Пагружэнне ў прафесію, аб якой марыш з дзяцінства, ужо ў перыяд навучання ў школе — рэальнасць сучасных старшакласнікаў. Пра асаблівасці арганізацыі і функцыянавання профільных прафесійных класаў, а таксама пра перспектывы развіцця такой адукацыі ў раёне карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама Павел Трава.

— Павел Юр’евіч, раскажыце, калі ласка, як арганізавана профільная прафесійная адукацыя ў Пастаўскім раёне.
— Першы профільны клас прафесійнай накіраванасці (аграрнай) з’явіўся ў 2018 годзе ў Варапаеўскай сярэдняй школе Пастаўскага раёна. У наступныя гады такія класы сталі стварацца і ў іншых установах адукацыі, прычым па розных кірунках.
У бягучым навучальным годзе ў нас функцыянуюць профільныя класы і групы аграрнай, педагагічнай, інжынернай, ваенна-патрыятычнай і медыцынскай накіраванасці. Вучні вывучаюць на павышаным узроўні асобныя вучэбныя прадметы і асвойваюць праграмы факультатыўных заняткаў, змест якіх звязаны з пэўным відам прафесійнай дзейнасці.
Арганізуюцца экскурсіі, сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усімі ўстановамі адукацыі заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з установамі вышэйшай адукацыі адпаведнага профілю і прадпрыемствамі (арганізацыямі) раёна.
— Які профіль вы лічыце самым запатрабаваным у вашым раёне і чаму?
— Самымі запатрабаванымі профільнымі класамі з’яўляюцца тыя, якія рыхтуюць падлеткаў да атрымання папулярных прафесій. Гэта, у першую чаргу, інжынерныя і медыцынскія класы. Іх запатрабаванасць абумоўлена высокім попытам на спецыялістаў гэтых напрамкаў на рынку працы. Адзначу таксама, што ў апошнія гады значна вырасла цікавасць да педагагічнага профілю.
— Ці наладжана работа па выдачы мэтавых накіраванняў выпускнікам профільных прафесійных класаў?
— Праводзім кірмашы мэтавай падрыхтоўкі з запрашэннем прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. У выніку многія выпускнікі профільных класаў прафесійнай накіраванасці паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі на найбольш запатрабаваныя ў нашым раёне спецыяльнасці. Цешыць тое, што колькасць такіх хлопцаў і дзяўчат з кожным годам павялічваецца.
— Які працэнт паступлення выпускнікоў гэтых класаў ва УВА і УССА па профілі?
— Паступленне выпускнікоў профільных класаў прафесійнай накіраванасці па сваім профілі — гэта, безумоўна, асноўны крытэрый эфектыўнасці дзейнасці гэтых класаў. І тут па кожным напрамку свае лічбы, якія штогод мяняюцца.
Напрыклад, сёлета нас парадаваў першы інжынерны выпуск: 63% выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі па адпаведным профілі. Дастойны вынік і ў выпускнікоў ваенна-патрыятычнай групы: 60% юнакоў і дзяўчат выбралі прафесіі сілавога блока.
— На вашу думку, якія перспектывы ў профільнай прафесійнай адукацыі на Пастаўшчыне? І ці бачыце вы кропкі росту?
— Профільныя класы прафесійнай накіраванасці будзем ствараць і ў далейшым. Думаем пра адкрыццё класаў або груп спартыўна-педагагічнай накіраванасці (гэта адзіны напрамак профільных прафесійных класаў, які ў нашым раёне пакуль не рэалізуецца). Кропкі росту, зразумела, ёсць. З мэтай павышэння матывацыі вучняў да навучання ў профільных класах прафесійнай накіраванасці плануем у наступным годзе ў летні перыяд арганізаваць для дзяцей профільныя лагерныя змены.
Наталля КАСТЭНКА





