Сяргей Шамінскі: удзел у конкурсе «Настаўнік года» азначае для педагога маленькую перамогу над сабой

- 14:16Учитель года — 2026

2025/2026 навучальны год азнаменаваны правядзеннем конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”.

На рэспубліканскім семінары “Кіраўніцкія аспекты суправаджэння ўдзельнікаў прафесійных конкурсаў: ад выяўлення патэнцыялу да выніку”, які праходзіў у Рагачове, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” запісала матывацыйны адрас будучым канкурсантам і тым, хто з імі працуе, ад цяперашняга пераможцы настаўніка выяўленчага мастацтва Доўскай сярэдняй школы Сяргея Шамінскага:

Час няўмольна набліжае нас да чарговага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2026”.

Трэба сказаць, што пад­рыхтоўка да конкурсу пачалася. У красавіку гэтага года Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі быў праведзены фестываль, дзе члены нашага абласнога клуба “Зорнае крыло” далі майс­тар-класы для патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу з Мінс­кай вобласці.

У верасні ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшоў практычны тыднёвы фестываль “Педагагічныя надзеі”, у рамках якога праводзіліся вучэбныя заняткі і майс­тар-класы для патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу “Настаў­нік года”. Фестываль сабраў пад сваім крылом каля 100 чалавек. Варта адзначыць, што і будучыя ўдзельнікі не засталіся ўбаку і прадэманстравалі свой вопыт.

Акадэмія адукацыі рэгулярна ладзіць выязныя фес­тывалі і семінары ў розных навучальных установах краіны, дзе члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” і члены абласных клубаў дзеляцца сваім майстэрствам з будучымі ўдзельнікамі конкурсу.

Мае калегі паказалі, як рыхтавацца да майстар-класа і міні-ўрока. Кожны ўдзельнік праз гэтыя конкурсныя выпрабаванні праходзіць на кожным этапе конкурсу. Трэба сказаць, што і я, стоячы перад вамі (удзельнікамі семінара. — Заўвага аўтара.), спрабую прадэманстраваць адзін з конкурсных іспытаў — пуб­лічнае выступленне перад педагагічнай грамадскасцю.

Падчас конкурсу ўвечары вам паведамля­юць яго тэму, а ўжо раніцай вы павінны будзеце яе раскрыць, уклаўшыся ў адведзеныя часавыя рамкі. Тэма майго публічнага выступлення перад вамі — “Удзел у конкурсе — гэта выклік самому сабе”. Гэта вельмі дакладная фармулёўка, яна цалкам адпавядае заяўленай тэме. Бо конкурс — не толькі трансляцыя свайго педагагічнага вопыту, а ў першую чаргу праверка самога сябе. Некаторыя педагогі прыходзяць на конкурс менавіта на супраціўленне з самім сабой.

Вы ведаеце, што ў свеце існуе мноства прафесій — сотні, а можа, нават тысячы. Па статыстыцы, у 90-я гады мінулага стагоддзя прафесія нас­таўніка ўваходзіла ў дзясятку найскладанейшых у свеце. Паверце, у гэты топ-10 не так проста трапіць. Калі вы знаходзіцеся ў гэтай зале, значыць, выбралі менавіта гэтую прафесію і зрабілі правільны выбар! Бо значнасць выб­ранай прафесіі спазнаецца з гадамі.

Не ведаю, што цяпер гаворыць статыстыка, але конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” з’яўляецца дэманстрацыяй важнасці, статуснасці гэтай прафесіі ў нашай краіне.

Аднак не варта цешыць сябе. Вы павінны разумець, што конкурс дастаткова складаны, часам нават вельмі. Настолькі ж складаная і выбраная намі прафесія.

Толькі ўвайшоўшы ў конкурс і пераадолеўшы пэўныя этапы, канкурсанты зра­зумеюць, што зрабілі правільны выбар. Бо сапраўдная радасць спазнаецца толькі праз цяжкасці і выпрабаванні. І гэта не толькі радасць перамогі, а перш за ўсё радасць ад зносін з людзьмі, якія пройдуць этапы конкурсу ра­зам з вамі. Паверце, на шляху канкурсантаў сустракаецца велізарная колькасць таленавітых, цікавых і цудоўных людзей.

Не варта таксама забываць, што конкурс — гэта вялікая адказнасць, паколькі ўдзельнік будзе прадстаўляць сваю школу, раён, вобласць і, хто ведае, можа, нават рэспубліку. Але той факт, што ён бярэ ўдзел у конкурсе, ужо азначае яго маленькую перамогу над сабой, сваімі сумненнямі і страхамі.

Першае, з чым сутыкаюцца кіраўнікі школ, — гэта выбар канкурсанта і яго групы падтрымкі. Ініцыятыўная група павінна быць кантактнай і камфортнай як для самога ўдзельніка, так і для членаў групы. Гэта павінна быць група аднадумцаў, якая жыве, дыхае і думае ў адным рытме з канкурсантам. Гэта людзі, якія слухаюць, чуюць і разумеюць, як і канкурсант павінен чуць і разумець, што ад яго патра­буецца. Ад такога ўзаемнага кантакту залежыць многае.

Вядома, унутры групы могуць узнікаць рознагалоссі. І да гэтага трэба быць падрыхтаванымі. Удзельнікам групы давядзецца шмат кантакта­ваць на розных этапах конкурсу, жыць разам, начамі адточваць выступленні свайго канкурсанта.

І тут я хацеў бы звярнуцца да патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу: у канчатковым выніку апошняе слова будзе за вамі. Не бойцеся прымаць рашэнне, можа быць, яно акажацца самым правільным! Але тады здолейце даказаць яго на справе, а не на словах, бо на сцэну выходзіць менавіта вам.

Ёсць людзі, якія добра­ахвотна і мэтанакіравана ідуць на конкурс. І трэба з вялікай павагай і падзякай ставіцца да такіх удзельнікаў. Але бу­дзем сумленнымі і адкрытымі: асноўны кантынгент ідзе неахвотна, а то і ўвогуле супраціўляецца (гэта, дарэчы, я пра сябе). І тут кіраўнікам трэба прымяніць усе свае ўменні, каб матываваць і зацікавіць сваіх удзельнікаў.

Магу расказаць пра сваю матывацыю. На конкурс я прыйшоў толькі з трэцяга разу, таму з уласнага вопыту прапаную тры парады.

Калі вы пагадзіліся ўдзельнічаць у конкурсе і разумее­це, што дарогі назад няма, то, па-першае, зацікаўце спачатку сябе, паглыбцеся ва ўсе конкурсныя працэсы (правя­дзенне ўрокаў, майстар-класаў, публічныя выступленні) і ўсвядомце тое, што робіце. Па-другое, старайцеся  захапіць усім, што робіце, тых, на каго гэта накіравана, — вучняў, студэнтаў, калег, удзельнікаў конкурсу. І па-трэцяе, ва ўсім, што трансліруеце, будзь­це вельмі шчырымі, інакш вам не павераць. Па-іншаму гэта не працуе.

Ёсць такая вядомая прымаўка: “Дарогу адужае той, хто ідзе”. Не той, хто стаіць, ся­дзіць або ляжыць. Той, хто ідзе.

Памятайце, што ўдзел у конкурсе — гэта выклік самому сабе.

У добры шлях!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА