Як Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя стварае свае мультыплікацыйныя ролікі, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала старшыня БРПА Аляксандра Ганчарова.
Гэтыя невялікія 3-мінутныя ролікі сёння вельмі запатрабаваны як у дзяцей, якія раздумваюць, ці ўступаць у піянеры, так і ў педагогаў: установы адукацыі ахвотна выкарыстоўваюць іх на занятках па патрыятычным выхаванні. Карысныя яны і ў рабоце важатых, старшынь піянерскіх дружын. Альтэрнатывы такому відэа пакуль няма, зараз ролікаў чатыры, а будзе яшчэ больш.
— Мы плануем працягваць выпускаць нашы мультфільмы, спадзяёмся нават на іх паказ па тэлебачанні, — адзначае Аляксандра Ганчарова. — Гэта выдатны інструмент у выхаваўчай рабоце. А пакуль што паглядзець ролікі можна на нашым афіцыйным сайце ці ў сацсетках БРПА. Кароткі фармат і зразумелы сюжэт адразу чапляюць дзяцей, многім з якіх сёння, на жаль, цяжка ўспрымаць доўгія фільмы. Выкарыстоўваем прыёмы, якія падабаюцца сучасным дзецям, напрыклад, камп’ютарнай гульні (калі расказваем пра нашу ваенна-патрыятычную гульню “Зарніца”). А ў роліку пра гісторыю нашай краіны прымяняем прыём перамяшчэння героя ў часе.
Праца карпатлівая — каб стварыць мульцік, патрабуецца прыкладна месяц. Неабходна прадугледзець усё: як будзе выглядаць галоўны герой, у што яго апрануць, якім голасам ён загаворыць, зрабіць музычнае суправаджэнне, прадумаць інтэр’еры, пейзажы. Над усім гэтым працуе цэлая каманда спецыялістаў.
— Каб стварыць якасную карцінку, трэба звярнуць увагу на кожную дробязь, кожную фразу, кожны рух герояў, — дадае старшыня БРПА. — Нават як будзе завязаны ў нашага мульцяшнага актывіста гальштук ці дзе ў акцябронка прышпіліць значок.
Самы першы ролік быў інфармацыйны — як стаць піянерам, для чаго гэта патрэбна. Яго галоўны герой рысяня Вогнік — адзін з сімвалаў арганізацыі. Другі мультфільм расказвае пра гісторыю Беларусі, слаўныя мясціны кожнай вобласці. Напрыклад, пра Брэсцкую крэпасць, Магілёўскі абласны драматычны тэатр. У трэцім роліку, які расказвае пра гульню “Зарніца”, упершыню з’яўляецца новы герой — актывіст БРСМ. Апошні, чацвёрты, быў прысвечаны беларускім дзяржаўным сімвалам.
— Спадзяюся, хутка прэзентуем новы ролік. Магчыма, ён будзе прысвечаны героям Беларусі — гістарычным і сучасным, — заўважае Аляксандра Ганчарова.
Лізавета МІЦКЕВІЧ