Творчасць як лад жыцця. Натхненне жыве ў кожным кутку майстэрні Артура Мядзелкі з Малой Бераставіцы

- 16:19АРТ-квартал

Галоўны ўрок, які настаўнік працоўнага навучання Малабераставіцкай сярэдняй школы дае і вучням, і суседзям, — творчае стаўленне да ўсяго навокал. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У Малой Бераставіцы на Гродзеншчыне  сёння можна знайсці мініяцюру Эйфелевай вежы, якая ўзвышаецца на ўчастку звычайнага беларускага дома. Для настаўніка працоўнага навучання Артура Мя­дзелкі гэтая вежа — візітная картка яго свету, дзе твор­часць  — галоўная мова:

— Проста захацелася на­даць цікавае гучанне кветніку каля дома. Металічныя нарыхтоўкі, зварачны апарат, некалькі гадзін вольнага часу — і гатова!

Пра захапленні Артура Мя­дзелкі па-за межамі складання вучэбных планаў (педагог працуе ў Малабераставіцкай сярэдняй школе) мы дамовіліся пагаварыць у галоўнай майстэрні — кватэры прадстаўнікоў творчага дуэта Мя­дзелка. Пераступіўшы яе парог, міжволі ловіш сябе на думцы: дом настаўніка спявае! Гэтая мелодыя складаецца з акуратных мазкоў на палотнах, абпаленай у печы гліны і цікання шматлікіх гадзіннікаў. Слухаючы мелодыю, разумееш: галоўны ўрок, які педагог дае і вучням, і суседзям, — творчае стаўленне да ўсяго навокал.

— Няўжо ўсе карціны пісалі самі?

— А як жа! Штосьці я, штосьці жонка. Захапленне жывапісам у нас адно на дваіх. Абсалютная большасць
маіх карцін — замалёўкі ўспамінаў з дзяцінства з прыгожымі вясковымі пейзажамі, сцяжынкамі ў полі і світаннямі над азёрным шклом… Яны пра прыгажосць нашага краю і вельмі блізкія многім людзям. Захапленне і жывапісам, і педагогікай у мяне родам з сям’і. Мама ўсё жыццё працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, і я нават пачынаў свой прафесійны шлях у адным калектыве з ёй, — гаво­рыць Артур Мя­дзелка.

Калегі, суседзі і знаёмыя даўно ведаюць яго як майстра на ўсе рукі. Не-не ды і зазірне хтосьці з просьбай разабрацца, што здарылася з дарагім сэрцу старым га­дзіннікам або радыё.

— На ключах у мяне заўсёды ёсць невялікі інструмент для работы з га­дзіннікамі. І такая прагматычнасць,
памятаю, аднойчы аказалася вельмі дарэчы. У Гродне я праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі ў абласным ІРА, і аднойчы з калегамі мы зазірнулі ў адзін з музеяў горада. Экскурсавод звярнула ўвагу на гадзіннік (не экспанат), які чамусьці спыніўся. Я прапанаваў паглядзець механізм, крыху падумаў — і стрэлкі прадоўжылі сваё напеўнае “цік-так”, — успамінае суразмоўнік.

У яго разуменні класічны га­дзіннік у супрацьвагу сённяшняму разумнаму — гэта жывы механізм. З трапятаннем педагог паказвае сваю калекцыю з цікавымі прадстаўнікамі: сувенірны гадзіннік, створаны да Алімпіяды 1980 года, самы тонкі “касцюмны” ад Мінскага гадзіннікавага завода “Луч”, “Перамога” 1955 года…

У хатняй майстэрні чакае свайго завяршэння і карціна па матывах сусветнай класікі.

— Кожны сам выбірае, як ба­віць вольны час. Мне такі выбар нярэдка нашэптваюць пэндзлі і фарбы. Сёння працую над карцінай па матывах жывапісу Ван Гога. Яшчэ не прыдумаў, дзе гэтая карціна зойме сваё месца. Але аднымі з першых канчатковы варыянт абавязкова ацэняць мае вучні, — працягвае педагог.

На гурток для жадаючых папрацаваць сваімі рукамі ён аднойчы прынёс самаробную радыёстанцыю, у аснове якой — непатрэбная аўтамагнітола. Вучні загарэліся і пры падтрымцы педагога аналагічныя “рэтра-Алісы” сабралі ўжо для сябе. Працуе ра­зам з дзецьмі педагог і над вялікімі сумеснымі праектамі. У такім тандэме для абласнога конкурсу дыярам “Дарогамі вайны”, прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яны майстравалі макет пра будні ваеннага аэра­дрома перыяду заканчэння вайны.

— Прадстаўленая тут мадэль самалёта шырока выкарыстоўвалася з 1943 года. Кожны элемент дыярамы, уключаючы тэхніку і фігуры людзей, мы стваралі сваімі рукамі. Гэтая карпатлівая работа заняла каля месяца. Прыемна, што ўбачыць вынік змаглі жыхары ўсёй вобласці. Выстава работ — удзельнікаў конкурсу на працягу ўсяго лета дэманстравалася ў абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага, — успамінае Артур Мядзелка.

Мінулым летам значна абнавілася і яго вучэбная майстэрня ў школе. Зрэшты, творчы настрой разам з навучэнцамі ён стварае і ў іншых вучэбных кабінетах. У рамках праграмы прафесійнай адукацыі для навучэнцаў 10—11 класаў па спецыяльнасці “Дэкаратар-афарміцель” значна прыгажэйшымі тут сталі адразу некалькі прадметных кабінетаў.

…У хатняй майстэрні позірк міжволі спыняецца на сцяне, якую ўпрыгожваюць керамічныя лялькі ручной работы.

— Калі заканчваў універсітэт імя П.М.Ма­шэрава ў Віцебску, дыпломнай работай была керамічная кампазіцыя да твора Янкі Купалы “Курган”. Так што з гэтай тэхнікай я на ты ўжо шмат гадоў, — працягвае суразмоўнік.

У 2023 годзе разам са сваім вучнем ён стаў пераможцам раённага конкурсу “Дойліды Бераставіччыны” ў намінацыі “Майстар і памочнік майстра”. Храм вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага яны тады прадставілі ў самых дробных дэталях. Увогуле, духоўныя матывы ў творчасці педагога сустракаюцца часта.

Кожная грань яго творчых захапленняў сугучная з педагогікай. Гадзіннік — гэта метафара часу, дакладнасці, складанага механізма, у якім важны кожны вінцік, як і ў рабоце з дзецьмі. Кераміка ўяўляе сабой магію ператварэння кавалка гліны ў цікавую рэч, а гэта прамая аналогія з выхаваннем і навучаннем. Жывапіс жа для педагога — гэта прастора свабоды і спосаб убачыць свет у іншых колерах. І гэтаму майстэрству творчы педагог штодзень ву­чыць дзяцей.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара