Выпускнікі педкласаў становяцца выдатнымі студэнтамі

- 13:56Адукацыйныя магчымасці

У мінулым годзе выпускнікі педкласаў упершыню атрымалі права паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў. Па ўсёй краіне гэтым правам скарысталіся больш як 300 чалавек, 130 з іх сталі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Пра тое, наколькі ўдалым быў першы вопыт і што змянілася для выпускнікоў педкласаў у гэтым годзе, нам расказаў дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Сяргей ЯКАВЕНКА.

— Сяргей Уладзіміравіч, першыя выпускнікі педкласаў зараз здаюць другую сесію. Як універсітэт ацэньвае іх поспехі?

— Адразу заўважу, што, згодна з Правіламі прыёму, выпускнікі педкласаў павінны мець па ўсіх школьных прадметах ацэнкі не ніжэйшыя за 7 балаў, а па прадметах профільных іспытаў — не ніжэйшыя за 8 балаў. Таму, хоць яны і паступілі ва ўніверсітэт без экзаменаў, гэта добра падрыхтаваныя маладыя людзі.

Пацвярджэннем таго сталі вынікі зімовай сесіі: сярэдні бал у выпускнікоў педкласаў, у залежнасці ад спецыяльнасці, быў 7,5 і вышэйшы. Гэтак жа добра яны здаюць і летнюю сесію.

Яшчэ падчас вучобы ў школе навучэнцы педкласаў праяўлялі высокую актыўнасць, удзельнічалі ў розных педагагічных мерапрыемствах. Зараз усе яны з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі спартыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў ва ўніверсітэце. І невыпадкова 14 мінулагодніх выпускнікоў педкласаў сталі старастамі груп. Трэба сказаць, яны выдатна спраўляюцца.

Мы задаволены першым наборам выпускнікоў педагагічных класаў. Яны з разуменнем ставяцца да патрабаванняў выкладчыкаў, ведаюць, чаго хочуць у жыцці, і гордыя, што вучацца ў педагагічным універсітэце.

— У апошнія гады сярод абітурыентаў БДПУ няўхільна расла колькасць медалістаў, якія таксама могуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў. Летась гэтая тэндэнцыя прадоўжылася?

— Так, у мінулым годзе ва ўніверсітэт прыйшлі 175 медалістаў і пераможцаў алімпіяд. Сёння амаль кожны пяты наш першакурснік — медаліст. Мы бачым, што прафесія педагога становіцца запатрабаванай. Сучасныя дзеці прагматычныя і разумеюць: гэта стабільная работа, зарплата, працяглы летні адпачынак. Сёлета, як і ў папярэднія гады, падчас размеркавання мы нават не змаглі задаволіць усе заяўкі на нашых выпускнікоў. Настаўнік заўсёды будзе запатрабаваны — і гэта вялікая перавага нашай прафесіі.

— Сёлета выпуск педагагічных класаў амаль уд вая большы, чым летась (было 1350, зараз — 2230 чалавек). Якія прагнозы наконт конкурсаў, прахадных балаў?

— Сапраўды, сетка педагагічных класаў пашырылася. Зараз у Беларусі працуе 441 педагагічны клас ці група; яны ёсць ва ўсіх рэгіёнах краіны. І, натуральна, мы чакаем большага наплыву выпускнікоў.

Так, выпускнікі педагагічных класаў паступаюць без уступных экзаменаў, але трэба разумець, што колькасць бюджэтных месцаў абмежаваная. Ужо летась былі выпадкі (і, верагодна, сітуацыя паўторыцца сёлета), калі сярод абітурыентаў, якія маюць права паступаць без экзаменаў, ствараецца конкурс. Безумоўна, мы стараліся, каб ніхто не застаўся за бортам, раілі абітурыентам перападаваць дакументы на іншыя спецыяльнасці. Але былі і тыя, хто хацеў прынцыпова паступіць на абраную спецыяльнасць, — яны пайшлі вучыцца на ўмовах аплаты.

Таму мы і ў мінулым годзе, і зараз раім выпускнікам педагагічных класаў падстрахавацца і ўзяць мэтавае накіраванне, якое дасць ім пэўную гарантыю паступлення. Пры гэтым абітурыенты нічога не страчваюць: тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні і для выпускнікоў педкласаў, і для мэтавікаў аднолькавы — 5 гадоў.

— Што змянілася ў пераліку спецыяльнасцей для выпускнікоў педагагічных класаў?

— Некаторыя спецыяльнасці (у прыватнасці “Лагапедыя”, “Практычная псіхалогія”, дзве спецыяльнасці гістарычнага факультэта і ўсе спецыяльнасці факультэта эстэтычнай адукацыі) выдалены з пераліку педагагічных спецыяльнасцей, на якія можна паступаць без экзаменаў. На іх заўсёды прэтэндуюць абітурыенты з высокімі баламі, і цяпер у іх будзе шанс паступіць за кошт бюджэту.

— Выпускнікі педагагічных класаў паступаюць без уступных выпрабаванняў, але праходзяць сумоўе. Як гэта адбывалася ў мінулым годзе? Ці былі абітурыенты, якіх камісія завярнула? І, можа, зараз будуць пэўныя змены ў форме ці змесце сумоўя?

— У нарматыўных дакументах, якімі мы кіруемся, ніякіх змен няма, субяседаванне будзе праходзіць па ранейшай схеме. Мы не правяраем веды па прадметах, усе пытанні тычацца факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Хачу сказаць, што летась выпускнікі педкласаў былі вельмі добра падрыхтаваныя. Кожны прынёс з сабой партфоліа, дзе падрабязна распісаны яго ўдзел у розных педагагічных мерапрыемствах на працягу двух гадоў. І мы бачылі: усе гэтыя хлопцы і дзяўчаты атрымалі рэкамендацыі педагагічных саветаў сваіх школ заслужана, сярод іх не было ніводнага выпадковага чалавека.

Хочацца падзякаваць кіраўнікам школ, што яны вельмі адказна ставяцца да выдачы рэкамендацый. Далёка не кожны выпускнік можа разлічваць на гэты дакумент, а толькі самыя дастойныя. Але якраз у гэтым і заключаецца роля педкласаў — даць дзецям магчымасць прымераць на сябе педагагічную прафесію. Ёсць да яе задаткі — калі ласка, ідзі і вучыся. Няма задаткаў — нічога страшнага; у педкласе малады чалавек атрымаў магчымасць павысіць свой узровень адукацыі і знойдзе сваё прызначэнне ў іншай сферы.

— Сяргей Уладзіміравіч, што вы параіце выпускнікам педагагічных класаў — вашым абітурыентам?

— З вопыту мінулага года хачу параіць уважліва ставіцца да афармлення дакументаў. Здараецца, выпускнікі забываюць узяць рэкамендацыю педагагічнага савета школы і ім даводзіцца вяртацца дадому. Калі абітурыент іншагародні, то гэта ўжо праблема. Некаторыя прыязджаюць пазней за ўстаноўленыя тэрміны падачы дакументаў. Нагадаю, што для выпускнікоў педкласаў, якія паступаюць без уступных выпрабаванняў (як за кошт бюджэту, так і на платнай аснове), на падачу дакументаў вызначаны тры дні: з 12 па 14 ліпеня.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.