужыны праваслаўя — Спаса-Праабражэнскай царквы Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Каманда лепшых спецыялістаў Беларусі і Расіі пастаралася вярнуць храму першапачатковае аблічча, якое было пры жыцці Еўфрасінні Полацкай. Работы здзейснены па дару­чэнні нашага Прэзідэнта і пры фінансавай падтрымцы дзяржавы. Мы вельмі ўдзячны. Насамрэч адраджэнне такіх святынь — пытанне нацыянальнага гонару.

А ў святле найважнейшай для беларусаў падзеі, калі будучыня Радзімы залежыць ад праяўлення грамадзянскай пазіцыі кожнага, асабіста пра сябе скажу: скарысталася магчымасцю датэрміновага галасавання, бо ў маім рашэнні не было хістанняў і сумненняў. Свой выбар я зрабіла даўно, і ён нязменны.

Таццяна БОНДАРАВА

Вольга ТАРАСЮК, начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама:

Калі фарміруецца актыўная грамадзянская пазіцыя? Думаю, у той ці іншай ступені гэта адбываецца на ўсіх жыццёвых этапах: у дзіцячым, юнацкім, сталым узросце.

Калі гаварыць пра сябе, то мая грамадзянская пазіцыя фарміравалася менавіта з дзяцінства. Спачатку маімі бацькамі. Сваім прыкладам яны вучылі любіць родную зямлю, паважаць людзей і іх працу. Актыўнасць грамадзянскай пазіцыі ў нас была своеасаблівай сямейнай традыцыяй. Яркія ўспаміны мінулага — сумесныя паходы на дэманстрацыі працоўных падчас дзяржаўных свят і тое, як дарослыя дазвалялі апусціць бюлетэні ў скрыню для галасавання на выбарах. Крыху пазней эстафету фарміравання грамадзянскай пазіцыі перанялі педагогі, якія заўсёды падтрымлівалі маю актыўнасць і ініцыятыўнасць.

Сёння актыўная грамадзянская пазіцыя для мяне — пазіцыя павагі да сваёй дзяржавы, імкненне ўнесці свой уклад у развіццё малой радзімы і сваёй краіны.

Кіруючы сістэмай адукацыі Лідскага раёна, падтрымліваю ініцыятывы, накіраваныя на фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму ў навучэнцаў, — работу маладзёж­нага парламента і ваенна-патрыятычных клубаў, валанцёрскі рух…

Сваю грамадзянскую пазіцыю праяўляю і з’яўляючыся старшынёй раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”. Знаходзіць аднадумцаў і дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу, — наша задача. Раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду падтрымлівае дзяцей з асаблівасцямі здароўя, са­дзейнічае пашырэнню інклюзіўнай прасторы ў рэгіёне, заахвочвае творчыя і сацыяльна значныя іні­цыятывы навучэнцаў.

З’яўляючыся членам Беларускай партыі “Белая Русь”, актыўна ўдзельнічаю ў патрыятычных акцыях і праектах. Ініцыірую іх правядзенне сярод педагагічнай грамадскасці раёна, напрыклад, велапрабег па значных мясцінах нашага горада да Дня народнага адзінства.

У мінулым годзе выбрана дэпутатам Лідскага раённага Савета дэпутатаў. І гэта таксама магчымасць праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю праз вырашэнне канкрэтных праблем канкрэтных людзей. Нават дарыць радасць, як гэта было ў перыяд правядзення навагодняй даб­рачыннай акцыі “Нашы дзеці”, — адно з праяўленняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Мая пазіцыя — падтрымка палітыкі маёй дзяржавы. Палітыкі міру і стварэння. Ужо даўно вызначылася са сваім выбарам у сёлетняй электаральнай кампаніі і зрабіла яго. За моцную і квітнеючую Беларусь!

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

Жанна АЎДЗЕЙ, начальнік аддзела па адукацыі Камянецкага райвыканкама:

— Любіць і берагчы сваю сям’ю, а значыць, і родную краіну, быць адданым і нераўнадушным да сям’і, а зна­чыць, і да роднай краіны — так вучылі і выхоўвалі мяне бацькі. Але каб любіць і берагчы, быць адданым і нераўнадушным, трэба валодаць трывалымі асобаснымі якасцямі, якія дапамогуць выстаяць у любой сітуацыі. Таму задача сучаснага педагога заключаецца ў выхаванні моладзі на аснове грамадзянскасці і пат­рыятызму. Працаваць у гэтым кірунку варта ўзважана і паслядоўна, каб дзеці змалку вучыліся любіць і шанаваць Радзіму.

Я нарадзілася і вырасла на Камянеччыне. Уся мая працоўная і грамадзянская дзейнасць звязана з сістэмай адукацыі рэгіёна. Тут нарадзіліся, выраслі і працавалі бацькі. Так, маці шмат гадоў шчыравала на ніве адукацыі. Дзякуючы ёй, я ўжо ў 6-гадовым узросце зразумела сваё прызванне — настаўніцтва. Да сённяшняга часу памятаю трапяткія пачуцці да першага педагога, акцябрацкага значка, піянерскага гальштука, камсамольскага білета. Была старастай класа, актыўна ўдзельнічала ў розных школьных мерапрыемствах, імкнулася не падвесці і апраўдаць давер. Наведвала танцавальны і драматычны гурткі, спявала ў хоры… З усяго гэтага і склалася мая грамадзянская пазіцыя як чалавека і кіраўніка.

У нашай краіне створаны неабходныя ўмовы для якаснай адукацыі, творчай самарэалізацыі асобы, паспяховага працаўладкавання і бацькоўства. І Камянеччына тут не выключэнне. Так, за апошнія 3 гады праведзены капітальныя рамонты харчаблока ў сярэдняй школе № 2 Камянца і Камянюцкай сярэдняй школы, бягучыя рамонты ў Воўчынскай сярэдняй школе і сярэдняй школе № 2 Камянца, рамонты памяшканняў у Высока-Літоўскім дзіцячым садзе і фасада Раснянскага дзіцячага сада, спартыўных стадыёнаў сярэдніх школ №№ 1 і 2 Камянца, усталявана сучасная варкаўт-пляцоўка ў Белавежскай сярэдняй школе. Сёння ажыццяўляецца рамонт дзіцячага сада № 2 Камянца. Акрамя таго, істотна папоўнілася і абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі раёна: заменена тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне харчаблокаў, набыты 12 камп’ютарных класаў з праграмным забеспячэннем, персанальныя камп’ютары для дзіцячых садоў і ЦКРНіР, 6 сучасных інтэрактыўных панэлей. 

На мінулагоднім Рэспуб­ліканскім педагагічным савеце наш Прэзідэнт сказаў: “Сфера адукацыі — дзяржаваўтваральная галіна. Калі сёння не будзе адукаванай і выхаванай моладзі, заўтра не будзе краіны”. Адукацыйная галіна патрабуе сур’ёзных укладанняў (не толькі фінансавых, але і асобасных), якія заключаюцца ў тактычна і стратэгічна правільных падыходах да рэалізацыі розных задач на ўсіх яе ўзроўнях. Адна з першачарговых — выхаваць грамадзяніна-патрыёта, які будзе імкнуцца не з’ехаць з краіны, а рэалізавацца на Радзіме. 

Сёння прэзідэнцкія словы, сказаныя на Рэспубліканскім педагагічным савеце, разабраны на цытаты і з’яўляюцца ключавымі як для педагогаў, так і для кіраўнікоў. І самае галоўнае, што гэтыя словы не разыходзяцца са справамі. 

Дзяржава аказвае важкую сацыяльную падтрымку педагогам. Са студзеня бягучага года павысіліся надбаўкі настаўнікам — на 39%, сацыяльным педагогам, педагогам-псіхолагам, выхавальнікам і іх памочнікам — на 20%, майстрам вытворчага навучання — на 27%.

Па выніках мінулага года сярэдні заробак педагогаў Камянеччыны склаў 1879 рублёў, у тым ліку нас­таўнікаў — 2060 рублёў.

Адчуваючы моцную падтрымку з боку кіраўніка дзяржавы, педагагічная грамадскасць краіны добра ўсведамляе ступень даверу і адказнасці, якія ляжаць на ёй і патрабуюць быць бездакорным ва ўсім. І гэта заканамерна: нам даверана самае каштоўнае — дзеці! І мы не маем права падвесці! У гэтым крэда ўласнай работы і работы настаўніцтва Камянеччыны. 

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў мы выдатна разу­меем высокую грамадзянскую адказнасць за мірную і дастойную будучыню Беларусі, якая грунтуецца на пераем­насці пакаленняў і стваральным вопыце папярэднікаў. Час выбраў нас.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ

Алена НЕСЦЯРОВІЧ, начальнік аддзела па адукацыі Клічаўскага райвыканкама:

— З сістэмай адукацыі маё жыццё звязана на працягу ўжо 30 гадоў. Усе гэтыя тры дзесяцігоддзі былі часам стваральнай працы. У развіцці ўстаноў адукацыі здзейснены істотны рывок. Нашы школы і дзіцячыя сады сёння сучасныя, яркія, прывабныя. Усюды створаны належныя ўмовы для сапраўды якаснага навучання падрастаючага пакалення.

Адметна, што выключная ўвага адукацыйнай сферы ўдзяляецца не ў межах нейкага канкрэтнага горада ці раёна. Гэтая тэндэнцыя прасочваецца па ўсёй краіне. Педагагічная грамадскасць пастаянна адчувае падтрымку дзяржавы. Мы ўпэўнены ў стабільнасці заўтрашняга дня. Мы ведаем, што нашы ініцыятывы заўсёды будуць пачуты. Гэта натхняе і матывуе працаваць плённа, добрасумленна, з душой.

Непасрэдна так адносіцца да сваёй справы клічаўскае настаўніцтва. Першачарговай мэтай педагагічныя калектывы бачаць не толькі прада­стаўленне якасных ведаў, але і выхаванне навучэнцаў, іх падрыхтоўку да жыцця. Да ажыццяўлення вызначаных задач рухаемся разам. Згуртаванасць прыносіць адпаведныя вынікі.

Наш раён неаднаразо­ва прызнаваўся лепшым па арганізацыі адукацыйнай дзейнасці ў Магілёў­скай вобласці. І гэта цалкам заслужана. Ва ўстановах адукацыі рэалізуюцца інавацыйныя праекты, у вучэбны працэс укараняюцца перадавыя методыкі і тэхналогіі. Педагогі нястомна павялічваюць прафесійнае майстэрства, больш за 80% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Заўзятасць і неабыякавасць нас­таўнікаў станоўча адбіваюцца на навучэнцах. Дзеці дэманструюць высокі ўзровень ведаў, паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах.

Шмат працуюць педагогі над выхаваннем і асобасным станаўленнем вучняў. У прыярытэце — фарміраванне патрыятызму і грамадзянскасці, далучэнне да гісторыі, культуры і нацыянальных традыцый. У прывіцці любові да Айчыны вялікую дапамогу аказваюць ваенна-патрыятычныя клубы. Літаральна праз месяц у нас іх будзе пяць.

Ключавы аспект работы кожнай школы — прафарыентацыя. І тут таксама ўсё наладжана. У раёне функцыянуюць чатыры педагагічныя, тры інжынерныя і восем аграрных профільных класаў. Выпускнікі пераступаюць школьны парог з дакладным прафесійным вызначэннем. Яны знаходзяць месца ў грамадстве, ствара­юць сем’і, працуюць на карысць Радзімы. Менавіта гэта ўсёй настаўніцкай грамадскасцю лічым сваім галоўным дасягненнем.

Ганарымся і тым, што ў нашы педагагічныя рады рэгулярна ўліваюцца маладыя кадры. Прычым большая частка маладых спецыялістаў — ураджэнцы раёна.

Маладых педагогаў акружаем усебаковым клопатам. Эфект адпаведны: звыш 86% замацоўваюцца на першых працоўных месцах. Шмат у чым гэты паказчык стаў магчымы дзякуючы правільнай дзяржаўнай мала­дзёжнай палітыцы.

У Беларусі для мола­дзі адчынены ўсе дзверы і дарогі. Ды і ў цэлым пры жаданні ў нас любы чалавек можа самарэалізавацца.

Зараз, калі мы стаім на парозе важнейшай грамадска-палітычнай падзеі, асабліва значнымі становяцца праяўленне актыўнай пазіцыі і народнае адзінства. Беларусь дасягнула многага, але трэба працягваць ісці наперад. Якім стане гэты шлях, залежыць ад усіх нас. Будучыня краіны — гэта наш выбар. Непасрэдна мой голас будзе за захаванне стабільнасці і далейшы росквіт роднай зямлі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Аксаны МЫЦЬКО

Галіна ГАПАНЬКОВА, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турыз­ме Дзяржынскага райвыканкама:

— Я чалавек справы, таму раблю ўсё, што ў маіх сілах. І раблю гэта ў першую чаргу для Радзімы. Я люблю і шаную тое, што ў мяне ёсць сёння, і хачу, каб у нашай краіне засёды былі мір, стабільнасць, адзінства і згода. Як патрыёт я захапляюся маляўнічай беларускай прыродай, ганаруся нашай славутай гісторыяй, подзвігамі продкаў, культурай, навуковымі дасягненнямі Беларусі, яе народнымі традыцыямі і шматгранным мастацтвам.

Як педагог адчуваю адказнасць за будучыню роднай зямлі, ведаю, што ўсё гэта, святое і непарушнае, мы павінны перадаць наступным пакаленням. Тым не менш проста разумець — гэтага на сённяшні дзень вельмі мала. Важна дзейнічаць і быць прыкладам для родных, калег і сяброў. У сваёй прафесійнай дзейнасці зыходжу з таго, што выхаванне грамадзянскасці з’яўляецца галоўным кірункам сучаснай сістэмы адукацыі, падмуркам для фарміравання ідэалагічнага фундаменту грамадства.

Якія складнікі гэтага фундаменту я бачу сёння? У яго аснове — праца і розум, а таксама вялікая колькасць канструктыўных ініцыятыў з боку дзяржавы. З упэўне­насцю магу сцвярджаць, што ў Дзяржынскім раёне створаны ўсе ўмовы для навучэнцаў і педагогаў, каб яны маглі рэалізаваць свой патэнцыял у розных кірунках.

Як кіраўнік сістэмы адукацыі Дзяржынскага раёна з радасцю і гордасцю назіраю за тым, як з кожным годам удасканальваецца адукацыйная прастора кожнай установы, як расце грамадская актыўнасць усіх удзельнікаў працэсу навучання і выхавання, у тым ліку і бацькоў. Прывяду такі прыклад. Кіраўніцтва Дзяржынскага раёна, як і ўстановы адукацыі, ганарыцца сваімі навучэнцамі, якія паспяхова перамагаюць у шматлікіх інтэлектуальных конкурсах і спаборніцтвах. Нашы дзеці становяцца дыпламантамі заключнага этапу рэс­публіканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. З мэтай падтрымкі найбольш здольных, адораных і высокаматываваных вучняў у 2024 годзе Дзяржынскім райвыканкамам прынята грамадска значнае рашэнне — штогод у чэрвені на цэнтральнай плошчы ў прысутнасці жыхароў горада і раёна ўшаноўваць лепшых юнакоў і дзяўчат, якія адстаялі гонар малой радзімы і дасягнулі найвышэйшых вынікаў у алімпіядзе. Я пераканана, што такая высокая ацэнка дзейнасці нашых дзяцей з боку дзяржавы дасць штуршок у іх развіцці і прадэманструе ім, што важна і трэба быць карыснымі грамадству з юных гадоў. Шчыра веру ў тое, што яны стануць актыўнымі грамадзянамі, будуць прымаць удзел ва ўсіх значных дзяржаўных падзеях, у тым ліку і ў выбарах, разумеючы, што іх пазіцыя і іх голас выра­шаюць многае.

Час і жыццё даказалі, што без ведання сваіх вытокаў, без усведамлення сваёй прыналежнасці да Радзімы і адказнасці за яе немагчыма па-сапраўднаму палюбіць родны край, яго спадчыну, стаць патрыётам.

З павагі і любові да таго месца, дзе ты нарадзіўся, пачынаюцца павага і гордасць за краіну — гэта асноўныя складнікі грамадзянскай пазіцыі.

“Быць дзяржынцам — гэта гонар!” — так лічыць кожны юны жыхар раёна, а спрыяе фарміраванню такога пераканання краязнаўчы праект, які на працягу многіх гадоў рэалізуецца на Дзяржыншчыне. Мерапрыемствамі, якія праводзяцца ў межах праекта, ахоплены дзеці рознага ўзросту — ад дашкольнікаў да выпускнікоў. Да кожнага дзіцяці нашы мудрыя і таленавітыя педагогі шукаюць падыход, абапіраючыся на патрыятычныя арыенціры. Удзел у гэтым праекце, а таксама ў іншых грамадска значных мерапрыемствах дае магчымасць навучэнцам зразумець, што патрыятызм, актыўная і трывалая грамадзянская пазіцыя, шчырая і самаадданая праца на карысць народа і дзяржавы стануць апорай у іх далейшым жыцці.

Зараз у краіне ідзе электаральная кампанія. Назіраю адзінства думкі, згуртаванасці і аптымізму ў грамадстве. Усе разумеюць, што ў гэтыя дні мы выбіраем не проста Прэзідэнта краіны, а будучыню нашых дзяцей. Веру, што правільная грамадзянская пазіцыя дапаможа маім суайчыннікам зрабіць выбар у падтрымку стабільнасці, мірнага жыцця і росквіту.

Наталля САХНО