Выпускнік Хідрынскай школы Аляксандр Лісковіч уласным лёсам даказаў: і ў мірным жыцці ёсць месца для подзвігу

- 15:25Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

І ў мірным жыцці ёсць месца подзвігу — праўдзівасць гэтага выслоўя даказаў уласным лёсам выпускнік Хідрынскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна Аляксандр Лісковіч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Цаной уласнага жыцця

  Ганна Ляўчук і Алена Назарук

Асобе земляка-героя прысвечана адна з экспазіцый школьнага гісто­рыка-краязнаўчага музея “Спадчына”. Акрамя фота­здымкаў, тут захоўваюцца розныя рэчы і дакументы, звязаныя з ваенна-марскім флотам. Так, увагу наведвальнікаў адразу прыцягвае чорная пілотка — частка форменнага адзення маракоў. Менавіта з яе, а таксама са сцяга Ваенна-марскога флоту СССР і пачы­наецца пазнавальная экскурсія пра жыццё, подзвіг і гераізм Аляксандра Лісковіча.

Падчас завочнага падарожжа ў далёкі горад Уладзівасток перад вачыма паўстае халоднае мора, якое стала часткай гісторыі школы дзякуючы яе выпускніку. З дзяцінства ён марыў звязаць жыццё з флотам, таму паступіў у школу тэхнікаў ВМФ СССР у Ленінградзе. Трапіў у 506-ы вучэбны Чырвана­сцяжны атрад падводнага плавання. У верасні 1981 года другакурсніка накіравалі на практыку на дызельную падлодку С-178, дзе ён стажыраваўся як дублёр старшыны каманды матарыстаў: Аляксандр сачыў за сілавымі ўстаноўкамі і абсталяваннем на караблі.

Невядома, як бы склаўся далейшы лёс 20-гадовага марака-падводніка, каб не выпадак, які здарыўся 21 кастрычніка. У гэты дзень лодка вярталася пасля выканання задання на галоўную базу Ціхаакіянскага флоту — у порт Уладзівастока. Карабель увайшоў у раён баявой падрыхтоўкі — заліў Пятра Вялікага ў Японскім моры. Маршрут вядомы, мора спакойнае, бачнасць поўная.

Адначасова з падлодкай С-178 аператыўны дзяжурны дазволіў увайсці ў заліў і судну “Рэфрыжэратар-13”. Траўлер ішоў уздоўж берага з выключанымі хадавымі агнямі. Увесь шлях двух караблёў можна прасачыць на картасхеме, дзе дакладна зразумела: сутыкнення немагчыма было пазбегнуць.

Падлодка заўважыла “Рэфрыжэратар-13” за лічаныя імгненні да ўдару. Але яе камандзір яшчэ паспеў развярнуць карабель так, каб не пратараніць першы адсек з баявымі ядзернымі тарпедамі. Траўлер зрабіў у падлодцы прабоіну плошчай 15 м2 у раёне 6-га маторнага адсека.

У момант катастрофы Аляксандр Лісковіч, як і іншыя падводнікі, знаходзіўся ў 4-м адсеку. Разам з таварышамі ён цаной уласнага жыцця забяспечыў герметызацыю пераборкі з 3-м адсекам (цэнтральным пастом), дзе было 7 чалавек.

Трагічнае здарэнне абарвала жыццё 32 падводнікаў. Астатніх паспелі вырата­ваць. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выратаванні лодкі і таварышаў, Аляксандр Лісковіч пасмяротна быў адзначаны ў 2021 годзе ордэнам “У славу флоту Расійскага” ІІ ступені і ўнесены ў кнігу “Марская слава Расіі”.

Завяршаецца школьная экскурсія такімі словамі: “Любая ўзнагарода не даецца чалавеку проста так. Каб яе атрымаць, многія праходзяць праз суровыя выпрабаванні, а некаторыя і праз смерць. Не важна, колькі каштоўных металаў утрымлівае ўзнагарода. Значнай і дарагой яе робіць памяць, бо доблесць і слава бясцэнныя. Памяць пра герояў павінны захоўваць іх нашчадкі”.

Даніна павагі

Акрамя экспазіцыі, звязанай з Аляксандрам Лісковічам, увагу прыцягваюць і іншыя музейныя раздзелы, якія расказваюць пра далёкае мінулае Хідраў, землякоў — удзельнікаў дзвюх сусветных войнаў, гісторыю школы, пачатую ў 1949 годзе, яе кіраўнікоў і знакамітых выпускнікоў, дзей­насць СВК “Узыхо­дзячая зара”. Ля вытокаў музея, створанага ў 1981 годзе і рэканструя­ванага ў 2004-м, стаяў настаўнік гісторыі Аляксей Вашчук. Сёння яго справу працягваюць Ірына Курыс і Ірына Назарук.

У кастрычніку 2020 года на школьным будынку ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар Аляксандра Лісковіча, а ў 2023-м установе прысвоілі яго імя.

— Гэты сімвалічны крок — даніна павагі нашаму выпускніку, прыклад якога выхоўвае ў сучасных вучняў вернасць воінскаму абавязку і таварышам, а таксама любоў да Радзімы, — гаворыць дырэктар школы Алена Назарук.

— У адукацыйны працэс шырока ўключаны тэматычныя класныя выхаваўчыя мерапрыемствы, звязаныя з жыццём Аляксандра Лісковіча і дзейнасцю маракоў-падводнікаў, — працягвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганна Ляўчук. — Школьнікі актыўна займаюцца пошукава-даследчай, а педагогі метадычнай работай, вынікі якой паспяхова прэзентуюцца на розных конкурсах. З імем Аляксандра Лісковіча вучнёўская каманда “Хвалі Перамогі” ўдзельнічае ў спартыўна- і ваенна-патрыятычных гульнях “Зарнічка”, “Зарніца” і “Арляня”. Акрамя таго, штогод ладзяцца памятныя дні, урачыстыя лінейкі, сустрэчы з роднымі і калегамі земляка, ветэранамі ВМФ, патрыятычныя акцыі і спартыўныя турні­ры памяці героя, творчыя конкурсы па афармленні класных куткоў, прысвечаных яму. Лепшыя вучні, спартсмены і актывісты атрымліваюць граматы імя А.Лісковіча.

У школе вельмі ганарацца выпускнікамі, якія выбралі ваенную прафесію. Ім прысвечаны спецыяльны куток у класе ваенна-патрыятычнага выхавання. На ганаровым месцы — шматлікія ўзнагароды, атрыманыя па выніках спартыўных спаборніцтваў. Трэці год рэалізуецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання вучняў у адкрытай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі.

Штодзень вучняў і педагогаў сустракае на школьным ганку мемарыяльная дошка з партрэтам Аляксандра Лісковіча. Пакуль жывая па­мяць, героі не памі­раюць.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара