Вышэйшая матэматыка для старшакласнікаў

- 10:10Адукацыйныя магчымасці

Сёлета ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ўпершыню пачаў дзейнічаць семінар “Уводзіны ў сучасную матэматыку” для старшакласнікаў. Заняткі праводзяць выкладчыкі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, і іх тэматыка выходзіць далёка за межы школьнай праграмы.

У семінары бяруць удзел вучні 10 і 11 класаў — алімпіяднікі, удзельнікі міжнародных турніраў, канферэнцый, якія з’яўляюцца патэнцыяльнымі абітурыентамі матэматычных факультэтаў. Аднак гэта не падрыхтоўка да ЦТ, бо матэматыкі такога ўзроўню ў тэстах увогуле не сустракаецца. Асноўная мэта семінара — папулярызацыя матэматычнай навукі, азнаямленне школьнікаў з сучаснымі напрамкамі, каб яны захапіліся і захацелі сур’ёзна займацца матэматыкай у будучыні.
“Нярэдка бывае, што моцныя алімпіяднікі, якія паказвалі выдатныя вынікі ў школе, ва ўніверсітэце страчваюць цікавасць да матэматыкі, выбіраюць праграмаванне ці іншую дзейнасць, — гаворыць дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі ФПМІ Максім Міхайлавіч Васькоўскі. — Мы б хацелі, каб такіх выпадкаў было меней і тыя, у каго ёсць талент да матэматыкі, развіваліся ў гэтым напрамку”.
Зараз семінар наведваюць каля 20 чалавек — гэта пераважна старшакласнікі Ліцэя БДУ, сярэдняй школы № 41 Мінска і тых школ, якія супрацоўнічаюць з ФПМІ. Дарэчы, факультэт працягвае пошук таленавітых матэматыкаў, якія маглі б далучыцца да семінара.
Заняткі праходзяць штотыдзень па аўторках і доўжацца дзве астранамічныя гадзіны. Акрамя таго, дзеці атрымліваюць заданні дадому. Электронны варыянт матэрыялаў — тэорыя і задачы — змешчаны на сайце www.uni.bsu.by, а таму ёсць магчымасць працаваць яшчэ і самастойна.
“Праграма семінара даволі складаная, там увогуле няма школьнай матэматыкі. І нават не ўсё з таго, што мы даём, праходзяць ва ўніверсітэце, — гаворыць Максім Міхайлавіч. — Напачатку была асцярога: як бы не напужаць дзяцей такой складанай матэматыкай, але ўжо пасля першых двух семінараў усе хваляванні зніклі. Ніхто не спыніў заняткі, дзеці прыходзяць, задаюць пытанні і з цікавасцю спасцігаюць новыя веды”.
Арганізатарам удалося зрабіць семінарскія заняткі цікавымі, нясумнымі. Насамрэч, гэта не так проста (у матэматыцы, у адрозненне ад той жа хіміі ці фізікі, няма магчымасці паказаць эфектныя доследы і эксперыменты). Таму для выкладання на семінары запрошаны выкладчыкі, якія ўжо маюць вопыт работы са школьнікамі.
“Тут патрабуецца асаблівы падыход і ўменне вобразна, дакладна і зразумела данесці свае веды, — расказвае Максім Васькоўскі. — Звыклая для выкладчыкаў навуковая праца і работа са студэнтамі — гэта зусім іншае, таму на семінары працуюць людзі, якія з году ў год рыхтуюць каманды беларускіх школьнікаў да міжнародных турніраў і алімпіяд”.
Дарэчы, пасля заканчэння лекцыйных і практычных заняткаў з ліку ўдзельнікаў семінара плануецца сфарміраваць зборную каманду для ўдзелу ў VII Міжнародным турніры юных матэматыкаў, які адбудзецца ў 2015 годзе ў Балгарыі. Вядома, важна, каб удзельнікі семінара паспяхова выступілі на Беларускім турніры юных матэматыкаў: большасць з іх уваходзяць у патэнцыяльна моцныя каманды сваіх навучальных устаноў.
Атрымліваецца вельмі цікавая рэч: удзел у семінары “Уводзіны ў сучасную матэматыку” мала дапамагае (у звыклым сэнсе) у падрыхтоўцы да ЦТ, але рыхтуе абітурыентаў да паўнавартаснай вучобы ва ўніверсітэце. Ён дазволіць маладым людзям палюбіць матэматыку, лепш зразумець яе, убачыць пераспектывы і ў выніку памкнуцца да большага.
“Мы стараемся паказаць дзецям, як тэарэтычныя веды прымяняюцца на практыцы, — гаворыць Максім Міхайлавіч. — Напрыклад, тая ж тэорыя лічбаў да апошняга часу лічылася даволі бескарыснай з пункту гледжання практычнага прымянення, але ў другой палове ХХ стагоддзя выявіліся глыбокія дадаткі гэтай тэорыі ў інфарматыцы. І такіх прыкладаў шмат. Трэба адзначыць, што хоць на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі няма чыста матэматычных спецыяльнасцей, тут ёсць усе ўмовы для таго, каб займацца сур’ёзнымі матэматычнымі праблемамі”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.