Не бывае лішняй дабрыні. Гэтую фразу можна назваць лейтматывам дзейнасці валанцёрскага атрада “Горящие сердца”, які створаны і плённа працуе ў сярэдняй школе № 2 Докшыц з 2016 года. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гэтай установы адукацыі Вольга Карніловіч — адзін з педагогаў, якія далікатна накіроўваюць энергію юных палымяных сэрцаў у стваральнае рэчышча. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Эстафета душэўнага цяпла
Вольга Карніловіч — чалавек на сваім месцы. Не магу ўявіць сабе гэтую ўсмешлівую, крэатыўную жанчыну за нуднай справай. Яна сама вялікае палаючае сэрца, якое сагравае кожнага чалавека побач. Менавіта такія педагогі, як Вольга Карніловіч, здольны абудзіць у душы дзіцяці прагу дапамагаць бліжняму, клапаціцца пра слабых і хворых — іншымі словамі, прагу да неабыякавасці. Сваю заслугу ў гэтым Вольга Валер’еўна ўвесь час прытушвае, змяншае, замяняючы слова “я” на “мы”.
— У нашым валанцёрскім атрадзе “Горящие сердца” мы працуем разам з Вікторыяй Аляксандраўнай Ждановіч, педагогам-арганізатарам, настаўніцай гісторыі сярэдняй школы № 2 Докшыц. Сёння ў атрадзе 21 палымянае сэрца, а лідарам з’яўляецца навучэнка 11 класа Юлія Матошка — актывістка, разумніца, выдатніца. Нам будзе вельмі сумна, калі яна выпусціцца са школы! — расказвае Вольга Карніловіч.
Першы напрамак работы валанцёрскага атрада — дабрачыннасць. Гэтае слова аб’ядноўвае ў сабе мерапрыемствы з навучэнцамі, пажылымі людзьмі, паездкі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання састарэлых і інвалідаў у аграгарадку Круляўшчына Докшыцкага раёна, работу з мнагадзетнымі і малазабяспечанымі сем’ямі, раённым цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і многае іншае. У рамках акцыі “Эстафета цяпла” валанцёры школы аказваюць дапамогу адзінокім пажылым людзям, напрыклад, складваюць ім дровы. У перыяд навагодніх свят ладзіцца акцыя “Pro_Дабро” для выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі з падарункамі, інтэрактыўнымі гульнямі, маляваннем, танцамі.

Яшчэ адна акцыя юных валанцёраў — “У школу з добрым сэрцам”: дапамогу ў падрыхтоўцы да школы яны аказваюць равеснікам з малазабяспечаных сем’яў. Не так даўно ва ўстанове прайшоў чарговы тыдзень валанцёрства, і адна з дабрачынных акцый тыдня захапіла літаральна ўсю школу. Гаворка ідзе пра збор корму для бяздомных жывёл, якія знаходзяцца пад апекай валанцёраў з Глыбокага. Адказна да акцыі падышлі педагогі школы, якія здалі на корм сабакам па 20—30 рублёў. Далучыліся і бацькі вучняў — яны нават прыносілі замарожанае мяса для жывёл! Корм перадалі валанцёрам у Глыбокім, і Вольгу Валер’еўну вельмі парадавала, што шмат дзяцей хацелі самі з’ездзіць у гэты імправізаваны прытулак для сабак. Вырашылі, што вясной адназначна акцыю трэба будзе паўтарыць.
— Апошнія чатыры гады ў нас праходзяць дабрачынныя кірмашы “Не бывае лішняй дабрыні”: дзеці з бацькамі прыносяць на кірмаш печыва і іншыя прысмакі. На апошнім кірмашы мы выручылі 900 рублёў і пералічылі іх на рахунак тэрытарыяльнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў. Адгукнуліся на добрую справу ўсе класы, у выніку ў мерапрыемстве паўдзельнічалі больш за 100 чалавек, — адзначае Вольга Карніловіч.
Аб’ядноўваюць гісторыя і вера

Другі напрамак справы неабыякавасці — патрыятычнае выхаванне. Валанцёры даглядаюць два помнікі, якія замацаваны за школай. Першы з іх — мемарыяльны помнік, размешчаны на тэрыторыі ўстановы адукацыі. Сёлета дырэктар школы Алена Аляксандраўна Камінская як прадстаўнік грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і Вольга Валер’еўна Карніловіч як дэпутат Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў аб’ядналі дзяцей, зрабілі рамонт помніка, пафарбавалі агароджу. Другі помнік — месца пахавання на гарадскіх могілках двух лётчыкаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да таго ж валанцёры на чале з намеснікам дырэктара ездзяць у вёску Краснае Беразіно, дзе ёсць яшчэ адзін помнік.
Ніхто не павінен быць забыты! Такі дэвіз палымяных дзіцячых сэрцаў.
Трэці напрамак валанцёрскага клопату — дапамога царкве ў Докшыцах у рамках акцыі “Аднаўленне святынь Беларусі. Нас аб’ядноўвае гісторыя і вера”. Школьнікі супрацоўнічаюць са святаром — настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы айцом Паўлам, дапамагаюць храму з добраўпарадкаваннем тэрыторыі (прыбіраюць у храме, працуюць на клумбах). Дзеці наведваюць царкву падчас рэлігійных свят — на Раство і Вялікдзень.
— Нашы валанцёры актыўна задзейнічаны ў мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня народнага адзінства, Дня Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, — дзеліцца Вольга Карніловіч. — На працягу апошніх трох гадоў праводзім мерапрыемства “Адзінства пакаленняў”, якое аб’ядноўвае дзяцей, бацькоў, дзядуляў і бабуль. У гэтым плане супрацоўнічаем з Ларысай Іванаўнай Кандратовіч, якая ўзначальвае раённую ветэранскую арганізацыю. Праводзім спартыўныя мерапрыемствы, сустрэчы за чаем для прадстаўнікоў адразу трох пакаленняў. Самае каштоўнае тут — нязмушаныя зносіны паміж малодшым і старэйшым пакаленнямі.
Акрамя тыдня валанцёрства, у школе праходзілі тыдзень дабра і талерантнасці, тыдзень СССР — з тэматычнымі мерапрыемствамі, напрыклад, адкрытым дыялогам са старэйшым пакаленнем. Наогул, кожны год валанцёры школы стараюцца прыдумваць штосьці новае: як прыклад — плённае супрацоўніцтва з ДАІ.
— Ёсць у нас і сад надзеі, — з гордасцю гаворыць намеснік дырэктара Вольга Карніловіч. — Пры школе быў стары сад, і ўжо тры гады запар увесну мы закупляем саджанцы яблынь і груш у Глыбоцкім гадавальніку і закладваем малады сад, які будзе радаваць людзей доўгія гады як сімвал жыцця.
Быць пачутым

Як выхаваць у сучасных дзецях неабыякавасць да чужой бяды? Вольга Валер’еўна ўпэўнена, што толькі на ўласным прыкладзе. Тады нікога не трэба будзе прымушаць.
— Я ніколі не прызначаю адказных за ўдзел у акцыі — проста пішу ў чат, а дзеці самі выклікаюцца. Вы не ўяўляеце, колькі жадаючых адразу знаходзіцца! І мы кожнаму дзіцяці пасля дзякуем за актыўнасць, нераўнадушнасць. Штогод у школе праходзіць маладзёжны форум “Вынікі года”, на якім мы адзначаем дзяцей падзякамі і падарункамі. Прычым запрашаем на форум прадстаўнікоў раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў. Дзеці назіраюць адно за адным і цягнуцца за лепшымі. Ім падабаецца быць паспяховымі. Дзякуем мы і бацькам за выхаванне нашых выдатных валанцёраў. Выкладваем шмат інфармацыі на старонцы ў Instagram, дзе навучэнцы бачаць свае фотаздымкі. Выпускнікам школы даём рэкамендацыі для паступлення ва УВА і ССНА. Нашы дзеці — лепшыя, таму нам так лёгка працаваць. Радуе, што ім уся гэтая дзейнасць цікавая, — упэўнена Вольга Карніловіч.
Апошнія тры гады валанцёрскі атрад “Горящие сердца” прызнаецца лепшым у Докшыцкім раёне і Віцебскай вобласці. Зразумела, ёсць вялікае жаданне стаць лепшымі на рэспубліканскім узроўні.
Дарэчы, трымайце лайфхак ад “палаючых сэрцаў”. Каб зацікавіць дзяцей, варта ў іх спытаць, чым ім хацелася б займацца, і яны прапаноўваюць надзвычай важныя ініцыятывы. Вольга Валер’еўна пасля гэтага ідзе да дырэктара школы, і яны разам думаюць, што з прапанаванага дзецьмі рэальна можна рэалізаваць. Напрыклад, вучні 11 класа ўзнялі пытанне дзяжурства, асабліва ў другім паўгоддзі навучальнага года. Дзеці рыхтуюцца да паступлення, шмат займаюцца дадаткова, таму ім няма часу яшчэ і дзяжурыць. Іх прапанова пачута! А пачуць дзяцей — вялікае мастацтва, якім валодае толькі сапраўдны педагог.
— Традыцыйна нашы валанцёры прынялі актыўны ўдзел у акцыях “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы”. Падарылі свята кожнаму дзіцяці, парадавалі гульнявой пляцоўкай малышоў дзіцячага сада № 3 Докшыц. Падчас навагодніх свят школьнікі з’ездзілі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых людзей і інвалідаў у Круляўшчыне — больш за 30 валанцёраў наведаліся туды з канцэртам, парадавалі людзей добрым настроем і падарункамі.
— Аб якім праекце вы зараз марыце? Што хацелася б увасобіць у жыццё ў плане валанцёрства? — цікаўлюся напрыканцы сустрэчы ў Вольгі Карніловіч.
— У нас ёсць ідэя звазіць дзяцей у Бараўляны ў дзіцячы хоспіс, — дзеліцца педагог. — Зразумела, туды паедуць толькі псіхалагічна падрыхтаваныя навучэнцы. Гэта патрэбна для таго, каб паказаць нашым дзецям, што іх праблемы не вартыя таго, каб доўга засмучацца, пакуль ёсць дзеці, якія жывуць у дзіцячым хоспісе. Я і сабе часта гавару: “У маім жыцці, дзякуй богу, сапраўдных праблем не было. Спадзяюся, што іх і не будзе”.
Наталля КАСТЭНКА
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі





