Навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага каледжа пад кіраўніцтвам педагога Дануты Чэх-Астрашэўскай адкрываюць для сябе шлях да духоўнасці праз колер, лінію і малітву. Святло, якое нараджаецца ў цішыні іканапіснай майстэрні, здольна змяніць не толькі палатно, але і чалавечыя сэрцы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ідэя далучыць падлеткаў да царкоўнага мастацтва належыць дырэктару каледжа Алегу Адамавічу Бахановічу. У 2019 годзе па яго ініцыятыве на базе ўстановы быў створаны духоўна-асветніцкі цэнтр імя Кірылы і Мяфодзія. Нядаўна прынята рашэнне аб пашырэнні плошчаў. Творчым афармленнем новых залаў займаецца наша студыя. Адна з галоўных задач — напісанне ікон, — паведаміла Данута Сяргееўна.
У каледжы наладжана плённае ўзаемадзеянне з праваслаўнымі прыходамі горада, таму першым крокам стала духоўнае благаславенне. На карысную для Бога і людзей справу накіраваў настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы Сергій Белавус.

— Благаслаўляючы на творчасць, пагаварыў з навучэнцамі аб жыцці беларускіх святых, значэнні ікон і асаблівасцях іх стварэння. І гэта не разавыя гутаркі. Маладыя людзі пачынаюць лепш разумець праваслаўе, пранікаюцца верай у Бога, пішуць іконы з чыстымі намерамі. Работы атрымліваюцца вельмі натхняльнымі. Ад такіх ікон вее святлом і шчырасцю, — расказаў айцец Сергій.
Сёння іканапісам у каледжы займаюцца звыш 60 юнакоў і дзяўчат. Гэта навучэнцы як творчых, так і тэхнічных спецыяльнасцей.
— У асноўным яны пішуць іконы, звязаныя з Магілёўшчынай. Створана шмат выяў вядомых цудатворных абразоў Бялыніцкай, Магілёва-Брацкай, Баркалабаўскай Божай Маці. Часта малююць святых заступнікаў нашай зямлі — Еўфрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Валянціну Мінскую. Моладзь бачыць у іх прыклад самаадданага служэння Богу і Айчыне, — заўважыла Данута Чэх-Астрашэўская.
Стварэнне іконы — карпатлівы працэс. Пасля выбару сюжэта навучэнцы рыхтуюць спецыяльную паверхню: абразы пішуць на дрэве, кардоне, фанеры або на паперы. Выява наносіцца акрылавымі фарбамі. Хлопцы і дзяўчаты дасканала прамалёўваюць фрагменты і дэталі, у літаральным сэнсе ўкладваюць у работы душу.
— Для іх гэта светлая творчасць — своеасаблівае акно ў праваслаўе. Вырабляючы іконы, моладзь спазнае хрысціянскія ісціны, чытае малітвы, вывучае Біблію. Калі мы прыступалі да стварэння абразоў, не ўсе вучні называлі сябе веруючымі. Цяпер, дзякуючы іканапісу, многія змянілі стаўленне да веры ў Бога, пачалі наведваць храмы, разважаць аб духоўных рэчах, — адзначыла Данута Сяргееўна.

За бягучы год навучэнцы напісалі больш за 100 абразоў. Актыўна такой дзейнасцю займаюцца Анастасія і Аляксандра Дварэцкія. Дзяўчаты стварылі каля 20 работ.
— Іконы — не проста малюнкі. У іх вялікая духоўная сіла і прыгажосць. Усяляк імкнёмся гэта перадаць. Асабліва засяроджана працавалі над выявамі Еўфрасінні Полацкай і іконы Божай Маці “Умякчэнне злых сэрцаў”. Еўфрасіння — узор вернасці хрысціянскім ідэалам і адданасці свайму народу, а ікона “Умякчэнне злых сэрцаў” нагадвае аб значнасці дабрыні і міласэрнасці, — расказалі сёстры.
У праваслаўнай тэматыцы навучэнцы эканамічнага каледжа ствараюць не толькі іконы. Яны робяць разнастайныя дэкарацыі, роставыя фігуры святых, макеты праваслаўных храмаў. Перыядычна дапамагаюць з аднаўленчымі і рэстаўрацыйнымі работамі святарам. А яшчэ тут ёсць незвычайная карта краіны з указаннем месцаў, дзе Маці Божая з’яўлялася людзям.
— У найбліжэйшых планах — роспіс фрэскамі на біблейскую тэму столі і сцен у новых залах духоўна-асветніцкага цэнтра. Будзем працягваць і напісанне ікон, — падзялілася Данута Чэх-Астрашэўская.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





