Пра падрыхтоўку вучняў да алімпіяд, прафарыентацыйную работу і метадычную дапамогу настаўнікам карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагаварыла з начальнікам аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Паўлам Віктаравічам Тарчынскім.
— Павел Віктаравіч, сёння тэма ранняй прафарыентацыі вельмі актуальная. Што дапамагае школьнікам сарыентавацца ў свеце прафесій?
— У Шчучынскім раёне сфарміравана сістэма дапрафесійнага і прафесійнага навучання. У бягучым навучальным годзе для 185 навучэнцаў 10—11-х класаў арганізавана прафесійная падрыхтоўка па 9 спецыяльнасцях. Таксама былі адкрыты 5 груп аграрнай, 2 — ваенна-патрыятычнай накіраванасці, а таксама 4 педагагічныя групы.
Працягваецца работа міжшкольнага цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі, у якім займаюцца 197 навучэнцаў.
Для паспяховай прафарыентацыйнай работы са школьнікамі ва ўзаемадзеянні з арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна рэалізуем сумесныя дарожныя карты, якія прадугледжваюць і першыя прафесійныя пробы.
— На чым грунтуецца работа з таленавітымі навучэнцамі?
— Алімпіядным рухам ахоплены ўсе ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Сістэмна працуе раённая школа “Інтэлект”. На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды нашы навучэнцы заваявалі 7 дыпломаў (4 — ІІ ступені, 3 — ІІІ ступені).
Дзякуючы ўзаемадзеянню з Паркам высокіх тэхналогій, у 7 установах адукацыі рэалізуюцца праекты “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”, “Інфарматыка без разеткі”.
У раёне таксама працуе даследчая школа, у рамках якой наладжана ўзаемадзеянне з Гродзенскім занальным інстытутам раслінаводства НАН Беларусі і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы.
Акрамя таго, таленавітыя навучэнцы заўсёды знаходзяць падтрымку ў кіраўніцтва райвыканкама. Так, 1 чэрвеня на ўшанаванні пераможцаў абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Хрустальная Альфа” школьнікам былі ўручаны прэміі. Падчас калядных сустрэч вучні, якія маюць дасягненні ў творчых конкурсах, атрымалі салодкія падарункі, спартсмены — грашовыя прэміі.
— Якую метадычную дапамогу аказваеце педагогам?
— Выяўленню, вывучэнню, абагульненню і распаўсюджванню эфектыўнай педагагічнай практыкі спрыялі праведзеныя ў 2022 годзе раённыя конкурс “Педагагіяда” і канферэнцыя “Педагагічныя чытанні”.
У 2022 годзе на базе раёна быў праведзены абласны метадалагічны семінар “Педагагічная прафілізацыя. Вопыт. Праблема. Знаходка”.
Добры вынік паказала каманда маладых спецыялістаў сярэдняй школы № 2 Шчучына ў міжнародным фестывалі “Прызванне — педагог”. Малады педагог сярэдняй школы № 2 Дар’я Бажко, педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 7 Настасся Мілінкевіч занесены ў віртуальную Кнігу пашаны маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. Акрамя гэтага, Настасся Мілінкевіч атрымала прэмію абласнога конкурсу “Паспяховы старт”.
— Якія праблемы вас як кіраўніка сёння хвалююць?
— Зараз неабходна засяродзіць увагу на падрыхтоўцы да правядзення выніковай атэстацыі ў новым фармаце выпускнікоў як 11-х, так і 9-х класаў. Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену прайшла арганізавана. Пры падрыхтоўцы да самога іспыту варта максімальна ўлічыць усе заўвагі, атрыманыя ў ходзе аналізу рэпетыцыі ЦЭ, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу пункта ЦЭ.
Наталля САХНО
Фота аўтара