Упэўненым крокам да студэнцтва

- 9:48Адукацыйныя магчымасці

У канцы лютага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пачнецца шматпрофільная алімпіяда, у якой прымуць удзел навучэнцы старшых класаў школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў з Гродзенскай вобласці і іншых куткоў краіны. Шматпрофільная алімпіяда ўключае спаборніцтвы як па агульнаадукацыйных прадметах — матэматыцы, хіміі, біялогіі, так і па асновах графікі, крыптаграфіі і абароне інфармацыі, журналістыцы.

Такая шматпрофільная алімпіяда будзе праводзіцца ва ўніверсітэце другі раз, але і год назад была бачна цікавасць да яе старшакласнікаў. Спаборніцтва разглядаецца як адзін з элементаў работы з патэнцыяльнымі абітурыентамі. Дарэчы, пераможцы мінулагодняй алімпіяды, якія сталі студэнтамі ГрДУ, на працягу першага семестра атрымлівалі заахвочвальную даплату да стыпендыі.

Старт алімпіядзе дасць факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму — 27 лютага тут адбудзецца завочны этап алімпіяды “Гісторыка-культурная спадчына Заходняга рэгіёна Беларусі”; алімпіяда па журналістыцы “Медыя і я” пройдзе ў два этапы — у сакавіку і красавіку.

— Для некаторых удзельнікаў студыі юнага журналіста “Медыя-STARt” — гэта цудоўная магчымасць праверыць свае веды, — гаворыць загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук. — Заняткі ў студыі карысныя як абітурыентам, якія плануюць паступленне на спецыяльнасць “Журналістыка”, так і тым, хто цікавіцца спецыяльнасцю “Інфармацыя і камунікацыя”. Тут будучыя абітурыенты не толькі рыхтуюцца да ўступных іспытаў, але і вучацца спраўляцца з хваляваннем, даведваюцца больш пра традыцыйныя і новыя медыя, знаёмяцца з рознымі праграмамі апрацоўкі тэкставай, графічнай, аўдыявізуальнай інфармацыі, акунаюцца ў атмасферу студэнцтва.

Рэгулярныя заняткі ў студыі юнага журналіста “Медыя-STARt” значна павышаюць шансы на паступленне ва ўніверсітэт. Штогод больш за 70 працэнтаў удзельнікаў паступаюць на спецыяльнасці “Журналістыка” і “Інфармацыя і камунікацыя”.

Рэгулярныя заняткі ў студыі юнага журналіста “Медыя-STARt” значна павышаюць шансы на паступленне ва ўніверсітэт.

У студыі арганізуюцца лекцыі, семінары, алімпіяды, трэнінгі, майстар-класы, відэаўрокі, вэбінары, экскурсіі, конкурсы, інтэрактыўныя гульні. Гэты і папярэдні год унеслі некаторыя змены ў вучэбны працэс. Сёлета заняткі праходзяць па суботах у двух фарматах — анлайн і афлайн. Тры разы на месяц навучэнцы падключаюцца да анлайн-трэнінгу на лічбавай камунікацыйнай платформе Zoom. На працягу 2,5 га­дзіны прахо­дзяць тры заняткі — пад­рыхтоўка да напісання сачынення, пад­рыхтоўка да творчага субяседавання і заняткі па тэхніцы і тэхналогіі СМІ і новых медыя. Адзін раз у месяц навучэнцы “Медыя-STARt” збіраюцца ва ўніверсітэце, каб на пляцоўцы “Студэнцкага медыяцэнтра” пры кафедры журналістыкі замацаваць веды, папрацаваць у вучэбных тэле- і радыёстудыях.

Як расказвае Іна Мінчук, упершыню ў гэтым навучальным годзе кафедра журналістыкі пачала праводзіць медыяўрокі “Анлайн Detox: пазбаўляемся ад сеткавага смецця”. Штотыдзень па запрашэнні ўстаноў адукацыі для навучэнцаў 8—10 класаў на платформе Zoom выкладчыкі кафедры журналістыкі ра­зам са студэнтамі праводзяць сустрэчы, скіраваныя на развіццё масавай медыяпісьменнасці, з аднаго боку, і на прафесійную арыентацыю навучэнцаў, з другога.

Работа са школьнікамі на факультэце матэматыкі і інфарматыкі мае вельмі даўнюю традыцыю. Яшчэ ў 1957 годзе была створана школа юных матэматыкаў, потым яна ператварылася ў вучэбны цэнтр “Школа дакладных навук”.

— Мэтай работы цэнтра з’яўляецца прапаганда навуковых ведаў і развіццё ў школьнікаў цікавасці да даследчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для выяўлення адораных і таленавітых школьнікаў, іх далейшага ін­тэлектуальнага развіцця і прафесійнай арыентацыі, — гаворыць прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ Юрый Раманоўскі, які шмат гадоў кіруе дзейнасцю цэнтра.

Навучанне школьнікаў Гродна і Гродзенскага раёна ажыццяўляецца ў дзвюх секцыях: матэматыкі і інфарматыкі. Акрамя таго, вядзецца падрыхтоўка па фізіцы, англійскай мове, для навучэнцаў 1—4 класаў — па робататэхніцы.

— Многія навучэнцы наведваюць Школу дакладных навук на працягу некалькіх гадоў, а таму важным прынцыпам заняткаў з’яўляюцца бесперапыннасць і пераемнасць — праграма заняткаў у старшых групах улічвае і працягвае праграмы заняткаў папярэдніх груп. Заняткі арганізаваны па двух модулях (працягласць модуля — адзін навучальны год). Яны чаргуюцца, што дазваляе пазбегнуць накладак, каб адны і тыя ж навучэнцы не займаліся па аднолькавых модулях на працягу двух гадоў. З кожным годам колькасць дзяцей, якія вучацца ў нашай школе, расце. Арганізатарам нават даводзіцца право­дзіць адбор у выглядзе міні-алімпіяды. Зрэшты, навучэнцы, якія не прайшлі адбор, таксама могуць наведваць заняткі пры наяўнасці свабодных месцаў у аўдыторыі, — дадае загадчык кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі Ірына Карлюкова.

Павысіць узровень ведаў, азнаёміцца з жыццём універсітэта і яго спецыяльнасцямі абітурыенты могуць у шматлікіх гуртках і школах, якія працуюць на розных факультэтах ГрДУ.

Шмат удзельнікаў збіраюць і алімпіяды па матэматыцы, якія праводзіць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Штогод у іх удзельнічае звыш 700 навучэнцаў. У 2021 годзе адбудзецца ўжо 21-я матэматычная алімпіяда для навучэнцаў 5—7 класаў. Дзесяць гадоў назад прайшла першая дыстанцыйная алімпіяда па матэматыцы. Тады ў ёй прынялі ўдзел больш за 1700 школьнікаў з усіх рэгіёнаў Гродзеншчыны. А сёння дыстанцыйная алімпіяда дае магчымасць паспрабаваць свае сілы ў матэматыцы больш чым тром тысячам школьнікаў у кожным туры.

“Рэлігія ў сучасным свеце і якія адносіны мае да гэтага сацыялогія” — такой была тэма заняткаў, якія правяла дацэнт кафедры сацыялогіі і спецыяльных сацыялагічных дысцыплін Наталля Казлоўская ў Школе юнага сацыёлага. На наступных занятках пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры Аксаны Гаўрылік старшакласнікі будуць высвятляць пытанне: што ведаюць сацыёлагі пра грошы і ці ўмеюць яны зарабляць.

— Навучэнцы нашай школы могуць не толькі пад­рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання па грамадазнаўстве. На занятках абмяркоўваюцца пытанні філасофіі, паліталогіі, культуралогіі, — расказвае Наталля Уладзіміраўна. — Дзеці даведаюцца аб асновах правядзення сацыялагічных даследаванняў і нават змогуць папрацаваць над уласным сацыялагічным праектам.

На філалагічным факультэце дзейнічаюць школа юнага філолага па нямецкай мове і школа беларускага філолага.

— Ствараючы ў 2013 годзе школу юнага філолага па нямецкай мове, мы ставілі задачы па выяўленні адораных і таленавітых навучэнцаў, іх далейшага інтэлектуальнага развіцця і прафесійнай арыентацыі, дапамогі ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, — гаворыць загадчыца кафедры рамана-германскай філалогіі Надзея Уласюк.

Сёння тут развіваюць іншамоўныя камунікатыўныя кампетэнцыі школьнікаў (моўныя, сацыякультурныя, вучэбна-пазнавальныя), а таксама здольнасць самастойна і бесперапынна вывучаць замежную мову, займацца з яе дапамогай самаадукацыяй, вызначыцца ў дачыненні да будучай прафесіі.

— У школе юнага філолага па нямецкай мове дзеці паглыблена вывучаюць школьную праграму, атрымліваюць кансультацыі па падрыхтоўцы да алімпіяд, разбіраюць цяжкасці цэнтралізаванага тэсціравання, — расказвае кіраўнік школы старшы выкладчык кафедры рамана-германскай філалогіі Наталля Андрэйчык. — Тут працуюць усе супрацоўнікі нашай кафедры. Кожны выкладчык праводзіць заняткі па пэўнай тэме.

Аб дзейнасці школы дзеці даведваюцца на днях адкрытых дзвярэй філалагічнага факультэта, на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах, праз электронную рассылку ва ўстановы адукацыі Гродна і Гродзенскай вобласці. У гэтым навучальным годзе актыўна праходзяць навучанне старшакласнікі сярэдніх школ №№ 15, 22, 28, 37, гімназіі № 1 імя акадэміка Карскага Гродна.

— Мэтай стварэння школы беларускага філолага з’яўляецца распаўсюджванне навуковых ведаў па беларускай філалогіі і развіццё ў навучэнцаў цікавасці да прафесіі філолага, а таксама ўдасканаленне праф­арыентацыйнай дзейнасці, — расказвае кіраўнік школы беларускага філолага дацэнт кафедры беларускай філалогіі Нона Шандроха. — Праграма ўключае моўную і літаратурную падрыхтоўку будучых студэнтаў філалагічнага факультэта. Старшакласнікі атрымліваюць метадычныя парады па падрыхтоўцы да ЦТ, а таксама ўдасканальваюць свае веды па беларускай літаратуры як вусным прадмеце па спецыяльнасці. На занятках праводзяцца камунікатыўна-маўленчыя трэнінгі, дзелавыя гульні, дыскусіі, што дае абітурыентам магчымасць праяўляць творчасць і крэатыўнасць.

Заняткі праходзяць у школе двойчы на месяц па суботах. Прадугледжана як аўдыторная, так і дыстанцыйная форма работы. Сёлета сустрэчы з будучымі абітурыентамі ладзяцца праз інтэрактыўную платформу Zoom.


Прыходзячы на заняткі ў ГрДУ, школьнікі не толькі атрымліваюць трывалыя веды. Яны знаёмяцца з жыццём універсітэта, бачаць яго магчымасці і адкрываюць для сябе новыя гарызонты. Так, у сакавіку навучэнцы змогуць прыняць удзел у ІІІ Рэспубліканскай навукова-практычнай інтэрнэт-канферэнцыі “Медыякамунікацыі ў ХХІ стагоддзі: традыцыі і навацыі”, якую арганізуюць Міністэрства адукацыі, кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы і галоўнае ўпраўленне па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Для ўдзельнікаў будуць арганізаваны секцыі “Рэгіянальная журналістыка: мінулае, сучаснае, будучыня” і “Медыяпрастора Беларусі вачыма пакалення Z”.

На занятках право­дзяцца камунікатыўна-маўленчыя трэнінгі, дзелавыя гульні, дыскусіі, што дае абітурыентам магчымасць праяў­ляць творчасць і крэатыў­насць.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.