Упрыгожым родную зямлю

- 10:23Авторские колонки, Мнение

Красавік упрыгожвае беларускую зямлю вясновымі колерамі, робіць яе больш утульнай, прыгожай. Чым не прыклад для кожнага з нас?

Ігар ГРЭЧКА

Вясна ў гэтым годзе прыйшла раней, чым летась. Зямля ўжо скінула снежнае покрыва, прагрэлася пад цёплымі промнямі — і на лясных палянках пацягнуліся да сонца сінія пралескі. Асабіста для мяне з’яўленне гэтых першых лясных кветак сведчыць пра тое, што вясна цалкам уступіла ў свае правы. Хоць зіма днямі яшчэ нагадала пра сябе мокрым снегам і часовым пахаладаннем, але агульнага вясновага настрою ні людзям, ні прыродзе яна не сапсавала.

Калі любуешся першымі ляснымі кветкамі, маладым лісцем, якое толькі-толькі з’яўляецца на дрэвах, назіраеш за тым, як зямля пазбаўляецца зімовай шэрасці і апранае яркае вясновае адзенне, хочацца дапамагчы ёй у гэтым. І тут у кожнага з нас ёсць цудоўная магчымасць навесці чысціню на роднай зямлі.

Па добрай традыцыі ў красавіку беларусы выходзяць на суботнікі. Мы можам і на свежым паветры папрацаваць, і зрабіць пры гэтым тое месца, дзе жывём, больш прыгожым, утульным.

Напярэдадні агульнарэспубліканскага суботніка, які пройдзе ў другой палове месяца, ужо адбыліся працоўныя акцыі на ўзроўні населеных пунк­таў, раёнаў, абласцей. Самы актыўны ўдзел у іх прыняла сістэма адукацыі. Навучэнцы і педагогі, студэнты і выкладчыкі наводзілі чысціню на тэрыторыі сваіх устаноў, мемарыялаў і брацкіх магіл перыяду Вялікай Айчыннай вайны, высаджвалі лес, рыхтавалі дзіцячыя лагеры да летняй аздараўленчай кампаніі.

Так, кіраўніцтва і супрацоўнікі Міністэрства адукацыі разам з рэктаратам і выкладчыкамі БНТУ добраўпарадкавалі тэрыторыю санаторыя-прафілакторыя “Палітэхнік”. А навучэнцы і выкладчыкі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа шчыравалі на берагах рэчкі Менкі, дзе пачынаўся старажытны Мінск і дзе плануецца стварыць ландшафтны парк. І такіх прыкладаў можна прывесці тысячы, паколькі кожная школа, каледж, універсітэт, супрацоўнікі кожнага раённага і гарадскога аддзелаў адукацыі, абласных упраў­ленняў далучыліся да працоўных акцый.

Замежныя госці, якія ўпершыню трапляюць у Беларусь, заўсёды адзначаюць чысціню і дагледжанасць нашай зямлі. І дзіўнага тут нічога няма, бо і чысціня, і дагледжанасць з’яўляюцца вынікам нашай любові да роднай зямлі. А любоў, як вядома, трэба пацвяр­джаць справамі. Красавік для гэтага — найлепшы час.