Улукаўскі дзіцячы сад стаў лепшым у вобласці сярод сельскіх дашкольных устаноў па забеспячэнні якасці адукацыі

- 12:10Гомельская область, Знак качества, Новости

Улукаўскі дзіцячы сад стаў пераможцам абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па забеспячэнні якасці адукацыі навучэнцаў сярод устаноў дашкольнай адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У ліку прыярытэтных напрамкаў тут вылучаюць забеспячэнне даступнасці дашкольнай адукацыі і ўдаскана­ленне якасці адукацыйнага пра­цэсу.

— У нашым садзе 225 выхаванцаў наведваюць 14 груп, і кожнаму дзіцяці спецыялісты ўстановы ўдзяляюць асаблівую ўвагу, — адзначыла загадчыца Ала Журава. — Адукацыйны працэс ажыццяўляе 31 педагог. У жніўні калектыў папоўніўся двума маладымі спецыялістамі. Цікава, што адна з іх — выпускніца нашага дзіцячага сада. Дарэчы, у мінулым годзе дружная педагагічная сям’я таксама прыняла дваіх навічкоў у прафесіі. Прыемна, што ўсе яны зацікаўлены працягнуць свой педагагічны шлях разам з намі. Нашы педагогі — гэта каманда аднадумцаў, якія любяць сваю работу і дзяцей. Цяжка перадаць словамі тую ўвагу і цяпло, з якімі выхавальнікі ставяцца да сваіх падапечных. Бацькі гэта адчуваюць, таму з лёгкім сэрцам пакідаюць дзяцей ва ўстанове.

У сельскім дзіцячым садзе створаны камфортныя ўмовы для знаходжання і рознабаковага развіцця малышоў. Так, поўнасцю абсталяваны музычная і спартыўная залы, кабінеты настаўнікаў-дэфектолагаў (тут іх пяць), інфармацыйна-метадычны цэнтр, прагулачныя пляцоўкі з верандамі, медыцынскі блок. Дзеці займаюцца харэаграфіяй, фітнесам, тэхнічным канструяваннем, для іх працуе творчая майстэрня. Дарэчы, хлопчыкі і дзяўчынкі паспелі ўжо прадэманстраваць свае танцавальныя навыкі на канцэртах і мерапрыемствах горада. Выхаванцы творчай майстэрні прадставілі свае крэатыўныя работы на фестывалі творчасці “Які цудоўны гэты свет”, раённай выставе-конкурсе “Новагодні серпанцін”.

— Імкнёмся быць лепшымі ва ўсім, — падкрэсліла загадчыца.

Дарэчы, педагогі і выхаванцы актыўна заяўляюць аб сабе, удзельнічаючы ў розных конкурсах, мерапрыемствах, канферэнцыях. Так, поспехаў яны дасягнулі на раённым этапе рэспублі­канскага конкурсу “Энергамарафон-2023”, па выніках якога ўдастоены двух дыпломаў ІІ ступені. На абласным маладзёжным конкурсе сацыяльнай рэкламы “Сям’я — гэта…” сад прадставіў два відэаролікі аб сямейных каштоўнасцях. Выхавальніца вышэйшай катэгорыі Вольга Нікіцькіна, якая прымала ўдзел у раённым конкурсе “Лепшы выхавальнік дашкольнай адукацыі, які рэалізуе праграмы спецыяльнай адукацыі”, заняла 1-е месца і прайшла ў другі тур абласнога этапу. Таксама педагогі дзіцячага сада былі ўдзельнікамі III Міжнароднай канферэнцыі па мастацка-эстэтычным выхаванні, дзе падзяліліся сваім вопытам работы.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлены Улукаўскім дзіцячым садам