У алею ліцэйскіх зорак

- 15:47Наша пошта

Пятнаццатага чэрвеня пачалася ўступная кампанія ў ліцэі краіны — агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы для 10—11 класаў з паглыбленым вывучэннем пэўных прадметаў. На сёння ліцэі ажыццяўляюць прыём па чатырох напрамках: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, філалагічны і грамадазнаўчы. Конкурсныя іспыты ў залежнасці ад абранага напрамку здаюць дзевяцікласнікі.

Усхваляваных дзевяцікласнікаў учора ветліва сустракалі ў Мазырскім дзяржаўным абласным ліцэі. Тут здавалі два істыты — па замежнай мове (74 вучні) і гісторыі Беларусі (44). Усяго ў навучальнай установе вучыцца 280 чалавек. У 10 класы будзе прынята 140 чалавек, а заявы падалі 245. Як адзначылі ў ліцэі, у мінулым годзе конкурс складаў 2,5 чалавека на месца. Як бачым, і ў гэтым годзе дзевяцікласнікам давядзецца паспаборнічаць за ліцэйскае месца.

Паступаючыя на фізіка-матэматычны напрамак здаюць фізіку і матэматыку, на хіміка-біялагічны — хімію і біялогію, на філалагічны — рускую ці беларускую мову і замежную мову, а на грамадазнаўчы напрамак трэба здаць грамадазнаўства і гісторыю Беларусі. Усе экзамены здаюцца ў форме тэстаў. Сам экзамен доўжыцца адну астранамічную гадзіну. Распрацоўшчыкамі тэстаў з’яўляюцца абласныя ўпраўленні адукацыі і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама.

Без здачы ўступных экзаменаў прымаюцца пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай у навучальным годзе, які завяршыўся ў год прыёму, пры паступленні ў класы з адпаведным профілем навучання.

Мазырскі абласны ліцэй быў адкрыты сем гадоў назад. І ўвесь гэты час тут свой інтэлектуальны патэнцыял развіваюць найбольш здольныя навучэнцы Гомельскай вобласці. Асаблівасцю арганізацыі навучальнага працэсу ў ліцэі з’яўляецца вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні ў адпаведнасці з напрамкамі прафілявання. На профільных прадметах клас дзеліцца на дзве падгрупы, што дапамагае забяспечыць індывідуальны падыход да кожнага вучня. Шырокі спектр факультатыўных заняткаў задавальняе адукацыйныя патрэбы кожнага вучня.

“Вучэбна-метадычная і матэрыяльная база ліцэя дазваляюць нам арганізаваць навучальны працэс у адпаведнасці з самымі сучаснымі, прагрэсіўнымі патрабаваннямі ў галіне адукацыі. Вучэбныя кабінеты маюць свой стыль, сучасны інтэр’ер, абсталяваны аўдыя- і відэатэхнікай, забяспечаны ўсімі неабходнымі прыладамі, дадатковай літаратурай па кожным прадмеце.

У ліцэі абсталявана канферэнц-зала, ёсць сучасная аўдыя- і відэатэхніка, мультымедыйны праектар, якія дапамагаюць нам праводзіць навуковыя канферэнцыі навучэнцаў, пасяджэнні савета ліцэістаў, школы “Лідар”. Акрамя таго, да паслуг ліцеістаў бібліятэка і чытальная зала, абсталяваныя камп’ютарам з выхадам у інтэрнэт. Дзейнічае экалагічны цэнтр для правядзення практычных заняткаў па біялогіі; 2 камп’ютарныя класы (адзін з іх сумешчаны з кабінетам матэматыкі); інфармацыйны цэнтр для работы з камп’ютарнымі навучальнымі праграмамі па ўсіх прадметах, тры інтэрактыўныя дошкі, у кабінетах замежнай мовы ёсць ноўтбукі.

У ліцэі створаны багаты кніжны фонд, мультымедыйная бібліятэка, маецца шырокі спектр праграмных прадуктаў (па ўсiх прадметах): прэзентацыі, праграмы “Рэпетытар” з гукавым суправаджэннем, і навучэнец пры неабходнасці можа самастойна ў навушніках прапрацаваць, напрыклад, прапушчаны матэрыял”, — расказала Людміла Аляксееўна Пракоф’ева, выконваючая абавязкі дырэктара ліцэя.

Трэба адзначыць, што, акрамя насычанага вучэбнага жыцця, у ліцэістаў яркая пазаўрочная дзейнасць. Гэта і традыцыйныя мерапрыемствы (вечар знаёмстваў “На шыраце дружбы”, святкаванне дня ліцэіста, дня нараджэння ліцэя, конкурс “Ліцэісты года”, прэзентацыі альманаха “На хвалях Прыпяці” (зборніка літаратурных твораў ліцэістаў), мерапрыемствы інтэлектуальнай накіраванасці (навуковыя канферэнцыі, дзень генія, творчыя гасціныя, сустрэчы з цікавымі людзьмі і г.д) і сацыяльна значныя мерапрыемствы (экалагічны праект “Захаваем Мазырскія Яры”, акцыя “Клопат”, круглыя сталы з прадстаўнікамі гарадской улады). А ў гонар тых навучэнцаў, якія ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё ліцэя, штогод закладваецца зорка ў Алеі ліцэйскіх зорак. Наладжана выданне газеты “Ліцэйскі мудрэц”.

Зразумела, усё гэта забяспечвае высокую выніко­васць дзейнасці ліцэя па ўсіх напрамках. 97,3% выпускнікоў 2011 года сталі студэнтамі ВНУ. У скарбонцы дасягненняў ліцэя — штогадовыя перамогі на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіядах.

Мазырскі ліцэй змагаецца за кожнага свайго будучага ліцэіста. Для іх праводзіцца шырокая рэкламная кампанія на працягу ўсяго навучальнага года: публікацыі ў СМІ аб дасягненнях ліцэістаў і педагогаў, акцыя “Выпуск­нік — ліцэю!”, у межах якой выпускнікі ліцэя праводзяць агітацыю ў сваіх раёнах і школах, а пераможцы гэтай акцыі ўзнагароджваюцца граматамі на ўрачыстай лінейцы.

“У перыяд уступнай кампаніі ва ўсе раёны Гомельскай вобласці накіроўваюцца лісты-запрашэнні з падрабязнай інфармацыяй аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ў ліцэі і ўмовах паступлення пераможцам 3 і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

У дзень адкрытых дзвярэй для будучых абітурыентаў і іх бацькоў праводзіцца экскурсія па ўстанове навучэнцамі ліцэя, наглядна дэманструюцца ўмовы навучання, матэрыяльна-тэхнічная база. На сустрэчы з адміністрацыяй ліцэя ідзе знаёмства з правіламі паступлення. І завяршаецца ўсё тэатралізаваным прадстаўленнем з удзелам ліцэістаў. Візітнай карткай ліцэя з’яўляецца сайт, на якім размешчана інфармацыя для абітурыентаў і асвятляецца жыццё ліцэйскай рэспублікі”, — адзначыла Людміла Аляксееўна.

У абітурыентаў ліцэя гэтага года ўсё яшчэ наперадзе, а пакуль задача нумар адзін — паспяхова здаць уступныя іспыты. Дарэчы, сёння ў Мазырскім абласным ліцэі дзевяцікласнікі здаюць матэматыку і хімію. А ўздыхнуць з  палёгкай можна будзе толькі 22 чэрвеня. Менавіта ў гэты дзень закончыцца ўступная кампанія ў ліцэі краіны.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
dubowska@ng-press.by


© Сайт арыгіналу Абітурыент, 2012.
Тэгі: , ,

Feed enhanced by Better Feed from Ozh