Ці ведаеце вы, што ў Т’еньдзінскім універсітэце замежных моў ёсць Цэнтр Якуба Коласа, які займаецца папулярызацыяй беларускай мовы і культуры ў Паднябеснай? Тут устаноўлены бюст нашага песняра, які стаў першым помнікам беларусу ў Кітаі, а творы Якуба Коласа студэнты перакладаюць на кітайскую мову. Дырэктар цэнтра — запрошаны прафесар Т’еньдзінскага ўніверсітэта замежных моў Вольга Шахаб расказвае карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” пра місію коласаўскага цэнтра ў Кітаі і цікавы вопыт работы ў КНР.
“Казкі жыцця” па-кітайску
— Вольга Васільеўна, як з’явіўся ў Т’еньдзіні Цэнтр Якуба Коласа, які сёння з’яўляецца адным з лідараў беларуска-кітайскіх адукацыйных ініцыятыў?
— Да асобы Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча ў Паднябеснай адносяцца з вялікай павагай і пашанай. А пачалося ўсё яшчэ ў 2017 годзе, калі ў Т’еньдзінскім універсітэце замежных моў з’явіўся цэнтр даследавання Беларусі і кафедра беларускай мовы. Помнік пісьменніку быў урачыста ўстаноўлены ва ўніверсітэцкім кампусе ў 2018 годзе. Цэнтр Якуба Коласа быў адкрыты ў 2019-м падчас фестывалю беларускай культуры, прымеркаванага да Года адукацыі Беларусі ў Кітаі. Яго мэты — пашырэнне сувязей нашых краін у сферы навукі і адукацыі, папулярызацыя беларускай культуры і прафесійная падтрымка педагогаў-беларусістаў у Кітаі.

— Чаму важна знаёміць кітайцаў з нашай культурай?
— У кітайскага і беларускага народа шмат агульнага — адданасць Радзіме, сумленнасць, прага да ведаў, імкненне да самаразвіцця, крэатыўнасць.
Мова — гэта магутны фактар кансалідацыі народаў, калі праз чужое лепш спазнаецца ўласная ідэнтычнасць, фарміруецца сучасная нацыянальная ідэя, а таксама станоўчы імідж краіны. Менавіта моўная адукацыя — той самы стрыжань, які яднае грамадскасць усяго свету.
— Як вы апынуліся ў Кітаі, у чым бачыце сэнс сваёй работы тут?
— У 2017 годзе я паспяхова прайшла конкурсны адбор у Т’еньдзінскі ўніверсітэт замежных моў — тады там упершыню адкрылася спецыяльнасць бакалаўрыята “Беларуская мова”. Працаваць пачынала, не маючы амаль ніякага дыдактыка-метадычнага забеспячэння, але заўсёды і ва ўсім адчувала падтрымку кіраўніцтва, калег і студэнтаў. Ужо дзявяты год я працую тут, выкладаю беларускую і рускую мовы, узначальваю Цэнтр Якуба Коласа. На яго базе ажыццяўляецца вялікая адукацыйная, навуковая і культурная работа.
— Што зроблена за восем гадоў існавання цэнтра?
— Падрыхтавана шмат сучасных вучэбных матэрыялаў для кітайскіх студэнтаў. Сумесна з вядучымі навукоўцамі Акадэміі адукацыі нашай краіны і кітайскімі калегамі распрацавана калектыўная манаграфія “Тэарэтыка-метадычныя аспекты навучання беларускай мове кітайскіх студэнтаў”. Выйшла хрэстаматыя “Краіназнаўства Беларусі”, якая выдадзена ў Кітаі і ўключана ў серыю “Нацыянальныя ўмовы і культура краін “Пояса і шляху”. Выдадзены шэраг вучэбных дапаможнікаў па розных аспектах навучання беларускай мове. Мы неаднаразова прымалі ўдзел у навуковых даследаваннях найвышэйшага ўзроўню, напрыклад, у праекце філасофскіх і грамадскіх навук Т’еньдзіня “Актуальнасць і перспектыва абмену кітайскай і беларускай літаратурай у межах ініцыятывы “Адзін пояс — адзін шлях” і іншых. Праведзены чатыры міжнародныя навуковыя канферэнцыі з удзелам універсітэтаў і навуковых арганізацый-партнёраў Беларусі, два ўсекітайскія інтэлектуальна-творчыя конкурсы “Ад Сінявокай да Паднябеснай”. Надрукавана звыш 40 артыкулаў па тэорыі і методыцы навучання беларускай мове як замежнай, перакладазнаўстве. Сумесна з нашымі аспірантамі зроблены пераклад на беларускую мову пяці кніг серыі “Ключавыя канцэпты кітайскай думкі і культуры”.
Выданне падрыхтавана ў межах супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з Т’еньдзінскім універсітэтам замежных моў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. А ў 2020-м мы рабілі пераклад матэрыялаў для замежнікаў аб мерах засцярогі пры пандэміі, перакладалі і агучвалі відэаролік аб барацьбе супраць эпідэміі ў Кітаі.

Кіраўніцтва ўніверсітэта і калектыў кафедры ўдзячны за станоўчую ацэнку нашай работы, выказаную міністрам замежных спраў Беларусі Максімам Рыжанковым падчас візіту ва ўніверсітэт напярэдадні саміта ШАС, а таксама першаму намесніку міністра адукацыі Беларусі Аляксандру Бахановічу і іншым высокім гасцям, якія неаднаразова наведвалі наш універсітэт. Асаблівая ўдзячнасць — кіраўніцтву і супрацоўнікам Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы за шматгадовую падтрымку і дапамогу, а таксама беларускім партнёрам — Акадэміі адукацыі, БДУЗМ, Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа, гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска, МДУ імя А.А.Куляшова, а таксама выдавецтву “Мастацкая літаратура”.
Адчулі гордасць за Беларусь
— Вашы кітайскія студэнты чытаюць вершы, спяваюць песні па-беларуску. Што іх захапляе ў нашай культуры?
— Кожны адгукаецца пра беларускую культуру па-свойму… Але асабліва іх прывабліваюць тыя з’явы або віды мастацтва, дзе можна правесці паралелі з кітайскай культурай. Студэнты пішуць работы параўнальнага характару па міфалогіі, абрадах, літаратуры, гендарных традыцыях нашых краін. Штогод ва ўніверсітэце праходзіць свята нацыянальных культур і кітайская моладзь апранае наша нацыянальнае адзенне, дапамагае працаваць на стэндзе.
Ёсць навучэнец, які цудоўна піша на нашай мове — ён неаднаразова прэзентаваў свае каліграфічныя работы беларускім гасцям. Адна са студэнтак вырабляе беларускіх лялек, з аншлагам праводзіць майстар-класы. Студэнты і выпускнікі факультэта атрымалі больш за 30 узнагарод на міжнародных беларусазнаўчых конкурсах.
Сёння ў Кітаі веданне замежных моў становіцца ўсё больш запатрабаваным, бо гэта перш за ўсё эканоміка: гандаль, будаўніцтва, развіццё прамысловасці, гуманітарныя праекты, рэклама.

Мяккая сіла
— З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца студэнты пры перакладзе Якуба Коласа? Як тлумачыце ім спецыфічныя з’явы беларускага жыцця?
— Асноўная цяжкасць заключаецца не толькі ў багатым моўным матэрыяле, але і ў філасофскім змесце алегарычных апавяданняў. Неабходна захаваць мудрасць аўтара. Рэдактарамі перакладаў выступілі наша выпускніца, а цяпер калега Лю Івэнь, аспірантка і выкладчыца нашага ўніверсітэта Касандра Шахаб-Касцецкая, намеснік дырэктара Інстытута еўрапейскіх моў і літаратур Фу Мэйянь і дэкан факультэта рускай мовы Го Цзін. Таксама выконваюцца коласазнаўчыя дыпломныя даследаванні, сярод якіх — пераклады “Казак жыцця” і іншых апавяданняў. У цяперашні час мы паступова пашыраем гарызонты дзейнасці: перакладаем творы розных беларускіх аўтараў.
— Якія перспектывы ў выпускнікоў факультэта беларускай мовы ў Т’еньдзіні?
— Замежныя мовы ў Кітаі расцэньваюцца як сродак забеспячэння міжнацыянальных кантактаў. Дзяржава і грамадства ўсвядомлена пашыраюць кола магчымасцей для свайго бізнесу, эканамічнага ўплыву сваёй краіны за яе межамі (мова — гэта мяккая сіла) і ўзаемавыгаднага абмену спецыялістамі. Кітайская моладзь успрымае вывучэнне шматлікіх моў як магчымасць прыносіць карысць сваёй дзяржаве, шанс для ўласнага ўдасканалення і перавагу пры працаўладкаванні.

Актыўна перакладаем творы беларускіх і кітайскіх пісьменнікаў. У мінулым годзе выйшла кніга выбраных апавяданняў Якуба Коласа “Казкі жыцця” на кітайскай мове.
Кітайскія спецыялісты з веданнем беларускай мовы запатрабаваны на рынку працы. І гэта не толькі выкладчыкі і перакладчыкі, але і спецыялісты ў сферы міжкультурнай камунікацыі.
— Якія праекты зараз у распрацоўцы?
— У 2024 годзе наш універсітэт далучыўся да кластара “Развіццё моў і рэгіянальнае супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю” ў межах Беларуска-Кітайскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Асноўныя напрамкі дзейнасці — навуковыя даследаванні, адукацыйныя абмены, інтэграванне ў навучанне найноўшых педагагічных тэхналогій, у тым ліку з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, правядзенне конкурсаў і фестываляў, анлайн-лекцый з вядучымі беларускімі спецыялістамі ў галіне навукі, адукацыі і культуры і іншае. Сумесна з Акадэміяй адукацыі Беларусі падрыхтаваны да выдання ў 2025 годзе зборнік кантрольна-вымяральных матэрыялаў па ўсіх аспектах маўлення. Спадзяемся на выданне зборніка апавяданняў Якуба Коласа для дзяцей у перакладзе на кітайскую сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, хрэстаматыі па беларускай літаратуры. Канкрэтных і цалкам дасягальных планаў у нас шмат, і мы іх абавязкова рэалізуем.

Выпускнікі беларускага факультэта Т’еньдзінскага ўніверсітэта замежных моў дзеляцца сваім вопытам і планамі на будучыню.
Лю Івэнь:
— Я адна з першых студэнтак, якія вывучалі тут беларускую мову. Зараз ужо выкладаю яе ў родным універсітэце. Імкнуся знаёміць студэнтаў з беларускай паэзіяй, легендамі, каб яны разумелі граматыку і лексіку праз культуру.
Свет мае патрэбу ў розных галасах, і беларуская мова — адна з тых мелодый, якія заслугоўваюць быць пачутымі.
У будучыні планую выкладаць, ствараць падручнікі па беларускай мове для нашых студэнтаў, перакладаць беларускую класіку. Для студэнтаў Т’еньдзінскага ўніверсітэта веданне беларускай мовы адкрывае шырокія перспектывы: яны могуць стаць дыпламатамі, эканамістамі, іх кар’ера можа быць звязана са СМІ — паўсюль веданне мовы будзе перавагай для двухбаковага супрацоўніцтва нашых краін.
Лі Чэньсі:
— Спачатку вывучаць беларускую мову было цяжка. Я адкрывала для сябе яе прыгажосць паступова: ад алфавіту і простых слоў да вершаў Якуба Коласа. Чатыры гады назад скончыла ўніверсітэт, зараз часта працую з беларусамі, прыязджаю па рабочых пытаннях у Мінск. Там вельмі здзіўляюцца, калі я гавару па-беларуску!
Сю Юсяа:
— Стымул для вывучэння беларускай мовы мне надало яе адрозненне ад кітайскай: кірыліца, граматычная структура. Спадзяюся, што пасля заканчэння аспірантуры БДУЗМ змагу перакласці больш беларускіх твораў для кітайскіх чытачоў.
Ван Мугэ:
— Мне вельмі падабаюцца беларускія нацыянальныя строі! Дарэчы, падчас візіту да нас міністра замежных спраў Беларусі я была ў бела-блакітнай сукенцы з традыцыйнымі матывамі. А яшчэ мне падабаецца сама мова: яна гучыць як музыка. Яе старажытная лексіка, унікальны алфавіт (асабліва літара ў) адкрываюць мне новыя грані для разумення беларускага народа. Хачу чытаць Коласа ў арыгінале, перакладаць беларускія вершы. Сваю дысертацыю ў Пекінскім універсітэце замежных моў я прысвяціла камунікацыі ў сферы мастацтва паміж Кітаем і Беларуссю.
Лі Ян:
— На занятках выкладчыца Вольга Васільеўна паказвала нам фільмы пра Беларусь, у тым ліку пра ежу, гатавала народныя стравы. Гэта дазволіла нам асвойваць веды з цікавасцю і са смакам. Разам з аднакурснікамі на конкурсе “Зоркі Прыдняпроўя — 2023” мы атрымалі дыпломы III ступені. А на міжнародным конкурсе “Душы маёй паэзія” я атрымала дыплом I ступені. З дапамогай свайго кіраўніка Вольгі Шахаб узяла інтэрв’ю ў даследчыцы беларускай літаратуры ў Кітаі Веранікі Карлюкевіч, а таксама ў знакамітага кітайскага перакладчыка Гу Юя і заняла 3-е месца на конкурсе лепшых дыпломных работ універсітэта.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены Вольгай Шахаб





