Стварыць не менш пяці экашкол ва ўстановах дашкольнай адукацыі плануюць у Барысаўскім раёне

- 14:20Планерка

Як развіваецца сістэма адукацыі раёна, якім чынам вызначаецца яе эфектыўнасць і над чым працуюць педагогі ў пяцігодку якасці, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказвае начальнік упраўлення па адукацыі Барысаўскага райвыканкама Ірына Садоўская.

— Ірына Міхайлаўна, у бягучым навучальным годзе ў вас працяг­ваецца рэалізацыя пачатай летась прафарыентацыйнай стратэгіі “Твой выбар — старт у будучыню”. У чым яе сэнс?

— Сапраўды, у нас на больш высокі ўзровень выходзіць работа па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. У 2025 го­дзе мы запусцілі прафарыентацыйную стратэгію “Твой выбар — старт у будучыню”, якая накіравана на тое, каб дапамагчы кожнаму вучню знайсці сваё прызванне ў адпаведнасці са сваімі здольнасцямі і патрэбамі рынку працы. Вынікам гэтай работы з’яўляецца тое, што большасць нашых выпускнікоў паступаюць на запатрабаваныя ў раёне спецыяльнасці. Заўважна, што ў вучняў узрастае цікавасць да вывучэння прадметаў на павышаным узроўні.

У Барысаўскім раёне паспяхова функцыянуюць 72 класы (групы) прафесійнай накіраванасці, у якіх вучацца 639 навучэнцаў. Сярод профіляў — педагагічны, аграрны, ваенна-патрыятычны, прававы, а таксама класы МНС і 10 спецыялізаваных па спорце. У мінулым навучальным годзе арганізавана работа класаў медыцынскай і інжынернай накіраванасці.

З мэтай правядзення прафарыентацыйнай работы і для таго, каб узмац­ніць ролю працоўнага выхавання ў адукацыйным працэсе, выдадзена распараджэнне Барысаўскага райвыканкама, згодна з якім за ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі раёна замацаваны арганізацыі аграпрамысловага і прамысловага комплексу.

— Ці можна сказаць, што ўстановы адукацыі Барысаўскага раёна знаходзяцца ў рэжыме інавацый?

— Так, пра інавацыйны характар адукацыі сведчыць тое, што ў параўнанні з 2020 годам у тры разы вырасла колькасць удзельнікаў праектнай дзейнасці. Разам з тым інавацыйнымі працэсамі ахоплена толькі 38% устаноў адукацыі, а значыць, ёсць рэзерв для развіцця. Ганарымся, што аднымі з першых у вобласці сталі асвойваць STEM-адукацыю. Сёння гэта 6 устаноў з інжынерна-тэхнічнымі пляцоўкамі, а таксама STEAM-лабараторыя для дзяцей з АПФР, якая знаходзіцца ў Барысаўскім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Яна была адкрыта год назад. У школах арганізавана ўзаемадзеянне з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам: 54 навучэнцы прайшлі ў ім навучанне падчас адукацыйных змен, трое выпускнікоў устаноў адукацыі атрымалі накіраванні для далейшай вучобы ва УВА. Аднак і тут ёсць рэзервы. З улікам колькасці навучэнцаў ва ўстановах адукацыі раёна гэты паказчык усё ж такі недастатковы.

Адным з асноўных прыярытэтаў сістэмы адукацыі з’яўляецца падтрымка інтэлектуальных дасягненняў навучэнцаў. У мінулым навучальным годзе нашы школьнікі паказалі добрыя вынікі на алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню. Акрамя таго, у нас былі лепшыя вынікі ў вобласці па ЦТ і ЦЭ. Прыемна, што за апошнія пяць гадоў пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў уручаны 34 навучэнцам. Сёлета Барысаўскім раён­ным выканаўчым камітэтам вы­дзелена 35 364 рублі для стымулявання і заахвочвання 11 пераможцаў алімпіяд і навукова-даследчых конкурсаў, а таксама 74 выпускнікоў, якія атрымалі атэстат з залатым і сярэбраным медалямі.

— Якія задачы ставіце перад сабой і калектывам на пяцігодку якасці?

— Арыенцірам для нас служыць Канцэпцыя развіцця сістэмы адукацыі раёна да 2030 года, у якой дакладна выз­начаны прыярытэтныя задачы на найбліжэйшую пяцігодку. Але вылучу ключавыя напрамкі, па якіх будзем рухацца.

У найбліжэйшыя пяць гадоў пла­нуем дасягнуць 80% ахопу навучэнцаў і баць­коў новымі формамі сямейнага выхавання, а таксама ахапіць больш як 65% устаноў адукацыі праектамі выхаваўчага напрамку. Асаблівая ўвага будзе і далей удзяляцца развіццю класаў прафесійнай накіраванасці. Да 2030 года плануем павялічыць коль­касць навучэнцаў у інжынерных, аграрных, педагагічных, ваенна-патрыятычных і медыцынскіх класах.

Мы актыўна ўкараняем лічбавыя тэхналогіі, таму плануем ахапіць лічбавізацыяй больш як 60% устаноў адукацыі, укараніць змешанае навучанне з выкарыстаннем штучнага інтэлекту і карту навучэнца ў большасці школ. Важным крокам з’яўляецца ўмацаванне партнёрс­тва з УВА, таму над гэтым таксама бу­дзем працаваць.

Важны напрамак — выхаванне ў дзяцей беражлівых адносін да прыроды. Для гэтага пашыраем удзел устаноў адукацыі ў праекце “Зялёныя школы”, развіваем эколага-біялагічную прафарыентацыю і далучаем выхаванцаў дзіцячых садоў да экалагічнага выхавання. У планах — стварыць не менш як пяць эка­школ ва ўстановах дашкольнай адукацыі і ўкараніць гейміфікацыю ў экалагічнай адукацыі. Па выніках рэалізацыі праекта “Эколага-біялагічная прафарыентацыя” чакаем, што выпускнікі школ выберуць для паступлення УВА эколага-біялагічнага профілю.

Упэўнена: калі будзем рухацца ў гэтых напрамках, зможам стварыць адукацыйную сістэму, якая ў поўнай меры адпавядае патрэбам грамадства і эканомікі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА