У Дабрыні — добра! Чым заняты летам навучэнцы Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна

- 9:00Главная, Новости

Акультурыць бераг возера, палепшыць спартыўныя навыкі, папрацаваць на малочнатаварнай ферме… Чым яшчэ заняты летам навучэнцы Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Як расказаў дырэктар школы Аляксандр Пазняк, першы летні месяц у школе адзна­чыўся адкрыццём трох лагераў. Для малодшых школьнікаў на 15 дзён расчыніў дзверы аздараўленчы лагер дзённага знахо­джання “Дзяцінства”. Хлопчыкі і дзяўчынкі бавілі ў ім час цікава і весела. У рамках розных адукацыйных модуляў педагогі ладзілі для іх пазнавальныя сустрэчы, інтэрактыўныя гульні, майстар-класы і шмат чаго яшчэ.

Так, падчас рэалізацыі модуля “Бяспека” ў госці да выхаванцаў завіталі прадстаўнікі раённых падраздзяленняў Асвода і МНС. А модуль “Творчасць” быў насычаны майстар-класамі ад педагогаў школы, якія вядуць аб’яднанні па інтарэсах творчага кірунку.

Дарэчы, на адных з такіх заняткаў мы пабачылі, як дзеці з захап­леннем ро­бяць з паперы жабак, якіх можна надзьмуць праз трубачку. Шчырыя ўсмешкі, з якімі яны дэманстравалі гасцям сваіх зялёных папяровых сяброў, гаварылі аб іх настроі самі за сябе. А яшчэ дні хлопчыкаў і дзяўчынак былі насычаны экскурсіямі ў Ельскі краязнаўчы музей і Свята-Троіцкую царкву, цікавымі мерапрыем­ствамі ў Даб­рынскім культурна-спартыўным цэнтры і Ельскім гарадскім доме культуры “Колас”.   

Вучні старэйшага ўзросту, якім ужо споўнілася 14 гадоў, з ахвотай запісаліся ў лагер працы і адпачынку “КРУТО” (яго наз­ву тут расшыфроўваюць як “Команда ребят, умеющих трудиться и отдыхать”). Працавалі на мясцовым КСУП “Дабрынь”, якое вырабляе прадукцыю мяса-малочнай жывёлагадоўлі, раслінаводства і агародніцтва. У мэтах бяспекі падлеткаў не дапусцілі да догляду кароў, яны добраўпарадкоўвалі тэрыторыю малочнатаварнай фермы, удзельнічалі ў палявых работах, у прыватнасці, праполцы кармавых буракоў. 

Школьнікі ў лагеры не толькі нядрэнна падзарабілі, але і атрымалі шмат пазітыўных эмоцый ад самых розных актыўнасцей, якія арганізавалі для іх педагогі. А яшчэ папоўнілі скарбонку добрых спраў на карысць роднага аграгарадка — прыбралі ад смецця і прывялі ў парадак частку берага возера Данілаўка, дзе летам любяць загараць і купацца вяскоўцы.  

Лагерам працы і адпачынку магчымасці для школьнікаў зарабіць уласныя грошы не абмежаваліся. У хуткім часе дабрынскія навучэнцы ўвальюцца ў склад раённага студэнцкага атрада БРСМ, які таксама будзе працаваць у КСУП “Дабрынь”. А некаторыя падлеткі збіраюцца часова працаўладкавацца на гэтае сельскагаспадар­чае прадпрыемства ўжо ў індывідуальным парадку.

У жніўні на базе ўстановы адукацыі плануюць рэаліза­ваць праект другаснай занятасці навучэнцаў па рамонце агароджы тэрыторыі школы, які фінансуецца за кошт дзяржавы. Такім чынам, дзякуючы працавітым рукам старшакласнікаў і работнікаў школы, 1 верасня яна будзе мець яшчэ больш прывабны выгляд.   

Не забыліся ў Дабрынскай сярэдняй  школе і аб інтарэ­сах вучняў, якія не ўяўля­юць свой вольны час без спорту. У чэрвені тут працаваў спартыўны лагер, арганізаваны Ельскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай. Яго наведвалі як даб­рынскія, так і ельскія школьнікі. А ў ліпені і жніўні юных аматараў здаровага ладу жыцця запрашае спартклуб “Лета ў кедах”.

— Многія нашы дзеці любяць актыўна праводзіць час у спартзале і на адкрытых пляцоўках. На працягу навучальнага года ў школе працуюць секцыі па валейболе, тэнісе, лёгкай атлетыцы. Навучэнцы ўпэўнена перамагаюць на раённых, абласных і нават рэс­публіканскіх спаборніцтвах. Можна сказаць, летам мы рыхтуемся да новых перамог. Займаемся бегам, гуляем у спартыўныя гульні, катаемся на ролерах, веласіпедах, плаваем, — расказ­вае настаўнік фізічнай культуры і здароўя школы Ігар Захараў. За гэты год узялі на рэспубліканскіх спаборніцтвах 16 прызавых месцаў! Летам рыхтуемся да новых перамог.

Ужо склалася добрая традыцыя, што ў другой палове лета педагог разам з вучнямі адпраўляюцца ў шматдзённы велапаход па Беларусі, падчас якога наведваюць знакавыя для нашай гісторыі мясціны. Шмат дзе пабывалі і спыняцца не збіраюцца, зараз якраз плануюць новую ванд­роўку.

На базе школы на канікулах таксама будуць працаваць арт-пляцоўка, хобі-цэнтр, дзейнічаць профільныя і валанцёрскія атрады. Так, юныя валанцёры з атрада “Клопат” удзеляць увагу адзінокім пажылым адна­вяскоўцам, ветэранам педагагічнай працы. Члены рознаўзроставага профільнага атрада “Нашчадкі Перамогі” зоймуцца доб­раўпарадкаваннем брацкай магілы савецкіх воінаў у Дабрыні, правя­дуць мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

А ў праграме валанцёрскага атрада “Фітакампанія” — экалагічныя акцыі, майстар-клас па лозапляценні, збор лекавых траў для сашэ, творчых работ і абнаўлення этнаграфічнай музейнай экспазіцыі школы.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара