Сярэдняя школа № 6 Гродна носіць імя чалавека, які зрабіў значны ўклад ва ўз’яднанне Беларусі ў 1939 годзе

- 14:25Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

17 верасня для вучняў сярэдняй школы № 6 Гродна — не проста дзяржаўнае свята. Гэтая ўстанова носіць імя чалавека, які зрабіў значны ўклад ва ўз’яднанне Беларусі ў 1939 годзе, — Рыгора Гарнавых. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Імянной наша школа стала ў 2023 го­дзе, і за гэтым стаіць вялікая работа. Нягледзячы на тое, што імя Рыгора Гарнавых з 1968 года ўнесена ў Кнігу народнай славы Гродна, мы мелі не вельмі шмат звестак пра яго біяграфію. Уся справа ў тым, што нарадзіўся ён у 1904 годзе ў невялікім горадзе далёкай Чэлябінскай вобласці Расіі. Каб знайсці сваякоў камандзіраванага ў 1935 годзе ў Беларускую ваенную акругу маладога палітрука, спачатку звязаліся з Верхнеўфалейскiм гiсторыка-краязнаўчым музеем. Пасля афіцыйнага запыту атрымалі некаторыя дакументы, звязаныя з яго біяграфіяй, і кантакты магчымых блізкіх, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганна Адамоніс.

Cёння ў школе падтрымліваюць сувязь з пляменнікам Рыгора Аляксандравіча Аляксандрам Міхайлавічам Козіным, які жыве ў Маскоўскай вобласці. Ён зусім не ведаў свайго дзядзьку, але памяць пра гэтага чалавека заўсёды захоўвалі ў сям’і. Па яго словах, маці Рыгора Гарнавых не раз была ў Гродне на месцы гібелі 35-гадовага сына. У адну з такіх паездак яна сабрала жменю зямлі з месца яго пахавання і ўжо на ра­дзіме ўсталявала памятнае надмагілле.

Імя камандзіра роты Чырвонай Арміі старшага палітрука Рыгора Аляксандравіча Гарнавых даўно на слыху ў гродзенцаў. З 1940 года яго імя носіць адна з цэнтральных вуліц занёманскай часткі горада, дзе ў 1939 годзе ішоў бой. Дадаткова пра тыя падзеі, гераізм і по­дзвіг Р.А.Гарнавых нагадвае памятны знак, усталяваны ў 1965 годзе на месцы гібелі чырвонаармейца.

— Кожны год у верасні разам з вучнямі старшых класаў мы прыходзім сюды з кветкамі і ўспамінаем, што Рыгора Аляксандравіча не стала 20 верасня 1939 года. У гэты дзень рота пад яго камандаваннем павінна была забяспечваць пераправу Чырвонай Арміі праз Нёман. У ходзе баёў за Стары мост, які неабходна было ўтрымаць, Рыгор Гарнавых быў цяжка паранены, але, нягледзячы на гэта, да канца аперацыі працягваў кіраваць дзеяннямі салдат. Адбіваючы чарговую атаку ворага, Рыгор Гарнавых загінуў, — расказвае Ганна Адамоніс.

Напярэдадні 17 верасня ў адной з рэкрэацый школьных калідораў сваё месца займае часовая экспазіцыя з архіўнымі дакументамі, якія ўдалося сабраць. Тут копія партбілета на імя Рыгора Гарнавых, якая ў школе апынулася дзякуючы супрацоўніцтву з музеем у Чэлябінскай вобласці, і архіўныя сямейныя здымкі, якімі падзяліўся пляменнік Рыгора Аляксандравіча.

— Да гэтых матэрыялаў класныя кіраўнікі звяртаюцца падчас правядзення тэматычных класных гадзін і іншых святочных мерапрыемстваў, якім не першы год у верасні адводзіцца не адзін дзень, а цэлы тэматычны тыдзень. Ва ўсіх класах прой­дзе адзіны ўрок, прысвечаны Дню народнага адзінства, а для навучэнцаў-пачаткоўцаў — яшчэ і інфармацыйная гадзіна-экскурс у гісторыю “Яго імем названа наша школа”. Да таго ж вучні сярэдняга і старшага звяна ў гэтым годзе напішуць дыктант “Што такое адзінства?”. Школьнікам, пачынаючы з 3 класа, мы прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе творчых работ “Імя Р.А.Гарнавых у гісторыі нашага горада”, — адзначае суразмоўніца.

Упершыню ў гэтым годзе на святочных мерапрыемствах школы галоўным спікерам адкрытага дыялогу для старшакласнікаў “17 верасня, год 1939-ы: уз’яднанне” стане кандыдат гістарычных навук дацэнт факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Горны.

Падтрымаць тэму адзінства школьнікам прапанавалі яшчэ і падчас чэленджу “Беларусь — наш адзіны дом”. Адзін твор прачытаюць вучні ўсіх паралелей, а відэаролік, які аб’яднае іх, будзе размешчаны на старонцы ўстановы адукацыі ў адной з сацыяльных сетак.

— Для нашай школы 17 верасня — значнае свята не толькі таму, што ўстанова носіць імя чалавека, непасрэдна звязанага з гістарычнымі падзеямі. Летапіс установы вымяраецца адрэзкам часу больш чым у 100 гадоў, і да 1939 года навучанне дзяцей тут вялося на польскай мове. Пасля ўз’яднання Беларусі ўстанова была рэарганізавана ў няпоўную сярэднюю школу № 6 з рускай мовай навучання, і ў студзені 1940 года тут налічвалася 645 навучэнцаў, — дадала Ганна Адамоніс.

 Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара