У каледжах Беларусі можа быць падоўжаны тэрмін прыёму па неўкамплектаваных спецыяльнасцях

- 12:15Абитуриент, Новости

“Калі пэўныя спецыяльнасці акажуцца не цалкам укамплектаванымі на 23 жніўня, то ў каледжах на ўзроўні ПТА будзе магчымасць падаўжэння тэрмінаў прыёму да 15 верасня”, — адзначыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

І калі нехта па нейкіх прычынах да 23 жніўня не паспее падаць дакументы на ўзровень прафтэхадукацыі альбо позна вызначыцца з выбарам, то такую магчы­масць можна адсачыць на сайтах устаноў адукацыі, якія абітурыент лічыць для сябе прыярытэтнымі. Там абавязкова будзе размешчана інфармацыя пра падаўжэнне тэрміну прыёму, — дадала А.М.Пятрова.

Нагадаем, што для паступ­лення на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі неабходна прадаставіць дакумент аб адукацыі (пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі або атэстат), а таксама пакет дакументаў, які ўключае ў сябе фатаграфіі.

— Акцэнт зраблю на медыцынскай даведцы адпаведнага ўзору. Каб атрымаць яе, неабходна звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства. Медыкі прымуць рашэнне аб допуску патэнцыяльнага абітурыента да пэўных кваліфікацый прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Пасля дакумент трэба падаць у прыёмную камісію, — паведаміла Аляксандра Мікалаеўна.

Правіламі прыёму таксама прадугледжаны дадатковы набор на бюджэтнае навучанне на ўзроўні ССА: для выпускнікоў 9-х класаў — па 11 жніўня, а для адзінаццацікласнікаў — па 12 жніўня.

Увага! На сайтах каледжаў можна адсачыць ход прыёму дакументаў. З гэтага года будзе адлюстроўвацца меншы крок.

— Раней у статыстычных табліцах пададзеных заяў крок быў 0,5 і ўказвалася, напрыклад, колькасць паступаючых з балам 6—6,5. Зараз жа крок будзе ў адну дзясятую, а значыць, будзе адлюстроўвацца колькасць абітурыентаў і з балам 6,1, і з балам 6,2 і г.д. Так, кожны зможа зайсці на сайт установы і даведацца, колькі дакументаў і з якім балам пададзена, што забяспечыць яшчэ большую празрыстасць прыёмнай кампаніі. Такім чынам, мы стараемся ўлічыць усе пытанні, якія паступаюць ад грамадзян у Мін­адукацыі, — патлумачыла А.М.Пятрова.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з сайта pixabay.com носіць ілюстрацыйны характар