Садовыя скульптуры, тэматычныя прыпыначныя станцыі і патрыятычны зялёны куток — некаторыя лакацыі ўжо з’явіліся, а іншыя хутка парадуюць дзяцей і педагогаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Вясёлка” Савецкага раёна Гомеля. Што яшчэ з’явіцца на тэррыторыі ДЦРР, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У Год добраўпарадкавання тэрыторыя цэнтра прыкметна мяняецца і пераўтвараецца. У найбліжэйшы час тут з’явіцца сучасная метэаралагічная станцыя, якая стане не толькі вучэбным аб’ектам, але і яркім элементам экалагічнага і прыродазнаўчага выхавання дзяцей. Новаўвядзенне дапаможа маленькім чамучкам лепш зразумець навакольны свет, развіць цікавасць да прыроды і навучыцца назіраць за змяненнямі надвор’я і прыродных з’яў.

— Бліжэй да пачатку новага навучальнага года нашы дзеці змогуць спазнаваць прыроду праз практычныя эксперыменты, — адзначае загадчыца Наталля Алексяевіч. — У прыватнасці, будзе ўстаноўлена пастка для аблокаў, якая дазволіць дзецям шукаць аблокі на небе і супастаўляць іх з мадэлямі. Такі падыход спрыяе развіццю лагічнага мыслення і ўяўлення ў самых маленькіх выхаванцаў.
Дадаткова плануецца стварэнне тэматычных прыпыначных станцый у ключавых месцах дашкольнай установы, такіх як “Метэастанцыя”, “Стадыён” і “Сад лекавых раслін”. У летнія дні дзеці будуць перамяшчацца паміж лакацыямі на самакатах і веласіпедах. Асаблівая ўвага ўдзяляецца бяспецы — наш маршрут дапаможа выхаванцам на практыцы засвоіць правілы дарожнага руху. Бо менавіта ў дашкольным узросце закладваюцца асновы бяспечных паводзін на дарозе, а навучанне гэтым правілам павінна праходзіць у камфортнай і гульнявой форме.

— Нашы педагогі актыўна выхоўваюць у дзяцей пачуццё патрыятызму, — працягвае Наталля Мікалаеўна. — Нядаўна на прылеглай тэрыторыі з’явілася новая лакацыя з чырвонай зоркай, якая стала сімвалам гонару і адзінства. Яна сімвалізуе вечны подзвіг нашых продкаў, якія абаранілі народ ад фашызму. Мы стараемся ўсё рабіць сваімі рукамі, прыцягваючы да гэтага бацькоў, дзеці з задавальненнем высаджваюць расліны разам з мамамі і татамі. А пры падтрымцы нашых шэфаў, якія прадастаўляюць будаўнічыя матэрыялы, разам з педагогамі, дзецьмі і бацькамі ствараем драўляныя кабрыялеты і матацыклы і іншы арыгінальны гульнявы транспарт. Тэматычныя веранды ярка вылучаюцца і цешаць выхаванцаў сваёй разнастайнасцю. Сумесная творчасць і стварэнне цікавых прадметаў для роднага сада дапамагаюць дзецям з ранніх гадоў ганарыцца вынікамі сваёй працы і берагчы тое, што зроблена.

Дарэчы, педагогі ўстановы — вельмі творчыя і крэатыўныя людзі. Якое было здзіўленне даведацца, што мяккім цацкам яны дораць другое жыццё, ператвараючы іх ва ўнікальныя садовыя скульптуры.
— Педагогі нашай установы пачалі эксперыментаваць з мастацкімі тэхнікамі і прымяняюць асаблівы метад стварэння садовых фігур з цэменту, — акцэнтуе ўвагу кіраўнік. — Мяккія цацкі пакрываюць растворам, даюць яму застыць, і ў выніку цацка ператвараецца ў садовую скульптуру, якая займае сваё месца, напрыклад, на пастаменце. Адразу нават цяжка зразумець, што скульптура рысі, сімвал Гомеля, у мінулым — плюшавы леў.
У будучыні плануем узнавіць кампазіцыю “Тры мядзведзі” са знакамітай карціны “Раніца ў сасновым лесе” Івана Шышкіна і Канстанціна Савіцкага. Тэхналогія дастаткова простая: цацкі замочваюцца ў цэменце, пасля чаго ім надаецца патрэбная форма і дэталі, афарбоўка. Такі метад дазваляе ствараць унікальныя садовыя скульптуры, якія будуць радаваць вока і ўпрыгожваць наш двор. Гэта не толькі прыгожыя дэкаратыўныя элементы, але і магчымасць для дзяцей і педагогаў праявіць свае творчыя здольнасці, ствараючы сумесныя творы мастацтва, якія становяцца гордасцю нашай установы.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





