Як педагогі і вучні Браслаўскай гімназіі шануюць памяць героя-вызваліцеля Івана Валчкова

- 17:18Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Сёлета Браслаўская гімназія адзначыла 30­-гадовы юбілей. Яшчэ адна важная падзея года — прысваенне ўстанове імя Героя Савецкага Саюза Івана Мікітавіча Валчкова. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Памяць на стагоддзі

Фотарэпартаж пра героя з кароткай біяграфічнай інфарма­цыяй на памятнай дошцы са шкла сустракае ля ўваходных ­дзвярэй кожнага, хто пераступае парог гімназіі.

— Капітан Іван Валчкоў, ураджэнец вёскі Пічаева Тамбоўскай вобласці Расіі, падчас стратэгічнай наступальнай аперацыі “Баграціён” камандаваў стралковай ротай 22-га гвар­дзейскага стралковага палка 9-й гвардзейскай стралковай дывізіі 6-й Гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Загінуў ён у ліпені 1944-га ў баях непадалёк вёскі Плюсы, — расказ­вае дырэктар гімназіі Алена Гірон. — Рота, якой кіраваў 33-гадовы капітан, 8 ліпеня паднялася ў атаку, калі немцы, умацаваўшыся ў вёсцы Пустошка, шквальным агнём білі па савецкіх падраз­дзяленнях. Падчас штурму савецкім байцам удалося прарваць варожую абарону і заняць частку вёскі. Паўторнай атакай падраз­дзяленне Валчкова вымусіла ворагаў адступіць. Гэта дазволіла пашырыць прарыў, і цэлы полк на 20 кіламетраў паглыбіўся ў нямецкі тыл. Загінуў каман­дзір праз 6 дзён 14 ліпеня. У той дзень ён, атрымаўшы раненне ў галаву, працягнуў камандаваць боем і некалькі га­дзін з пяццю байцамі ўтрымліваў вышыню, знішчыўшы каля сотні фашыстаў. Пасля паўторнага ранення капітан загінуў.

Першапачаткова Івана Валчкова пахавалі ў Плюсах, а пасля вайны перапахавалі ў Браславе. На месцы пахавання савецкіх салдат, якія вызвалялі Браслаўшчыну, усталяваны мемарыяльны комплекс. На трох плітах выгравіраваны імёны 54 воінаў-вызваліцеляў.

Званне Героя Савецкага Саюза Івану Валчкову было прысвоена пасмяротна ў сакавіку 1945 года. Герой узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені.

Гімназісты шмат гадоў даглядаюць мемарыял, ушаноўва­юць памяць герояў, у святочныя дні нясуць Вахту Памяці. Таксама сіламі педагогаў і навучэнцаў быў распрацаваны гісторыка-­адукацыйны маршрут па месцах, дзе праходзілі бітвы, адзін з пунк­таў на ім — помнік у гонар загінуўшых воінаў у аграгарадку Плюсы. У хуткім часе ў гімназіі з’явіцца музейны куток, прысвечаны Івану Валчкову.

Акцэнты адукацыйнага працэсу

Грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню ва ўстанове ўдзя­ляецца асаблівая ўвага. Ужо некалькі гадоў тут дзейнічае ваенна-патрыятычны клуб “МаршБрасОК”, які стаў сапраўднай школай мужнасці, адказнасці і каманднага духу. Сёння ў ім займаюцца 10 адзінаццацікласнікаў, якія прымаюць удзел у раённых і абласных мерапрыемствах, вядуць пошукава-даследчую дзейнасць, падтрымліваюць сувязь з ветэранамі, актыўна супрацоўнічаюць з праваахоўнікамі.

Летась у гімназіі была набрана ваенна-патрыятычная група, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі паглыблена вывучаюць гісторыю, спасціга­юць вучэбную праграму факультатыву “Гатовы Радзіме служыць!”, займаюцца пачатковай ваеннай падрыхтоўкай. Яшчэ адна група такога ж профілю набрана ў гэтым навучальным ­годзе.

— Акрамя развіцця ваенна-патрыятычнага кірунку, ва ўстанове адукацыі ладзіцца работа па яшчэ двух прафесійных вектарах: педагагічным і медыцынскім. Упершыню будучых педагогаў набралі ў 2016 годзе. Вывучаючы на працягу двух гадоў факультатыўны курс “Уво­дзіны ў педагагічную прафесію”, навучэнцы знаёмяцца з сутнасцю работы настаўніка, пашыраюць свае ўяўленні ў галіне псіхалогіі пазнання і самапазнання, ­развіваюць камунікатыўныя навыкі, а таксама на практычных занятках прымяраюць на сябе ролю настаўніка, — гаворыць Алена Гірон. — А вось група медыцынскага профілю ў 10 класе сёлета ў нас адкрылася ўпершыню. І гэты кірунак выбраны не выпадкова, тэндэнцыя апошніх гадоў такая: штогод 5—6 выпускнікоў бяруць мэтавыя накіраванні і паступа­юць у медыцынскія УВА.

Яшчэ адзін важны бок вучэбнага працэсу — арганізацыя даследчай і навукова-даследчай дзейнасці, якую вядуць педагогі і навучэнцы.

— Кожны год мы прымаем удзел у раённых або абласных канферэнцыях, — далучаецца да размовы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Лукша. — Напрыклад, у гэтым годзе на абласной канферэнцыі работ даследчага характару “Эўрыка” з дзевяцікласнікам Ягорам Адахоўскім плануем прадставіць работу “Музей СМІ Браслаўшчыны як платформа для вывучэння і папулярызацыі культуры рэгіёна”. Матэрыял для даследчай часткі па гісторыі сродкаў масавай інфармацыі раёна актыўна збіраўся ў мінулым годзе, а ў аснове практычнай часткі — адкрыццё ў гімназіі месяц назад музейнага пакоя, дзе прадстаўлены друкаваныя выданні Браслаўшчыны, радыё і тэлебачанне, у тым ліку школьнае “ОКО ТВ”, якому 5 гадоў.

***

Тры экспазіцыі музейнага кутка “Масмедыя Браслаўшчыны: ад гісторыі да сучаснасці” расказва­юць пра друкаваныя выданні раёна, ролю радыё і тэлебачання. Сярод экспанатаў — першае мясцовае выданне рукапіснай “Браславской стенной газеты” 20-х гадоў, мясцовая газета “Звезда” — папярэдніца сучаснай “Браслаўскай звязды”, а таксама баявыя лісткі ваенных часоў “Смерть фашизму” і “Молодежь в борьбе”. Пра месца і ролю радыё і тэлебачання ў медыйнай прасторы раёна расказваюць стэнды “Гаво­рыць Браслаў” і “Браслаў у кадры”.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара