20 снежня ў нас свята — дзень нараджэння “Настаўніцкай газеты”. Нам 78 гадоў! Пачэсны ўзрост. Але гэта якраз той выпадак, калі за лічбамі, апроч сталасці і традыцый, стаяць юнацкі запал і энтузіязм.
Не без гордасці адзначу, што “Настаўніцкая” — адно са старэйшых перыядычных выданняў краіны. Першы нумар любімай газеты выйшаў 20 снежня 1945 года. З таго часу на яе старонках друкуюцца артыкулы, прысвечаныя праблемам адукацыі і выхавання, пытанням педагагічнай навукі і практыкі. Выданне своечасова інфармуе пра ўсе змяненні і дасягненні агульнаадукацыйнай школы, пра развіццё сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі і вышэйшай адукацыі.
Мы ўвесь час трымаем руку на пульсе, інакш рызыкуем не паспець. Час бяжыць вельмі хутка, усё імкліва мяняецца, у тым ліку і адукацыя, хоць і лічыцца, што гэта самая кансерватыўная галіна. З аднаго боку, гэта сапраўды так. Быў час, калі з педагогамі і кнігамі спаборнічалі кіно і тэлебачанне. Цяпер такое ж супрацьстаянне назіраецца з інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі. Але ж з практычнай дыдактыкай спрачацца бессэнсоўна. З ёй трэба наладжваць зносіны. Мы наладзілі ўзаемадзеянне! І найперш дзякуючы сваім чытачам.
А чытачы нашы — людзі не проста адукаваныя, яны бязмежна творчыя, ініцыятыўныя і актыўныя. Менавіта яны прымушаюць нас, супрацоўнікаў газеты, рухацца наперад. Таму мы заўсёды побач і крыху наперадзе — у авангардзе адукацыйных ідэй і рашэнняў. Па гэтай прычыне ўсе нашы рэдакцыйныя лятучкі прысвячаюцца абмеркаванню новых рубрык і праектаў, новых падыходаў да вёрсткі. Мы выдатна разумеем, што газета павінна быць не проста цікавай і карыснай, але і прыгожай. Сёння візуалізацыя інфармацыі — магутны інструмент уздзеяння на чытача, таму пільна сочым за знешнім выглядам газеты.
Каб наладзіць дыялог з чытачом і пашырыць сувязі, мы пастаянна ездзім у камандзіроўкі, арганізоўваем прэс-туры, круглыя сталы, запрашаем у госці. І ўсё для таго, каб на старонках “Настаўніцкай газеты” друкаваліся метадычныя, выхаваўчыя і арганізацыйныя знаходкі айчынных педагогаў, меркаванні навукоўцаў і прызнаных экспертаў.
Быць навігатарам у свеце сучаснай адукацыі газеце дапамагаюць яе шматлікія аўтары. Мы ўдзячны кожнаму, бо “Настаўніцкая” — гэта газета настаўнiкаў, для настаўнiкаў i пра настаўнiкаў. Прафесійнае выданне дае магчымасць выказацца, падзяліцца вопытам, абмеркаваць праблемы, якія iснуюць у адукацыі. Як адзначыў настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 19 Мінска, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, наш пастаянны чытач і аўтар Аляксандр Фельдман, газета прадастаўляе аператыўную магчымасць дзяліцца сваімі думкамі, наладжваць сувязь з калегамі, даведвацца пра іх меркаванне.
Вось такія нечаканыя знаходкі сустракаюцца падчас камандзіровак. Неяк у Светлагорску надарылася сустрэча з настаўніцай гісторыі Печышчанскай сярэдняй школы і кіраўніком школьнага музея Алесяй Лецяга. На размову Алеся Мікалаеўна прынесла першыя нумары “Настаўніцкай”. Нашаму з фотакарэспандэнтам здзіўленню не было меж! Цяпер гэты рарытэт — музейны экспанат.
І мы клапоцімся аб тым, каб не губляць аператыўнасці. У кожным рэгіёне нашай краіны працуе ўласны карэспандэнт. Гэта тыя прафесіяналы, якія дапамагаюць газеце заўсёды быць на перадавой. Канечне, і галоўны рэдактар, і яго намеснікі пастаянна на сувязі (дапамагаюць, накіроўваюць, падтрымліваюць), але менавіта ўласныя карэспандэнты трымаюць марку на месцах.
Мы ж, знаходзячыся ў цэнтральным сталічным офісе, таксама не сядзім склаўшы рукі. Актыўна працуем над прасоўваннем сайта газеты, Telegram-канала, сеткавага выдання ng-press.by. Шануем кожнага падпісчыка,
вітаем кожнага аўтара! Акрамя таго, развіваем свае праекты, рубрыкі, шукаем (і знаходзім) ідэі для новых.
Гавораць, калі хочаш рассмяшыць Бога — раскажы яму пра свае планы. Пра найбліжэйшыя планы расказваць не буду, хоць яны, канечне, ёсць, а вось глабальнымі падзялюся: “Настаўніцкая газета” і надалей будзе, захоўваючы слаўныя традыцыі і шануючы багатую гісторыю, расказваць аб развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі і адкрываць новыя імёны ў беларускай педагогіцы.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА