Пастанова Міністэрства ўнутраных спраў ад 12 ліпеня 2024 года № 251 “Аб парадку арганізацыі работы з пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь” уступіла ў сілу 15 верасня 2024 года.
Дакументам, у прыватнасці, устаноўлены тэхнічныя патрабаванні да фатаграфій для пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. У іх ліку:
- адсутнасць галаўнога ўбору ў фатаграфаванага;
- забарона на фатаграфаванне ў форменнай вопратцы, у цёмных (сонцаахоўных) акулярах (апошняе абмежаванне не распаўсюджваецца на інвалідаў з парушэннямі зроку);
- адпаведнасць выявы на фатаграфіі ўзросту фатаграфаванага на момант падачы дакументаў.
Таксама прававым актам зацверджана інструкцыя, у якой вызначаны парадак арганізацыі работы падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў, Цэнтра персаналізацыі дакументаў Міністэрства ўнутраных спраў і бюро пашпартызацыі насельніцтва ўпраўленняў унутраных спраў абласных выканаўчых камітэтаў па запаўненні бланка пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, унясенні ў яго адзнак, выдачы, уліку, абмене, прызнанні несапраўдным, канфіскацыі, захоўванні, знішчэнні пашпарта.
Шэраг пастаноў Міністэрства ўнутраных спраў прызнаюцца страціўшымі сілу, у тым ліку пастанова ад 28 чэрвеня 2010 года № 200 “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку арганізацыі работы падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі органаў унутраных спраў па выдачы, уліку, абмене, прызнанні несапраўдным, канфіскацыі, захоўванні і знішчэнні пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.
Па матэрыялах Pravo.by падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ