Прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы абмеркавалі падчас пашыранага пасяджэння, якое прайшло на базе сталічнага духоўна-асветніцкага цэнтра “Каўчэг”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
За больш чым 30 гадоў плённага ўзаемадзеяння царквы і свецкай школы зроблена многае ў сферы духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі: створаны адпаведныя цэнтры, распрацаваны праграмы факультатыўных заняткаў, праводзяцца праваслаўныя чытанні, канферэнцыі, конкурсы, рэгулярна ладзяцца сустрэчы святароў з вучнямі і настаўнікамі.

— Каля 20 напрамкаў сёння рэалізуе Беларуская Праваслаўная Царква. Пры гэтым супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі — адзін з першых кірункаў, які атрымаў добры імпульс і стаў прыкладам для іншых міністэрстваў і ведамстваў. Завяршылася чарговая праграма ўзаемадзеяння, і нам важна падвесці вынікі, вызначыць планы на будучыню, — адзначыў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Па яго словах, у сучасным грамадстве размываюцца традыцыйныя каштоўнасныя паняцці, характэрныя для беларускага народа, таму наша будучыня залежыць ад таго, наколькі моцна і зладжана мы зможам супрацьстаяць гэтым тэндэнцыям. І важная роля тут адводзіцца факультатыўным заняткам “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”.
— Яны з’яўляюцца своеасаблівым супрацьяддзем ад тых сучасных трэндаў у асяроддзі моладзі, якія не маюць нічога агульнага з маральнасцю, — засяродзіў увагу мітрапаліт Веніямін.

Вялікую работу святары праводзяць у рамках гутарак са школьнікамі, абмяркоўваючы тэмы беражлівых адносін да здароўя, жыцця, паважлівага стаўлення да старэйшых, культуры, этыкету. Папулярны напрамак — краязнаўства і турыстычная дзейнасць, калі дзеці і педагогі вывучаюць святыні і святых роднага краю. Робіцца акцэнт на сямейным выхаванні, захаванні традыцыйных каштоўнасцей, папулярызацыі шчаслівага бацькоўства і папярэджанні сямейнай нядобранадзейнасці.

— Ні для каго не сакрэт, у наколькі складаны час мы жывём. Гэта разбурэнне духоўных, маральных каштоўнасцей, навязванне абсалютна чужых для беларускага народа псеўдасямейнасці, бяздзетнасці і многага іншага. У першую чаргу пад прыцэлам такога ўплыву знаходзіцца наша моладзь. Менавіта таму пры распрацоўцы ўжо шостай праграмы супрацоўніцтва мы пастараліся ўлічыць гэтыя выклікі, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Яркім, напоўненым глыбокімі разважаннямі на тэму “Духоўнасць падрастаючага пакалення — будучыня краіны, дзяржавы, грамадства” стала выступленне старшыні сінадальнага аддзела БПЦ па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі протаіерэя Фёдара Поўнага. Ён, у прыватнасці, закрануў тэму нашай ідэнтычнасці і адзначыў, што яна — у хрысціянскай культуры, тым больш што, згодна з данымі сацыялагічных даследаванняў, якія прывёў упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак, амаль 99% веруючых жыхароў Беларусі называюць сябе хрысціянамі.
Удзельнікі пасяджэння падвялі вынікі сумеснай работы на ўсіх узроўнях адукацыі, абазначылі ключавыя напрамкі далейшага ўзаемадзеяння. Завяршылася мерапрыемства ўрачыстым падпісаннем Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2026—2030 гады. Як адзначыў мітрапаліт Веніямін, для паспяховай рэалізацыі праграмы важна жывая, шчырая зацікаўленасць з боку педагогаў і святароў. Толькі сумесна можна знайсці правільныя шляхі да дзіцячых сэрцаў.

— На наступную пяцігодку перад намі стаяць тры асноўныя задачы. Першая — гэта вяртанне, адраджэнне нашых традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей у асяроддзі моладзі. Тады будуць вырашаны і ўсе тыя пытанні, якія знайшлі адлюстраванне ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і ў іншых дзяржаўных праграмах. Гэта пытанні дэмаграфіі, моцных рэгіёнаў, развіцця грамадства, краіны ў цэлым. Другі напрамак — узаемадзеянне з сям’ёй, каб кожнае дзіця ў працэсе выхавання стала адказным бацькам. І вядома ж, будзем рабіць акцэнт на тых выкліках, якія стаяць у адносінах да здароўя нашых дзяцей, захавання іх жыцця, — паведаміў Андрэй Іванец.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





