Раство — гэта час, калі кожны з нас міжволі запавольвае крок, спыняецца на імгненне і ўглядаецца ў сябе. Мы шукаем не гучныя словы, а цішыню, не знешні бляск, а святло, якое гарыць у глыбіні сэрца. Гэтае святло — вера, надзея і любоў. І той, хто носіць яго ў душы, заўсёды здольны падзяліцца ім з іншымі.

Настаўнік — чалавек, які штодзень запальвае гэтае святло ў дзіцячых вачах. Ён вучыць не толькі лічыць і чытаць, але і адчуваць, разважаць, спачуваць. Урокі праходзяць, праграмы мяняюцца, але ў памяці вучняў застаецца тое, як настаўнік слухаў іх, радаваўся разам, падтрымліваў, калі было цяжка. Бо сапраўднае настаўніцтва — гэта стан душы.
Настаўнік ніколі не застаецца адзін. Побач з ім — яго калегі, бацькі, вучні і, вядома, “Настаўніцкая газета”, якая ўжо восем дзесяцігоддзяў ідзе поруч з беларускімі педагогамі. Мы стараемся быць не проста летапісцамі, а ўдзельнікамі вялікай справы Адукацыі. І калі хаця б адна публікацыя падтрымае вас у няпросты дзень — значыць, наша праца мела сэнс.
Дзякуй вам, дарагія сябры, што былі побач з намі ў мінулым годзе — чыталі, пісалі, дзяліліся сваімі думкамі і натхнялі нас рухацца далей. Кожны ваш водгук, кожная прапанова — гэта нібы цёплы агеньчык у святле нашай вялікай прафесійнай сям’і. Мы шчыра спадзяемся, што і ў новым годзе вы застаняцеся з намі — з “Настаўніцкай газетай”.
Сёння, калі жыццё патрабуе хуткіх рашэнняў і бясконцай энергіі, асабліва важна захаваць у сабе тую ўнутраную цішыню, якая дазваляе чуць іншых. Няхай гэтыя светлыя дні Раства стануць для кожнага з нас крыніцай натхнення, душэўнага спакою і веры ў людзей.
Хочацца пажадаць усім настаўнікам — тым, хто зараз у класе, і тым, хто калісьці перадаў сваю мудрасць вучням — простых чалавечых радасцей: здароўя, любові, падзякі і адчування патрэбнасці. Няхай ваша святло не згасае, бо менавіта ім асвятляецца шлях да заўтрашняга дня!
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





