Раўняючыся на героя: як у Відамлянскай сярэдняй школе зберагаюць памяць пра Ф.П.Хахракова

- 16:22Імя школы як гордасць Бацькаўшчыны

Відамлянская сярэдняя школа імя Ф.П.Хахракова Камянецкага раёна прайшла доўгі шлях, перш чым атрымаць статус імянной. А пачыналася ўсё з пошукавай работы, разгорнутай яшчэ ў савецкі час. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сабраная інфармацыя лягла ў аснову музейнай экспазіцыі, якая расказвае пра по­дзвіг 19-гадовага Фёдара Хахракова пры вызваленні вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама знаёміць з імёнамі воінаў-землякоў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сярод экспанатаў вылучаецца схема баявога шляху 1071-га знішчальна-супраць­танкавага артылерыйскага палка, дзе малодшы лейтэнант Фёдар Хахракоў камандаваў адным з агнявых узводаў. Памяць пра ўраджэнца Пермскай вобласці беражліва захоўваюць педагогі і вучні з савецкага часу, калі ў школе былі арганізаваны піянерская дружына імя героя і пошукавы атрад, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ала Хартанюк.

Фёдара Хахракова прызвалі ў Чырвоную Армію ў 18-гадовым узросце. Пасля заканчэння Смаленскага артылерыйскага вучылішча малодшага лейтэнанта разам з таварышамі накіравалі ў Гомель, дзе вясной 1944 года размяшчаўся штаб 1-га Беларускага фронту. Тут іх размеркавалі па баявых часцях. Фёдар Хахракоў апынуўся ў 3-й батарэі, агнявая пазіцыя якой знахо­дзілася за 200 метраў ад перадавой.

У чэрвені 1944-га полк перакінулі пад Бабруйск для падтрымкі савецкіх войскаў. Ён павінен быў не дапусціць адыход гітлераўцаў уздоўж заходняга берага Бярэзіны на поўнач. У двухгадзінным баі каля вёскі Сычкава батарэя Фёдара Хахракова знішчыла больш за 400 фашыстаў, 7 цягачоў і аўтамашын, 2 бронетранспарцёры і самаходную гармату, а таксама ўзяла ў палон звыш 100 нямецкіх салдат і афіцэраў. Выключны гераізм паказалі артылерыйскія разлікі ўзвода Ф.П.Хахракова. Гэта было баявое хрышчэнне маладога афіцэра.

Тым часам паспяховае наступленне Чырвонай Арміі працягвалася. Асабліва вызначыўся малады афіцэр у баях падчас Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі. Найбольш значным і, на жаль, апошнім для Фёдара Хахракова стаў бой за Відамлю. 6 разоў вораг імкнуўся захапіць вёску і столькі ж, дзякуючы дапамозе артылерыстаў, адбіваліся контратакі праціўніка. Узвод знішчыў 4 танкі тыпу “Тыгр”, 6 кулямётаў і адну зенітную гармату фашыстаў. У разліках станавілася ўсё менш байцоў. У самыя цяжкія моманты да гарматы ішоў сам камандзір.

Аднапалчане Фёдара Хахракова ўспа­міналі: “21 ліпеня 1944 года на пазіцыі лейтэнанта Хахракова каля вёскі Відамля рушылі нямецкія танкі дывізіі СС. Артыле­рысты знішчылі некалькі варожых машын. Вакол ірваліся снарады. Скошаны асколкам упаў наводчык. Яго месца заняў зараджаючы. Знішчаны яшчэ адзін танк, але зараджаючы таксама паранены. Тады да гарматы стаў камандзір. Але не паспеў Фёдар узяцца за кольца панарамы, як асколак снарада ўпіўся яму ў грудзі. Хахракоў пахіснуўся, але баявы пост не пакінуў. Адпраўлены снарад трапіў яшчэ ў адну варожую машыну. Некалькі артылерыстаў, якімі камандаваў Хахракоў, аказаліся амаль акружаныя. Камандзір загадаў параненым адыходзіць праз невялікую лагчыну, а сам застаўся прыкрываць іх. І вось варожае кола злучылася. Калі аўтаматны дыск апусцеў, Фёдар дастаў пісталет. Гітлераўцы хацелі ўзяць лейтэнанта жывым, але ён выбраў смерць, пакінуўшы апошнюю кулю сабе…”

Мужнага афіцэра пахавалі на месцы бою ў Відамлі, а ў 1960 годзе яго прах перанеслі ў брацкую магілу ў скверы ў цэнтры Камянца. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 25 верасня 1944 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм малодшаму лейтэнанту Фёдару Хахракову пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Імем Фёдара Хахракова названы вуліцы ў Камянцы і Відамлі, а летась імя героя было прысвоена і мясцовай школе. Не забываюць пра земляка і на малой радзіме — у Пермскім краі Расіі, дзе ў вёсцы Югаўское яму ўсталяваны помнік.

Відамлянскія педагогі і вучні наладзілі кантакты з Калінінскай сярэдняй школай, у якой вучыўся будучы герой. Адтуль перадалі фотаальбом, прысвечаны жыццю і ўвекавечанню памяці Фёдара Хахракова на яго малой радзіме.

Атрыманыя матэрыялы істотна дапоўнілі музейную экспазіцыю, якая адыгрывае важную ролю ў патрыятычным выхаванні вучняў.

Са стэндаў на школьнікаў пазірае 19-гадовы малодшы лейтэнант, якому не давялося стварыць сям’ю і мець дзяцей, але ўдалося цаной уласнага жыцця пада­рыць магчымасць нарадзіць іх іншым пад мірным небам. Самаахвярны прыклад Фёдара Хахракова вучыць моладзь любіць Ра­дзіму і быць гатовым абараняць яе дзеля будучых пакаленняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара