Як дапамагчы школьнікам вызначыцца з прафесійнымі інтарэсамі, ведае начальнік аддзела па адукацыі Бялыніцкага райвыканкама Жанна Звягіна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа ва ўстановах адукацыі раёна рэалізуецца праз адукацыйны працэс, пазаўрочную і пазашкольную дзейнасць з навучэнцамі, — адзначае Жанна Анатольеўна. — Штогод у верасні распрацоўваецца комплекс прафарыентацыйных мерапрыемстваў па забеспячэнні патрэбы раёна ў рабочых і спецыялістах, які ўзгадняецца з усімі зацікаўленымі структурамі райвыканкама. З арганізацыямі — заказчыкамі кадраў заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве, распрацаваны планы прафарыентацыйных мерапрыемстваў.
Мы выкарыстоўваем разнастайныя формы і метады работы, сярод іх — дыягностыка “Профітэст” і “Крок у прафесію” (для вывучэння намераў навучэнцаў), прафарыентацыйныя гульні, конкурсы сачыненняў на тэму “Мая будучая прафесія”, праводзім раённае мерапрыемства “Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі”. Для навучэнцаў арганізуюцца экскурсіі на прадпрыемствы раёна і вобласці, наведванне дыялогавых пляцовак. Вялікае значэнне маюць сустрэчы з былымі выпускнікамі, зараз студэнтамі ўстаноў адукацыі, а таксама з прадстаўнікамі арганізацый — заказчыкаў кадраў, што дапамагае нашым навучэнцам у прафесійным самавызначэнні. Мы цесна ўзаемадзейнічаем і з бацькамі: для іх праводзяцца кансультацыі, прафарыентацыйныя сустрэчы, бацькоўскія сходы.
У кожнай установе адукацыі педагогі шукаюць новыя формы работы, якія зацікавяць школьнікаў. Так, у сярэдняй школе № 1 імя М.І.Пашкоўскага старшакласнікам палюбіліся вэб-квесты. На знаёмства з прафесіямі, запатрабаванымі ў Бялыніцкім раёне, а таксама на вызначэнне пераваг пабудовы і развіцця бізнесу быў накіраваны вэб-квест “Прафесіі, запатрабаваныя ў Прыдруцкім краі”. У выніку даследавання, якое ў многім абапіралася на інфармацыю з сайтаў, школьнікі высветлілі, што ў раёне ў першую чаргу запатрабаваны рабочыя спецыяльнасці. Для адкрыцця свайго бізнесу ў горадзе створаны добрыя ўмовы, ёсць шэраг падаткавых ільгот.
Прафарыентацыі навучэнцаў садзейнічае і арганізацыя другаснай занятасці школьнікаў на канікулах. Напрыклад, навучэнцы Вішоўскай сярэдняй школы працуюць у мясцовым СВК “Калгас “Радзіма” (на таку, у садзе, на палях). І пра тое, што яны ахвотна пасля вучобы вяртаюцца ў гаспадарку ў якасці маладых спецыялістаў, сведчыць статыстыка: каля 70% работнікаў калгаса — выпускнікі Вішоўскай школы.
— Якія класы (групы) прафесійнай накіраванасці дзейнічаюць у школах у бягучым навучальным годзе?
— Наш раён мае патрэбу ў рабочых і спецыялістах сельскагаспадарчага, медыцынскага, педагагічнага напрамкаў. Зацікаўленасць навучэнцаў ёсць і ў прафесіі інжынера. Таму ў нашых школах адкрываюцца профільныя групы прафесійнай накіраванасці.
У сёлетнім навучальным годзе дзейнічае 13 такіх груп (78 навучэнцаў). Так, у сярэдняй школе № 1 Бялыніч імя М.І.Пашкоўскага створаны дзве групы педагагічнай накіраванасці, дзве — медыцынскай, дзве — ваенна-патрыятычнай. У бягучым навучальным годзе тут пачала функцыянаваць група інжынернай накіраванасці. У сярэдняй школе № 2 Бялыніч адкрыты дзве ваенна-патрыятычныя групы. Дзесяцікласнікі, якія ўваходзяць у іх склад, сёлета вывучаюць праграму варыятыўнай часткі курса “Будучы ратавальнік”. У Вішоўскай і Цяхцінскай сярэдніх школах дзейнічаюць аграрныя групы, у якіх, акрамя профільных прадметаў, старшакласнікі вывучаюць факультатыўны курс “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”.
На базе гаспадарак Бялыніцкі СВК “Калгас “Радзіма” і ААТ “Новая Друць” арганізоўваюцца практычныя заняткі з навучэнцамі агракласа з мэтай замацавання атрыманых ведаў і знаёмства з арганізацыяй аграрнай вытворчасці.
Праводзяцца экскурсіі на малочнатаварныя фермы, машынны двор, пладовы сад, збожжасушыльны комплекс, дзе спецыялісты гаспадаркі выступаюць з тэматычнымі лекцыямі.
Наладжана і ўзаемадзеянне профільных класаў з установамі вышэйшай адукацыі, якое пачынаецца задоўга да паступлення ў іх школьнікаў. Школы заключаюць дагаворы аб супрацоўніцтве з УВА, сумесна праводзяць выязныя ўрокі ў шосты школьны дзень і ў канікулярны час. Для дзяцей гэта добрая магчымасць пабываць ва ўніверсітэтах, пагутарыць са студэнтамі, убачыць, як арганізаваны вучэбны працэс. Ды і ў межах прафарыентацыйных мерапрыемстваў запрашаем на сустрэчы выкладчыкаў і студэнтаў, якія праводзяць майстар-класы для школьнікаў. Прадстаўнікі УВА прывозяць макеты, абсталяванне, наглядныя дапаможнікі, расказваюць пра вучобу, прапануюць удзел у конкурсах — усё гэта становіцца добрай матывацыяй для будучых абітурыентаў.
— Жанна Анатольеўна, вы сказалі, што на базе ўстаноў адукацыі раёна адкрыты педагагічныя групы. Значыць, самі рыхтуеце сабе кадры?
— Найбольш запатрабаванымі спецыяльнасцямі, пазначанымі ў аўтаматызаванай сістэме “Заказ на падрыхтоўку кадраў”, з’яўляюцца дашкольная і пачатковая адукацыя. Штогод заключаюцца дагаворы на мэтавую падрыхтоўку будучых педагогаў.
Бялыніцкі раён штогод папаўняецца маладымі спецыялістамі. Сёлета мы прынялі ў свае рады 17 маладых педагогаў. Усяго за тры гады ў раён прыйшлі 46 маладых спецыялістаў, з іх 35 працягваюць працаваць ва ўстановах адукацыі. Замацавальнасць за апошня гады склала 76%.
З мэтай падрыхтоўкі настаўніцкай змены і прыцягнення найбольш зацікаўленых абітурыентаў ва УВА і ССНУ на базе 1-й школы ў педгрупах вучыцца 16 старшакласнікаў. У працэсе навучання яны праходзяць педагагічныя пробы: арганізоўваюць рухавыя гульні на перапынках, выхаваўчыя мерапрыемствы, дэманструюць фрагменты ўрокаў, праходзяць практыку ў школьных аздараўленчых лагерах і інш. Спадзяемся, што такая работа дапаможа падрыхтаваць матываваных навучэнцаў для паступлення на педспецыяльнасці і маладыя спецыялісты абавязкова вернуцца пасля вучобы ва ўстановы адукацыі раёна.
Наталля КАЛЯДЗІЧ





