Трох’ярусныя кветнікі і тэматычныя клумбы з’явіліся ў Зашырскім дзіцячым садзе

- 14:13На пользу дела, Новости

У Зашырскім дзіцячым садзе Ельскага раёна выхавальнікі ўвасабляюць у жыццё новыя праекты — ад кветнікаў да гульнявых пляцовак, якія не толькі ўпрыгожваюць тэрыторыю, але і фарміруюць у дзяцей пачуццё прыгажосці і павагі да роднага краю. Карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пераканалася, як творчы падыход і імкненне да развіцця ператвараюць дзіцячы сад у цэнтр культурнага жыцця і патрыятычнага выхавання.

 — Сёлета зрабілі сур’ёзны крок наперад у плане добраўпарадкавання тэрыторыі, — адзначае загадчыца Зашырскага дзіцячага сада Вольга Яскавец. — Закупілі і пасадзілі 21 тую, больш за 300 кветак і разнастайных саджанцаў, набылі кашпо. У нас з’явіліся новыя аднаярусныя і трох’ярусныя клумбы і клумбы, прысвечаныя 80-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Акрамя азелянення, спецыяльна для дзяцей закупілі і ўстанавілі дзякуючы спонсарскай дапамозе двое арэляў-качалак і двое арэляў-балансіраў, зрабілі дарожку-змейку, што значна пашырыла магчымасці для актыўнага адпачынку выхаванцаў на свежым паветры. Таксама абноўлена метэапляцоўка, яркія тоны надалі надворнаму гульнявому абсталяванню — аўтобусу, параходу, машынам.

Спектр кветкавых фарбаў і вечназялёныя расліны цешаць вока, а тэматычныя клумбы сталі сапраўдным упрыгажэннем тэрыторыі. Аднак экскурсія па ўстанове лепш за любыя словы даказвае, што тут актыўна развіваюць розныя напрамкі дзейнасці, у прыватнасці, культурны: дзейнічае пастаянная выстава, прысвечаная мясцоваму паэту і члену Саюза пісьменнікаў, ганароваму госцю і сябру выхаванцаў Рыгору Уладзіміравічу Бабчанку. Яго творчасць дапамагае дзецям лепш зразумець беларускамоўнае слова, гісторыю і культуру роднага краю. А яшчэ выхавальнікі і загадчыца сада рэалізу­юць праекты, накіраваныя на захаванне памяці аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Так, праект “Ордэн у маёй сям’і” прадстаўляе архіўныя матэрыялы, асабістыя рэчы і ўнікальныя гісторыі ўдзельнікаў гістарычных падзей.

— Вось гімнасцёрка, ёй ужо больш за 80 гадоў, і яна належыць майму бацьку, — з трапятаннем у голасе прамаўляе Вольга Паўлаўна. — Таксама захаваліся падзякі Сталіна, ордэны і медалі.

Баявы шлях яе бацькі Паўла Сцяпанавіча Лукашэвіча знайшоў адлюстраванне ў праекце “Лёс салдата”. Дарэчы, у мірны час ён прысвяціў сябе педагогіцы, працуючы настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў Дзяржынскай сярэдняй школе.

— Калектыў падтрымаў ініцыятыву стварэння тэматычнай экспазіцыі, прысвечанай героям Вялікай Айчыннай вайны, і мы разам прадоўжылі рэалізацыю праек­та па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, — дзеліцца суразмоўніца. — Таксама педагогі падрыхтавалі інфармацыйны стэнд, дапаможнікі якога знаёмяць дашкалят з ваеннымі падзеямі. Тут жа выстаўляюцца творчыя работы хлопчыкаў і дзяўчынак, прысвечаныя гэтай тэматыцы. А яшчэ маленькія чамучкі могуць дакрануцца да прадметаў, якія былі ва ўжытку салдат, напрыклад, патрымаць у руках грэл­ку.

Адпаведная ўвага ўдзяляецца і ранняму прафесійнаму арыентаванню дзяцей. У музейным пакоі, аформленым у стылі вясковай хаты, праз гульнявыя заняткі выхаванцы знаёмяцца з прафесіямі, запатрабаванымі ў сельскай мясцовасці, такімі як даярка ці фермер. Атмасфера гэтага памяшкання дазваляе рэгулярна праводзіць народныя святы і культурныя мерапрыемствы, якія са­дзейнічаюць захаванню і развіццю беларускіх традыцый. Дарэчы, педагогі раёна сталі фіналістамі абласнога фестывалю педагагічнага майстэрства “Працоўнае і прафесійнае выхаванне: ад ідэі да практыкі ў дашкольнай адукацыі”, што пацвярджае высокі ўзровень іх працы.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара