Вясна спрачаецца з зімой. Калідоры Смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі патанаюць у роставых кветках

- 16:17Новости

Такі вясновы настрой зімой стварыла мастак-афарміцель Таццяна Амельчанка. Круглы год яе вырабы радуюць навучэнцаў і педагогаў Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, натхняючы і дорачы ім станоўчыя эмоцыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Восенню гэта россып жоўта-чырвонага фетравага лісця. Вясной — вялікія званочкі ландышаў з ізалону і фаамірану. Зімой — таксама кветкі, але ўжо з бела-шэрай тканіны, цюлю і бісеру, быццам пакрытыя марозным інеем. Пра святы нагадваюць і жалуды з фольгі і пап’е-машэ, шары з такога ж матэрыялу, падобныя на камякі снегу, дрэвы-тапіярыі, у аснове якіх — металапласт, абшыты ўцяпляльнікам для труб і ўпрыгожаны зноў жа пап’е-машэ.

Наша знаёмства з Таццянай Рыгораўнай адбылося ў той момант, калі яна рыхтавала чарговыя шэдэўры — наносіла на галінкі спецыяльную фарбу, падобную на іскрысты снег.

— Люблю ўпрыгожваць усё навокал. Мама была загадчыцай сельскага клуба і ў дзяцінстве часта брала мяне на работу. Там мы і саломкай займаліся, і выразалі з паперы розныя цікавыя рэчы — рыхтавалі памяшканне клуба да мерапрыемстваў. Быў перыяд, калі я адышла ад творчасці, але неяк у інтэрнэце трапіліся на вочы роставыя кветкі. Яны настолькі спадабаліся, што крута змянілі маё жыццё, — падзялілася суразмоўніца.

Ландышы, гладыёлусы, васількі вышынёй 1,5—2 метры пачалі “вырастаць” нібы грыбы пасля дажджу і разлятацца як гарачыя піражкі па кватэрах родных і сяброў. Здымак незвычайнага букета аднойчы ўбачыла дырэктар Смаргонскага РЦТДіМ Вольга Каравай, пасля чаго Таццяна Амельчанка была запрошана на работу ў цэнтр.

— Яна хоць і не з’яўляецца педагогам дадатковай адукацыі, але дапамагае калегам у рабоце, дзеліцца ідэямі, — адзначыла Вольга Міхайлаўна.

Любімая справа мастака-­афар­міцеля — упрыгожванне будынка ўстановы да розных свят. Гэтымі днямі і ўнутры, і звонку цэнтр падобны на зімовы казачны палац. Для поўнага антуражу не хапае толькі сапраўднага снегу. Але гэта ўжо дробязі. Галоўнае, што навагодні настрой пануе ў сэрцы кожнага супрацоўніка і выхаванца Цэнтра творчасці. І заслуга Таццяны Рыгораўны ў гэтым немалая.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара і з архіва Таццяны Амельчанка