Напрыканцы студзеня была зацверджана новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі. Новаўвядзенні, якія дыктуе дакумент, закранулі ўсе ўзроўні адукацыі. Пра тое, як абноўлены кодэкс будзе рэгуляваць вучэбную дзейнасць у сярэдніх спецыяльных навучальных установах, на прыкладзе каледжа расказала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце філіяла БНТУ Барысаўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Тамара Эдуардаўна ЛЯВОЦКАЯ.
— Тамара Эдуардаўна, якія прапановы па ўдасканаленні Кодэкса аб адукацыі ўносіў для абмеркавання Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж?
— Усе прапановы аб тым, якія змяненні хочам убачыць у кодэксе, дасылалі ў Міністэрства адукацыі праз БНТУ. Усё тое, што хацелі, мы прапісалі. Напрыклад, у нас было пытанне па сеткавым узаемадзеянні. Важным новаўвядзеннем з’яўляецца прадастаўленне магчымасці рэалізацыі адукацыйных праграм у сеткавай форме шляхам узаемадзеяння ўстаноў адукацыі паміж сабой і ўстаноў адукацыі з іншымі арганізацыямі з выкарыстаннем іх адукацыйных рэсурсаў і матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Якія змяненні ў дакуменце лічыце важнымі не толькі для каледжаў?
— Абноўлены Кодэкс аб адукацыі накіраваны на ўдасканаленне дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі з улікам атрыманай практыкі. І, безумоўна, як і любы закон у галіне адукацыі, кодэкс накіраваны на павышэнне яе якасці. Многія палажэнні, што існуюць у сферы адукацыі, мяняліся па той прычыне, што мянялася заканадаўства. Магчыма, некаторыя з іх страцілі сваю актуальнасць. Таму новая рэдакцыя кодэкса ўлічвае ўсе гэтыя змяненні, а значыць, утрымлівае новаўвядзенні і ў сваёй структуры, і ў змесце.
У новым законапраекце зроблены акцэнт на інклюзіі ў адукацыі і абавязковасці агульнай сярэдняй адукацыі. Так, інклюзія і раней была ў адукацыі, але была ў асноўным накіравана на сацыяльную адаптацыю. Зараз інклюзія дазваляе ўлічваць індывідуальныя асаблівасці кожнага навучэнца.
Сёння ўсюды гавораць і вялікімі літарамі прапісваюць, што адукацыя — праз усё жыццё: мы павінны пастаянна самаўдасканальвацца, вучыцца новаму, і ўсе маюць на гэта права. Дзяржаўная палітыка ў сферы адукацыі таксама на гэта накіравана. І пэўныя нормы прапісаны ў новым дакуменце.
— Як новыя палажэнні кодэкса рэгулююць магчымасць змянення вучэбных планаў у падрыхтоўцы менавіта вашых спецыялістаў?
— Раней у нас былі тыпавыя вучэбныя планы, па якіх вучылі будучых спецыялістаў. На ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі тыпавая вучэбна-праграмная дакументацыя сёння замяняецца на прыкладную.
З класіфікатара будуць выключаны напрамкі спецыяльнасці і спецыялізацыі. Застануцца толькі спецыяльнасці, у рамках якіх ВНУ, ССНУ змогуць самі вызначаць напрамкі падрыхтоўкі пад канкрэтную патрэбу той ці іншай галіны. Звязана гэта з тым, што ўстановы адукацыі павінны аператыўна карэкціраваць змест падрыхтоўкі спецыялістаў у сувязі з патрабаваннямі эканомікі.
У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі ліквідавана залішняя дэталізацыя асобных норм, якая ў шэрагу выпадкаў не ўлічвала той факт, што працэсы ў сістэме адукацыі могуць мяняцца. Так, пытанне аб напаўняльнасці вучэбных груп, аб’яднанняў па інтарэсах будзе вырашацца заснавальнікам з улікам выканання патрабаванняў санітарных норм, гэта значыць, жорсткія нарматывы, устаноўленыя дзеючым кодэксам, будуць скасаваны.
Шкала адзнак, самі адзнакі і запісы, якія выкарыстоўваюцца для ацэньвання вынікаў вучэбнай дзейнасці, будуць вызначацца не кодэксам, а Правіламі правядзення атэстацыі.
У нас не было дыстанцыйнай формы навучання — толькі завочная. Сёння, у час развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, дыстанцыйная форма будзе прапісана як самастойная форма атрымання адукацыі.
Новым дакументам прадугледжаны магчымасці сацыяльнай абароны навучэнцаў і выпускнікоў — усе нормы захаваны і часткова дапоўнены.
— Тамара Эдуардаўна, як, згодна з новым дакументам, каледж будзе вяртаць сродкі ў бюджэт, што былі затрачаны на падрыхтоўку спецыялістаў? Ці дае дакумент дадатковыя сацыяльныя гарантыі для абароны маладога спецыяліста?
— Што тычыцца новаўвядзенняў, якія таксама закранаюць нас, то ўводзіцца норма аб вяртанні ў бюджэт сродкаў, што былі затрачаны на падрыхтоўку спецыялістаў. Раней, калі навучэнец не прыязджаў па месцы размеркавання (пры гэтым атрымліваў адукацыю на бюджэтнай форме) ці быў звольнены, то толькі тады павінен быў вяртаць грошы.
У нас часта здараюцца сітуацыі, калі арганізацыі бяруць на сябе абавязкі па працаўладкаванні пэўнага выпускніка. Калі даходзіць да справы, то ад сваіх слоў адмаўляюцца. Магчыма, на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны, але пакутуем ад гэтага мы. Пасля такога размеркавання ўзнікае пытанне пераразмеркавання. І знайсці месца для работы бывае праблематычна, асабліва калі ўсе тэрміны ўжо прайшлі.
Беспадстаўнае адмаўленне арганізацыі ад выпускніка патрабуе ад работадаўца вяртання грошай у бюджэт. Тое самае і з незаконным звальненнем спецыяліста. Калі будзе даказана, што маладога чалавека звольнілі без сур’ёзных падстаў, то адказнасць за гэта будзе несці работадавец.
Гутарыла Наталля САХНО.