Сустрэча старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыны Ільіной з удзельнікамі конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” прайшла ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел намеснікі старшыні сталічнага камітэта па адукацыі Вольга Смірнова і Людміла Ляхновіч, рэктар МГІРА Таццяна Мароз.

Размова вялася пра значнасць конкурснага руху, які з’яўляецца пляцоўкай для выяўлення лепшых педагагічных практык. Акрамя таго, на конкурсе заўсёды пануе непаўторная атмасфера прафесійных зносін. Тут кожны ўдзельнік атрымлівае магчымасць падзяліцца сваім вопытам і адкрыць новыя гарызонты для творчасці і самаразвіцця, што ў цэлым спрыяе павышэнню якасці адукацыі.

Звяртаючыся да канкурсантаў, Марына Ільіна заклікала максімальна паказаць, на што здольна сістэма адукацыі сталіцы:
— У зале сабраліся не толькі вопытныя, але і маладыя педагогі, якія гатовы змагацца за гонар сваіх устаноў на самым высокім узроўні. Няхай кожны з вас памятае пра той прафесійны рост, які чакае вас у гэтым годзе. Гэта будзе сапраўдны скачок, унікальная магчымасць для развіцця ў самых розных напрамках, знаёмства з аднадумцамі і абмен вопытам. Не бойцеся раскрываць свае таленты! На конкурсе ацэньваецца педагагічнае майстэрства, але ён уключае і элементы шоу. Калі вы ўмееце іграць на гітары, спяваць або праяўляеце сябе ў іншых відах мастацтва — дэманструйце! Рабіце гэта ад душы, з любоўю да дзяцей і навакольнага свету. Скарыстайцеся магчымасцю расказаць пра сябе ў сацыяльных сетках. Далучайце сваіх вучняў, каб яны падтрымлівалі вас на гэтым шляху.
Адкрыццё гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” запланавана на 29 студзеня.

У конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, які пройдзе па 9 намінацыях, прымаюць удзел 100 лепшых педагогаў сталіцы, у іх ліку маладыя дырэктары школ. Падчас выпрабаванняў будуць вызначаны пераможцы, якія прадставяць Мінск на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2026”.
Сярод удзельнікаў сустрэчы са старшынёй камітэта па адукацыі быў Павел Бараноўскі — настаўнік хіміі сярэдняй школы № 53 Мінска імя двойчы Героя Савецкага Саюза Л.І.Бяды. Сёмы год малады чалавек выкладае ў школе і ўжо атрымаў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. У 2021 годзе Павел Васільевіч стаў лаўрэатам гарадскога конкурсу “Будучыня ў сучаснасці” ў намінацыі “Мы маладыя”, атрымаў грант і прэмію Мінгарвыканкама. Педагог кіруе клубам “Мы маладыя” Савецкага раёна.
— Нават такі складаны прадмет, як хімія, можна выкладаць цікава і даступна для кожнага, — лічыць Павел Васільевіч. — У гэтым мне дапамагае мой аўтарскі комплекс “Займальная хімія”. Ён уключае Telegram-канал, тэматычныя міні-ўрокі, інтэрактыўныя заданні, відэа з лабараторнымі доследамі, візуалізацыю хімічных працэсаў, карткі для самакантролю, падборкі для падрыхтоўкі да кантрольных і алімпіяд. Навучэнцы працуюць з лічбавымі матэрыяламі дома, пасля ўрокаў або ў зручны для сябе час. У класе прымяняюцца адаптаваныя элементы комплексу: раздрукаваныя карткі, QR-коды для дамашняга вывучэння, ілюстрацыі, прэзентацыі і інтэрактыўныя фрагменты. Так традыцыйны ўрок арганічна дапаўняецца сучаснымі метадамі, а школьнікі вучацца ва ўласным тэмпе. Гібрыдны падыход робіць хімію больш зразумелай, павышае матывацыю і дапамагае дасягаць вынікаў як у вучобе, так і на алімпіядах. Дарэчы, днямі мая вучаніца 9 класа Вольга Ярмоленка заваявала дыплом I ступені на гарадскім этапе алімпіяды па хіміі.
На базе МГІРА канкурсанты павышалі сваю кваліфікацыю ў рамках праграмы “Прафесійная мабільнасць — аснова самаразвіцця педагога”.
У сярэдняй школе № 19 Мінска імя Янкі Купалы гісторыю і грамадазнаўства выкладае Ілона Шпак. Яна кіруе школьным музеем народнай славы, якому сёлета споўніцца 50 гадоў. Стаж у Ілоны Ігараўны — 9 гадоў. Ёсць і дасягненні: званне “Лепшы настаўнік Савецкага раёна — 2025”, грант Мінгарвыканкама. І перамогі вучняў: на гарадскім конкурсе “Беларусь — мая Радзіма” Дзмітрый Дземчанка заняў 2-е месца, а на рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі ў Глеба Хонскага 3-е месца.
— У конкурсе для настаўнікаў сталіцы ўдзельнічаю другі раз. Для мяне гэта магчымасць прафесійнага росту. Імкнуся не толькі быць прыкладам для сваіх вучняў і больш маладых калег, але і вучыцца ў вопытных, спрабаваць новае, быць часткай каманды аднадумцаў, — адзначае Ілона Ігараўна. — Падчас выпрабаванняў раскажу пра музейную педагогіку. Спынюся на прынцыпах музейнай медыяцыі, калі настаўнік інтэгруе музейную прастору ў адукацыйнае асяроддзе, арганізуе ўзаемадзеянне з экспанатамі для таго, каб гісторыя ажыла. Варта, каб дзеці эмацыянальна ўключаліся ў вывучэнне мінулага, бо менавіта праз актыўнае пражыванне фарміруецца гістарычная памяць. Так працуюць імерсіўныя метады навучання: калі ты не проста расказваеш пра падзеі, а паглыбляеш вучняў у іх, дапаўняеш рэальнасць, актывізуеш пазнавальную цікавасць, далучаеш да даследчай дзейнасці. Гэта дае добры вынік: дзеці сталі часцей удзельнічаць у конкурсах, з задавальненнем ходзяць на ўрокі і музейныя заняткі. Запрашаюць у музей і сваіх бацькоў. Такім атрымліваецца ўзаемнае і зусім нясумнае навучанне.

Павел Бараноўскі, Ілона Шпак, Дар’я Бажан, Андрэй Роскач
«Маленькімі крокамі мы дасягаем вялікага поспеху” — такі дэвіз штодзень увасабляе ў жыццё настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 36 імя Гуляма Якубава Мінска Дар’я Бажан. Свой прафесійны шлях дзяўчына пачала ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы, які скончыла з адзнакай. Завочна вучылася ва ўніверсітэце. Стаж педагога складае 5 гадоў. У Дар’і Васільеўны ёсць вопыт удзелу ў фестывалі “Педагагічны дэбют” і навукова-практычных канферэнцыях, публікацыі ў навуковых зборніках і прафесійных часопісах.
— Веды, якія кожны з нас атрымлівае з розных крыніц, важна ўмець прымяняць у жыцці, — упэўнена Дар’я Васільеўна. — На сваіх уроках актыўна выкарыстоўваю праектныя задачы, у змесце якіх апісаны рэальныя жыццёвыя сітуацыі. Рашаючы такія задачы, дзеці вучацца працаваць у камандзе, развіваюць навыкі камунікацыі і крытычнага мыслення. Праектныя задачы не маюць адзінага правільнага адказу, а прадугледжваюць мноства варыянтаў, і нават правільны выбар аднаго з іх пры паўторным рашэнні можа быць памылковым, бо сітуацыя змянілася. Напрыклад, на ўроках матэматыкі навучэнцы распрацоўвалі рамкі, у якіх размясцілі фатаграфіі славутасцей Мінска. У кожнай была свая форма, колер, памер. А пасля вывучэння на сайце заапарка аб’явы аб рэалізацыі жывёл стваралі план “Мой новы сябар”.
Ад паступовага пераадолення цяжкасцей хлопчыкі і дзяўчынкі пераходзяць да глыбокага асваення прадмета і распрацоўкі аўтарскіх праектаў. Так, Мацвей Вяргейчык атрымаў дыплом ІІІ ступені на раённым этапе гарадскога фестывалю “Пазнанне і творчасць”. Ён стварыў тэрмаміску для жывёл, якая дапаможа вырашыць праблему захавання ежы і піцця цёплымі на працягу каля 8 гадзін. Даследчык прапанаваў выразаць у драўлянай калодцы паглыбленне пад міску з нержавейкі, запеніць яго мантажнай пенай, якая працуе як тэрмас. Над міскай размясціць накрыўку на падвесцы, якая хістаецца як маятнік. Яна захавае цяпло, затрымае выхад пары. Каб паесці, жывёла адсуне накрыўку, якая пасля вернецца на месца і закрые ежу.
Малады спецыяліст настаўнік хіміі сярэдняй школы № 109 Мінска імя В.З.Харужай Андрэй Роскач, выпускнік педагагічнага класа, з адзнакай скончыў універсітэт, а ў школе працуе ўсяго тры гады. Андрэй Анатольевіч уваходзіць у маладзёжны савет пры адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. Многія яго ведаюць як блогера па роліках у TikTok, дзе малады чалавек расказвае пра сваю прафесію і ўжо набраў каля 30 тысяч падпісчыкаў.
— Прафесійны конкурс разглядаю як магчымасць даказаць, што нават на старце кар’еры можна дасягнуць вышынь. Спачатку сумняваўся ў сваіх сілах, але адміністрацыя школы, калегі і вучні сказалі, што вераць у мяне, зарадзілі пазітывам. Конкурс — гэта яшчэ і работа каманды, якая стаіць за настаўнікам і дапамагае на ўсіх этапах, — гаворыць Андрэй Анатольевіч.
Сваім галоўным дасягненнем педагог лічыць поспехі вучняў, якія штогод займаюць прызавыя месцы на раённых НПК і алімпіядах па хіміі. Андрэй Анатольевіч заканчвае магістарскую дысертацыю на тэму “Актыўныя формы і метады навучання як сродак фарміравання функцыянальнай адукаванасці на ўроках хіміі”. Піша і адразу ж укараняе ў адукацыйны працэс, распрацоўвае адпаведныя заданні. Напрыклад, сітуацыйныя задачы пра прыродную спадчыну Беларусі, якія ператвараюць навучэнцаў у даследчыкаў, бо для іх рашэння трэба аналізаваць разнапланавую інфармацыю, прымяняць веды з розных тэм, праводзіць разлікі і рабіць міждысцыплінарныя высновы. Гэта фарміруе прадметныя і метапрадметныя кампетэнцыі і выхоўвае грамадзянскую адказнасць. Адна з такіх задач — пра мінеральную ваду “Нарачанская”: пры рашэнні дзеці дапамагаюць персанажу Арцёму і вызначаюць хімічны склад мінеральнай вады, разлічваюць масавую долю рэчываў, тлумачаць біялагічную ролю элементаў і звязваюць яе радовішча з геаграфіяй роднага краю.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





