Таццяна Пархамчук — аб выпускных вечарах, летнім аздараўленні і поспехах ў рабоце з алімпіяднікамі

- 13:40Планерка

Іванаўскі раён з году ў год пац­вярджае статус лідара ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. І гэты навучальны год не стаў выключэннем, адзначыла начальнік аддзела па адукацыі Іванаўскага райвыканкама Таццяна Пархамчук у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты”.

На абласным этапе нашымі вучнямі заваявана 17 дыпломаў, на рэс­публіканскім — 5 дыпломаў і адзін пахвальны водзыў. Па гэтых паказчыках мы займаем 3-е месца ў вобласці пасля Баранавіч і Маскоўскага раёна Брэста. 102 нашы вучні сталі пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх навукова-даследчых канферэнцый і інтэлектуальных конкурсаў. Больш за 300 узнагарод атрымана ў рознага роду творчых выпрабаваннях, — адзначае Таццяна Валяр’янаўна. 

— Назавіце навучэнцаў, якія дасягнулі найбольшых поспехаў у гэтым годзе, і тых, хто іх падрыхтаваў.

Настаўніца хіміі з гімназіі Іванава Ала Таболіна мае званне ганаровага грамадзяніна Іванава і Іванаўскага раёна. Сёлета яна падрыхтавала пераможцу рэспубліканскай алімпіяды Дар’ю Ткачук, якая стала кандыдатам у зборную каманды краіны для ўдзелу ў Міжнароднай алімпіядзе па хіміі. У біёлага Валянціны Лялюк з гімназіі сёлета 6 вучняў удзельнічалі ў рэспубліканскай алімпіядзе. Дыпломы атрымалі Ксенія Кухарчук і Настасся Бібко. Настаўніца грамадазнаўства Іна Максімовіч з сярэдняй школы № 4 Іванава падрыхтавала пераможцу заключнага этапу алімпіяды Мілану Пяркоўскую.

Ганарымся Максімам Варухам, вучнем 11 класа Яечкавіцкай сярэдняй школы, які стаў пераможцам Рэспуб­ліканскай алімпіяды па фізкультуры. Юнак выйграў першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы на дыстанцыі 800 і 1500 метраў, Усерасійскія спаборніцтвы на прызы алімпійцаў ЦСК, атрымаў залатыя медалі на міжнародных спартыўных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы ў Маскве, дзе ўстанавіў нацыянальны рэкорд. Максіма рыхтавалі настаўнік Сяргей Занько і педагогі раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

— Што спрыяе выніковасці алімпіяднага руху?

Стварэнне адпаведных умоў: выдзяленне дадатковых 70 гадзін на гімназію для работы з адоранымі навучэнцамі, правядзенне раённых збораў для падрыхтоўкі да трэцяга і заключнага этапаў алімпіяды, на якія ў 2024 го­дзе было выдзелена 1049 гадзін, сістэма маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. У калектыўных дагаворах прадугледжана матэрыяльнае стымуляванне педагогаў, якія падрыхтавалі пераможцаў алімпіяд. А па выніках кожнага навучальнага года лепшыя вучні і педагогі атрымліваюць прэмію райвыканкама “Поспех”.

— Якія ініцыятывы рэалізуюцца ў раёне ў сувязі з Годам добраўпарадкавання і 80-годдзем Перамогі?

— Упершыню добраўпарадкаваннем тэрыторыі аздараўленчага лагера “Брыганціна” займаліся калектывы ўсіх нашых школ. Па ініцыятыве дарэктараў устаноў сумесна з дэпутацкім корпусам у гэтым лагеры плануецца стварыць Алею славы. Пэўныя лакацыі былі замацаваны за школамі ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы “Карасіна”. Там да 80-годдзя Перамогі прайшла маштабная рэканструкцыя побыту і ваенных дзеянняў партызан, у якой таксама былі заняты нашы навучэнцы і педагогі. Кожная ўстанова адукацыі адказная за добраўпарадкаванне пэўных памятных месцаў і воінскіх пахаванняў. Агульнымі намаганнямі прывялі ў парадак гарадскі парк Перамогі.

Сёлета, акрамя бягучых рамонтаў, ва ўсіх установах адукацыі мы правя­дзём капітальны рамонт з рэканструкцыяй дзіцячага сада № 4 Іванава. На гэта выдзяляецца больш за 1 млн рублёў. Працуем над стварэннем безбар’ернага асяроддзя. У сярэдняй школе № 2, дзе вучацца дзеці з інваліднасцю і функцыянуюць 14 інтэграваных класаў, запланавана рэканструкцыя ганка з пандусам.

У аграгарадку Моталь у жніўні пройдзе фестываль “Мотальскія прысмакі”, а ў Тышкавічах у лютым прайшоў фестываль “Фальклор без меж”. У гэтыя дні звычайна прыязджае мноства гасцей, у тым ліку з Расіі. Школы ў названых населеных пунктах з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі творчых праграм фестываляў.

— Хутка выпускныя вечары. Як праходзіць гэтае свята ў вашым раёне?

— Мы выпускаем у дарослае жыццё 323 адзінаццацікласнікі. Пры правядзенні выпускных прытрымліваемся пэўных традыцый. Аднак летась упершыню арганізавалі агульнараённы баль выпускнікоў. Да гэтага штогод рыхтавалі гарадскі баль.

У гэты дзень усе выпускнікі ў сваіх школах атрымаюць атэстаты, а затым прыедуць у Іванава на агульнае свята, дзе будзе адзначана кожная школа і кожны выпускнік, названы іх дасягненні, уручаны медалі. Пройдзе шэсце выпускнікоў на плошчы, потым ўрачыстая частка, пасля якой юнакі і дзяўчаты станцуюць вальс. Адбудзецца канцэрт. Вечар завершыцца дыскатэкай. Такі фармат выпускнога асабліва радуе вучняў сельскіх школ, дзе звычайна мала выпускнікоў. Цяпер яны атрымаюць магчымасць адсвяткаваць гэты дзень з усімі выпускнікамі раёна.

Летась рэалізавана яшчэ адна ідэя. Наша раённая газета прысвяціла цэлы нумар выпускнікам, іх педагогам. Кожны з іх атрымаў газету ў падарунак. Сёлета “раёнка” зноў плануе выпусціць такі святочны нумар.

— Якія ў раёне планы на аздараўленне?

У аздараўленчым лагеры “Брыганціна”, размешчаным на беразе Завышанскага возера, пройдзе 5 змен, дзе плануецца аздаравіць 580 дзяцей. Астатнія дзённыя і кругласутачныя лагеры арганізуюць ва ўстановах адукацыі для 150 навучэнцаў. У лагерах працы і адпачынку будуць заняты 60 дзяцей. На працягу некалькіх гадоў на базе Адрыжынскай сярэдняй школы ў супрацоўніцтве з Іванаўскім благачыннем функцыянуе раённы лагер духоўна-маральнай накіраванасці з кругласутачным знаходжаннем. Пройдуць тры ваенна-патрыятычныя змены: у “Брыганціне” для навучэнцаў 10-х класаў раёна, дзе прадугледжаны ваенна-палявыя зборы, у Махроўскай сярэдняй школе і сярэдняй школе № 2 Іванава, дзе змены будуць мець пагранічную накірава­насць. Навучэнцы раёна, якія рыхтуюцца да алімпіяд, адпачынак сумясцяць з навучаннем у лагерах на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Ма­шэрава і абласнога дзіцячага аздараўленчага лагера “Ювента” Івацэвіцкага раёна.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА